38-ы дзень пратэстаў. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі чарговага дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў.

Суды над журналістамі і пратэстоўцамі

Сёння ва ўсёй краіне судзілі журналістаў і пратэстоўцаў. Некаторых з іх выпускалі, аштрафаваўшы, некаторых адпраўлялі на содні.

Журналістам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Максіму Калітоўскаму далі штраф у памеры 50 базавых велічынь Br 1375 рублёў. Аналагічны прысуд і ў дачыненні Максіма Калітоўскага. Іх затрымалі ў суботу падчас стрыму з жаночага маршу. Каля 72 гадзінаў журналісты правялі за кратамі.

Журналісты «Белсату» выйшлі з ЦІП на Акресціна. Менск, Беларусь. 15 верасня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Гомельскім «белсатаўцам» пашанцавала меней. Марыне Драбышэўскай далі 10 дзён арышту, Андрэю Толчыну – 5 дзён (ён заўтра выходзіць на волю), а справу Яўгена Меркіса адправілі на дапрацоўванне да 17 верасня. На жаль, журналіст застаецца за кратамі.

Справы фотакарэспандэнтаў Аляксандра Васюковіча і Уладзіміра Грыдзіна таксама адправілі на дапрацоўванне.

Фатограф Аляксандр Васюковіч праз «Скайп» размаўляе з адвакатам. Менск, Беларусь. 15 верасня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu
Hавiны
Тысячы рублёў штрафаў, дзясяткаў дзён арышту. Вынікі сённяшніх судоў над «белсатаўцамі»
2020.09.15 17:03

Затрыманні

Ва ўсёй Беларусі адбываліся кропкавыя затрыманні. Бадай што найбольш гучным сталася затрыманне жыхара плошчы Перамен. У месцы ягонага жыхарства невядомыя людзі ў балаклавах правялі ператрус. Выявілася, што Сцяпан Латыпаў затрыманы ў межах крымінальнай справы. Гэта паведаміў ягоны адвакат. Ад паведамлення якіх-небудзь падрабязнасцяў ён устрымаўся.

У Гомлі быў затрыманы актывіст Алег Левянец, у Бабруйску – журналістка Ірына Купцэвіч. Імёны затрыманых сёння людзей можна прачытаць на старонцы «Вясны».

Непрызнанне выбараў

Сёння міністр замежных спраў Еўразвязу Жозэп Бурэль паведаміў, што Еўразвяз не прызнае вынікі выбараў у Беларусі. А значыць, Лукашэнка з’яўляецца нелегітымным кіраўніком краіны. ЕЗ працягвае абмяркоўваць санкцыі (іх плануюць увесці ўжо праз тыдзень), а таксама разглядае магчымасці замарозіць супрацу з беларускімі ўладамі.

Украінскі парламент таксама не прызнаў вынікі выбараў у Беларусі. Вярхоўная рада заклікае да правядзення новых сумленных выбараў.

Hавiны
Еўразвяз і Вярхоўная Рада Украіны не прызналі вынікаў беларускіх выбараў
2020.09.15 19:09

Тысячы паломнікаў на беларуска-ўкраінскай мяжы

Сёння больш за тысячу юдэяў хасідскага веравызнання не здолела патрапіць ва ўкраінскі горад Умань. Нагадаем, што з 28 жніўня Украіна закрыла свае межы на ўезд. Менавіта таму паломнікі з Ізраілю паехалі ў Беларусь. Наш бок мяжы яны прайшлі, а вось украінцы ўжо не пусцілі.

У выніку цяпер больш за тысячу людзей захраслі на мяжы ў Гомельскай і Берасцейскай абласцях. Беларускі бок запэўнівае, што гатовы ўсімі магчымымі спосабамі дапамагчы.

Сотні юдэяў захраслі на беларуска-ўкраінскай мяжы.
Фота: «ЧП Гомель»

Забаронены Гары Потэр

Высветлілася, што ў Беларусі ўраду не падабаюцца не толькі бел-чырвона-белыя стужкі, але нават і кнігі пра Гары Потэра. Выдавецтва «Янушкевіч» змусілі падрыхтаваць для Мытнага камітэту адмысловы ліст, у якім выдаўцы тлумачылі, што кніга «Гары Потэр і Таемная зала» не ўтрымлівае заклікаў да звяржэння канстытуцыйнага ладу.

 

КТ belsat.eu

Стужка навінаў