Сяргей Сацук: Вынік кіравання Лукашэнкі – ліквідацыя кланаў


Сёння ў Беларусі застаўся толькі клан прэзідэнта.

Сяргей Сацук, які спецыялізуецца на журналісцкіх расследаваннях, падводзіць такі вынік канцэнтрацыі ўлады ў Беларусі ў адных руках: “Зараз ідзе ліквідацыя апошняга клану – у Камітэце дзяржкантролю. Думаю, яна завершыцца на пачатку 2011 г.”.

Апошні клан у эканамічнай сферы знішчылі летась на “Беларуськаліі”. Пры гэтым журналіст адзначае, што метады барацьбы змяняюцца: “У другой палове 1990-х гадоў барацьба з карупцыяй вялася шляхам фізічнага знішчэння. Мы памятаем, як знік Шчаўлік [Уладзімір Клешч, адзін з самых вядомых у Беларусі “злодзеяў у законе”], а потым шэраг палітычных апанентаў. На пачатку 2000-х гадоў барацьба вялася паводле прынцыпу “злодзей мусіць сядзець у турме, і не важна, якім шляхам яго пасадзяць”.

Сёння, паводле Сацука, адсотак кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія застаюцца за кратамі, значна зменшыўся.

Пра гэта ён распавёў у новай праграме тэлеканалу “Белсат” – “Перад выбарам”, прэм’ера якой адбылася ўчора а 21:40. Выданне было прысвечанае ўнутранай палітычнай сітуацыі ў Беларусі: структуры ўлады, яе падзелу, гэтак званаму прынцыпу моцнай рукі. Эксперты абмяркоўвалі, ці сапраўды канцэнтрацыя ўлады ў адных руках – панацэя ад карупцыі ды гарантыя годнага жыцця грамадзянаў.

Праграма “Перад выбарам” уяўляе сабою цыкл тэледыскусіяў з нагоды будучых прэзідэнцкіх выбараў. Мэта сустрэчаў – дапамагчы гледачам вызначыцца, за каго аддаць свой голас.

belsat.eu

Стужка навінаў