Аўторак 29 верасня стаў 52-м днём паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі. Belsat падводзіць вынікі дня.
Народная абранніца Святлана Ціханоўская заручылася падтрымкаю прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона. Сустрэча ў Літве адбылася 29 верасня.
Падчас сустрэчы ў Вільні прэзідэнт Францыі паабяцаў Святлане Ціханоўскай, што Францыя дапаможа ў перамовах па ўрэгуляванні палітычнага крызісу і вызваленні палітычных зняволеных у Беларусі. Макрон спадзяецца, што ў пытанні «перадачы ўлады» ў Беларусі паможа пасярэдніцтва АБСЕ.
Таксама стала вядома, што Святлана Ціханоўская на наступным тыдні сустрэнецца з Ангелай Меркель.
Міністэрства замежных справаў Беларусі пасля сустрэчы Ціханоўскай і Макрона ў Вільні заявіла пра ўвядзенне «сіметрычных абмежаванняў» у дачыненні да краінаў Балтыі.
Журналістку Алену Доўнар, затрыманую 26 верасня на «Жаночым маршы», арыштавалі на 15 содняў. На яе складалі два пратаколы: удзел у акцыі 26 верасня і непадпарадкаванне міліцыі. Суддзя Кастрычніцкага суду сталіцы Аляксандр Рудэнка даў дзяўчыне не толькі содні, але і штраф – 1350 рублёў.
У Гомлі пасля 15 дзён арышту не выпусцілі нашага калегу журналіста Яўгена Меркіса. Яму далі дадатковыя 12 содняў арышту, якія ён не адседзеў пасля затрымання ў жніўні, бо тады яго выпусцілі датэрмінова.
Пасля трох содняў на Акрэсціна на волю выйшла Марыя Грыц. Журналістку затрымалі падчас Жаночага маршу 26 верасня, склалі пратакол паводле 23.34 і пакінулі да суда на Акрэсціна. 28 верасня суд Завадскога раёну аштрафаваў Марыю на 540 рублёў (20 базавых велічыняў), аднак з ЦІП яе адразу не выпусцілі – міліцыя склала на журналістку новы пратакол і пакінула за кратамі. Пазней другую справу ўсё ж адправілі на дапрацоўку.
Справа, паводле якой судзілі жыхароў Маладзечна, даволі гучная. Падчас акцыі салідарнасці 19 чэрвеня супрацоўнікі АМАП жорстка хапалі людзей. Мінакі пачалі адбіваць затрыманых, распачалася бойка. У выніку адзін з сілавікоў выцягнуў пісталет, што трапіла на відэа. Мужчын пакаралі за тое, што яны спрабавалі адбіць аднаго з затрыманых.
Жонка Паўла Пяскова Вераніка распавяла, што муж збіраецца абскардзіць прысуд.
«Не магло такога быць, каб Павал нанёс нейкія пашкоджанні супрацоўніку, гэта не даказана. Супрацоўнік ужо ляжаў на зямлі, і ў яго толькі лёгкая драпіна калена і парваныя нагавіцы. Але калі Паша падышоў, каб яго падняць і вырашыць гэты канфлікт, супрацоўнік зваліўся ўжо ад дзеянняў другога чалавека, які цяпер у вышуку. Але ўсё роўна сказалі, што Павал вінаваты. І наагул дзіўна, што за драпіну на калене даюць тры гады калоніі. Яны б’юць людзей, гвалцяць, дык гэта добра. А тут за драпінкі тры гады».
Санкцыі датычаць не толькі Лукашэнкі, але ягонага сына Віктара і шэрагу набліжаных чыноўнікаў.
Пра гэта заявіў віцэ-міністр, кіраўнік Мінрэінтэграцыі Аляксей Рэзнікаў. Ён падкрэсліў, што на сёння не існуе альтэрнатывы Менскім дамоўленасцям, аднак «Менск не з’яўляецца пляцоўкай, якая вызначае, ці скончыцца вайна на Данбасе і ці будзе дэакупаваны Крым».
«Пасля таго, як Украіна афіцыйна не прызнала вынікі выбараў прэзідэнта ў Беларусі, ні ў які Менск я дакладна не паеду, нават калі пандэмія скончыцца. І я думаю, што іншыя чальцы ўкраінскай дэлегацыі дакладна не паедуць».
Чарговая сустрэча ў рэжыме відэаканферэнцыі запланаваная на 30 верасня.
70 працаўнікоў «Гродна Азот» напісалі заявы на звальненне на знак пратэсту супраць судоў і затрыманняў. Працаўнікі адзначаюць, што ў выпадку працягу рэпрэсіяў перададуць заявы кіраўніцтву.
Праз звальненне працаўнікоў, якія напісалі заявы, адбудзецца паралізаванне працы цэху «Аміяк-3», паколькі хутка знайсці спецыялістаў немагчыма.
Аб прыпыненні выпуску сеткавага выдання Tut.by з 1 кастрычніка гаворыцца ў загадзе міністра Ігара Луцкага за 29 верасня. Без статусу СМІ Tut.by будзе працаваць да 30 снежня.
Лідару руху «Краіна для жыцця» дадалі содні – ён атрымаў чарговыя два месяцы. Судовага пасяджэння ў пытанні зняволення не праводзілася, паведамляе тэлеграм-канал «Краіна для жыцця». Пасля сканчэння яшчэ двух месяцаў, то бок, роўна шасці месяцаў з моманту затрымання – Сяргея Ціханоўскага павінны будуць вызваліць або выставіць абвінавачанне.
Наталля Сняжкова, жыхарка Гомля распавяла рэсурсу «Сильные новости», што за ўдзел у акцыі 27 верасня затрымалі яе мужа і асудзілі за ўдзел у акцыі. Такі ж пратакол склалі і на яе.
Пазней у кватэру шматдзетнай сямʼі прыехалі міліцыянты з ператрусам. Стала вядома, што міліцыянты завялі крымінальную справу паводле артыкулу 363 частка 2 – супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення. Пакаранне паводле гэтага артыкулу прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў.
Пасля ператрусу жанчыну затрымалі. Яе дзяцей адвезлі ў сацыяльны цэнтр на Сельмаш. Апекуном можа быць старэйшы сын, які мае больш за 18 гадоў. Але ён беспрацоўны.