Belsat.eu падводзіць вынікі 37-га дня пратэстаў у Беларусі.
У шэрагу ВНУ студэнты традыцыйна зладзілі акцыі пратэсту і салідарнасці з затрыманымі. Разам з тым з самай раніцы ў вестыбюлях універсітэтаў з’явіліся міліцыянты. Гэтак у МДЛУ будынак і тэрыторыю ўніверсітэту будуць ахоўваць супрацоўнікі Дэпартаменту аховы МУС Партызанскага раёну Менску.
Каля 2-3 дзясяткаў студэнтаў і выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту транспарту (БелДУТ) сабраліся на вялікім перапынку перад Альма-матэр, каб выказаць салідарнасць са сваім выкладчыкам Яўгенам Малікавым (гісторык, краязнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства, грамадскі актывіст).
На знак падтрымання затрыманага ўчора аднаго медыка 9-й больніцы лекары зладзілі акцыю салідарнасці.
Вечарам традыцыйна адбылася акцыя каля Чырвонага касцёла. Жанчыны прыйшлі да касцёла ў белых масках з чырвонай паласой, у руках у іх былі белыя і чырвоныя лісты фармату А4. Удзельнікі акцыі зладзілі і хросны ход каля касцёлу.
Краіны Вышаградскай чацвёркі ўхвалілі своеасаблівы «план Маршала» для Беларусі. Яго могуць рэалізаваць у выпадку правядзення ў нашай краіне паўторных выбараў. План дапамогі падчас бліжэйшага саміту Еўразвязу прадставіць кіраўнік ураду Польшчы Матэвуш Маравецкі.
Мяркуецца стварэнне пэўнай «дарожнай мапы» захадаў ЕЗ, у межах якіх прадугледжваецца стварэнне стабілізацыйнага фонду, выкарыстанне шэрагу іншых фінансавых момантаў.
Лукашэнка і Пуцін сустракаліся ў Сочы. Пуцін адзначыў, што беларусы самыя, без падказак звонку, павінны разабрацца ў сітуацыі, якая склалася ў краіне. Дзеля вырашэння крызісу, паводле словаў Пуціна, у Беларусі варта распачаць рэформу Канстытуцыі. Расейскія сілавікі, рэзерв якіх цяпер знаходзіцца каля беларускай мяжы, будуць знятыя і іх адправяць у месца дыслакацыі.
Пры гэтым кіраўнік Крамля паабяцаў, што Расея выдзеліць Беларусі крэдыт у памеры $1,5 млрд. Праўда, гэтыя сродкі пойдуць на рэструктурызацыю ранейшых пазыкаў.
У Гомлі міліцыянты затрымалі журналістаў Марыну Драбышэўскую і Яўгена Меркіса. Верагодна, што цяпер яны знаходзяцца ў Чыгуначным РАУС.
У Марыі Калеснікавай у турме пагоршылася здароўе. Пачалася алергія. Але, паводле словаў яе адвакаткі, яна не губляе гумару і моцная духам.
Памежны камітэт патлумачыў, чаму Тадэвуша Кандрусевіча не прапусцілі ў Беларусь.
«Паведамляем, што Вы былі не прапушчаны праз дзяржаўную граніцу ў сувязі з прынятым органамі ўнутраных спраў рашэннем аб прызнанні пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь (пададзены нумар), які вам належыць, несапраўдным».
Тадэвуш Кандрусевіч звернецца ў МУС для высвятлення сітуацыі і спадзяецца на магчымасць хутчэйшага вяртання на Радзіму.
СК belsat.eu