Вячаслаў Дзіянаў у «Гарачым каментары»


Сёння ў Варшаве адбылася прэс-канферэнцыя грамадзянскай кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» (РПСС). Яе ўдзельнікі былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі пасля ціску з боку спецслужбаў.

«Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» ўскалыхнула сёлета беларускае грамадства цэлым шэрагам акцыяў пратэсту. Фармат дзеяння сеткавікі абралі больш вядомы за межамі краіны: мабілізацыя незадаволеных рэжымам праз інтэрнэт і падкрэслена мірны характар акцыяў. У выніку, па ўсёй краіне штосераду на вуліцы сваіх гарадоў улетку выходзілі дзясяткі, сотні і нават тысячы грамадзянаў, каб маўчаннем і апладысментамі выказаць сваю нязгоду з уладамі. Аднак патрабавання сваёй адстаўкі Аляксандр Лукашэнка беларусам не дараваў і гвалтам здушыў пратэсты. Штосераду сілавікі ў цывільным палявалі на мірных грамадзянаў – незалежна ад таго, пратэстовец перад імі або выпадковы мінак. Цэлы шэраг адміністратараў інтэрнэт-суполак заявіў пра ціск на іх з боку КДБ і спробы вербавання.

Арганізатар «сеткавай рэвалюцыі» падкрэслівае той факт, што завербаваныя маладыя людзі не толькі сачылі за ім, а дзеялі, як агенты спецслужбаў на тэрыторыі Польшчы.

«Мы не ведаем, колькі такіх дзейных агентаў, што збіраюць інфармацыю не толькі пра апазіцыю, але пра краіну, у якой мы знаходзяцца, у цэлым. Сёння яны збіраюць інфармацыю пра дачыненні польскага МЗС з беларусамі, а заўтра апетыты пачнуць расці», – кажа Дзіянаў.

Каардынатар РПСС заклікае апазіцыйныя сілы да больш шчыльнай супрацы, каб нават пры наяўнасці завербаваных чальцоў рухаў дзейнасць працягвалася.

«На сённяшні момант РПСС збірае каманду, каб больш якасна падрыхтавацца да будучых акцыяў. Калі яны будуць – праз два месяцы, праз паўгода або праз год, мы сказаць не можам, але каманда фармуецца», – падзяліўся планамі Дзіянаў.

belsat.eu

Стужка навінаў