Абяцалі на заводзе кватэру і залатыя горы, а ў выніку скарацілі, не далі дапрацаваць да пенсіі. Сваім досведам дзеліцца Міла Вікенцьеўна, якая амаль 40 гадоў адпрацавала на дзяржаву, а атрымала «дулю з макам».
Міла Вікенцьеўна Ракуць вельмі ганарылася, калі ўладкавалася працаваць на прадзільна-нітачны камбінат у Горадні. Гэта быў 1974 г. – час, калі ўсім працоўным людзям абяцалі не толькі шчаслівае жыццё пры сацыялізме, але і бясплатныя кватэры.
Аднак яшчэ зялёнай 19-гадовай Міле ды іншым дзяўчатам, якія пачыналі сваю першую працу на заводзе, наконт чаргі на кватэру сказалі так: «Дзевачкі, пра што вы кажаце, да 24 гадоў мы не ставім на чаргу. Выйдзеце замуж, тады і паставім». У 1980 г. спадарыня Міла выйшла замуж і нарадзіла дачушку. У чаргу на кватэру жанчыну, якая на той момант адпрацавала ўжо 12 гадоў, паставілі толькі ў 1988-м, за год да разбурэння мараў пра камуністычную справядлівасць.
«Некалькі гадоў мы прыходзілі ў прафкам, а яны нас выкідвалі, як недаедзеную садавіну. Ніхто ж не ведаў, як гэтая сістэма працавала. У 1995 годзе яны пачалі аб’ядноўваць кааператыўныя чэргі з дзяржаўнымі, і калі я ў чарзе была пятая, то стала трыццатая. Пачаліся пераскокі, давалі ў першую чаргу кааператывам або каму яны там давалі, мы не разумелі гэтага. І так працягвалася да 2002 года», – распавядае Міла.
У 2002 г. Мілу Вікенцьеўну, якая амаль 30 гадоў адпрацавала матальніцаю, скарацілі. Скарацілі тады шмат каго і з нейкіх не зразумелых прычынаў яшчэ два гады не вярталі справы на кватэру.
«Шмат каго тады пакрыўдзілі, не толькі мяне. Пасля звальнення чарга на кватэру была скасаваная аўтаматам. Але толькі праз два гады нас паклікалі ў прафкам. Нашыя дакументы валяліся на падлозе, і мы на карачках лазілі і шукалі свае справы. Сказалі: ідзіце ў гарвыканкам, а там што хочаце, тое і рабіце», – кажа жанчына.
Пасля гэтага Міла і яшчэ 15 сем’яў з такою самаю сітуацыяй пайшлі да тагачаснага кіраўніка гарвыканкаму, які толькі развёў рукамі. Усіх пацярпелых ізноў паставілі ў чаргу на жытло, толькі ўжо апошнімі.
Міла страціла нават магчымасць пабудаваць жытло ў крэдыт. З пенсіяй 200 рублёў банк мог прапанаваць крэдыт толькі каля 13 тыс. долараў на аплату першага ўнёску. Апошняю надзеяй засталося арэнднае жытло, якое Міле выдзелілі ў гарвыканкаме, аднак… з вялікімі пазыкамі і без лічыльнікаў.
«У выніку я пайшла ў гарвыканкам і аддала гэтыя ключы назад», – распавядае Міла Вікенцьеўна.
Кабета працягвае жыць у малым пакойчыку ў інтэрнаце на вул. Дамброўскага. Як і шмат якія гарадзенскія інтэрнаты, пабудаваныя ў 1970-х гг., будынак здрахлеў і ўжо даўно чакае рамонту. У яго памяшканнях і калідорах па сценах паўзе цвіль, цякуць старыя трубы, а звонку сыплецца тынк. На дадатак у сувязі з пераўтварэннем інтэрнату ў арэнднае жытло плату за яго значна павысілі, і ўзімку пенсіянерка вымушаная плаціць больш за 100 рублёў за камунальныя паслугі ў пакойчыку.
«Мне проста до болю крыўдна, і я хацела распавесці сваю гісторыю. Пражыўшы 45 гадоў у Горадні, адпрацаваўшы 36 гадоў, у мяне нічога не атрымалася. 18 гадоў чарга на фабрыцы і 13 гадоў у гарвыканкаме. 31 год у чарзе – і ў мяне няма нічога. Дуля з макам. Толькі што інтэрнат, дзе зімою з вокнаў свішча. І яшчэ на пенсіі выграбаюць грошы на гэтую арэнду», – дадае жанчына.
Паўліна Валіш, belsat.eu