Класкоўскі: Падыгрыванне Лукашэнкі Пуціну – штучнае


“Ёсць надзея развесці Маскву “на бабкі”: наперадзе выбарчая кампанія, нават дзве”, – каментуе артыкул кіраўніка Беларусі ў газеце “Известия” палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Першы ў вядомай расейскай газеце надрукаваўся прэм’ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін. Ён выказаў ідэю аб стварэнні Еўразійскага саюзу. Аляксандр Лукашэнка доўга маўчаць не змог і выступіў са сваімі думкамі на гэтую ж тэму.

“Лукашэнка забраўся на тую ж трыбуну не толькі з-за жадання падыграць, але і каб паказаць, што ён – не меншы інтэгратар”, – лічыць Аляксандр Класкоўскі. Паводле яго, заявы ідэолагаў Еўразійскага саюзу аб тым, што новая структура не будзе супрацьвагай Еўразвязу, сведчаць якраз пра тое, што гэта – альтэрнатыўны праект. Аднак, працягвае эксперт, адзінай эканамічнай прасторы на тэрыторыі двух утварэнняў быць не можа: “…Еўразвяз – гэта альянс дэмакратыяў з рынкавай эканомікаю, а тут – “постсаўковыя” аўтарытарныя рэжымы, дзе эканоміка або алігархічная, або калгасная”.

Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што падыгрыванне Лукашэнкі Пуціну – штучнае, ад таго, што няма выйсця: “Ёсць надзея развесці Маскву “на бабкі”: наперадзе выбарчая кампанія, нават дзве. Магчыма, Расея на нейкі час стане шчодраю душою. Але ненадоўга, бо Пуцін заганяе ў штучнае стойла. Пра гэта сведчыць досвед гэтак званай братняй інтэграцыі: каса наткнецца на камень, і пачнуцца новыя канфлікты. Іншая рэч, што рэсурс супраціву ў беларускага рэжыму ўсё меншы”.

belsat.eu

Стужка навінаў