Прэм'ер-міністр Беларусі распавёў сваё бачанне рэакцыі бізнесу на рэгуляванне коштаў


Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка лічыць, што буйны бізнес, вытворчасць і гандаль нібыта ўжо цалкам адаптаваліся пад рэгуляванне коштаў і спакойна працуюць. Дробныя прадпрымальнікі павольней адаптуюцца да сітуацыі, піша БелТА.

Раман Галоўчанка.
Фота: president.gov.by

Раман Галоўчанка падчас справаздачы Аляксандру Лукашэнку заявіў, што бізнес, вытворцы, гандаль практычна адаптаваліся, каб перабудаваць сваю працу. Цяпер, паводле меркавання прэмʼер-міністра, бізнес спакойна працуе. Чыноўнік таксама кажа, што многім цяжка змірыцца, што больш не атрымаецца накручваць на тавар па 100-200 %.

«Рэальны сектар эканомікі, у тым ліку прыватная вытворчасць, жыве з рэнтабельнасцю 7-10 % і лічыць гэта нармальнай, 15 % – гэта, як кажуць, за шчасце. Думаю, прадпрымальнікі, гандаль, вытворцы будуць узмоцнена працаваць над выдаткамі. Гэта вельмі важны складальнік фармавання сабекошту і адпаведна кошту», – падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Лукашэнка ў сваю чаргу запатрабаваў намер жорстка кантраляваць працу бізнесу.

«Мы не аднойчы падыходзілі да пытанняў працы вось гэтых так званых іпэшнікаў, якія возяць тавар і ў якіх няма нават накладных на гэты тавар. І тады мы дамаўляліся, што трэба дапамагчы індывідуальным прадпрымальнікам, якія займаюцца падобным гандлем, стварыць аптовыя пастаўкі прадукцыі ў Беларусь. Наўпрост у Беларусь. Каб яны не ездзілі па закутках Расеі, Турцыі або Кітаю. Ім там уцюхваюць гэты тавар без накладных. Незразумела па якіх коштах. Ды і сертыфікаты не заўсёды нармальныя«, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка загадаў чыноўнікам, каб яны стварылі магчымасці для працы бізнесоўцаў, але пры гэтым каб кантралявалі кошты.

Тым часам прадпрымальнікі ў Беларусі вымушана спыняюць працу, паколькі не разумеюць механізмаў і патрабаванняў. Эксперты лічаць, што рэгуляванне коштаў у доўгатэрміновай перспектыве можа прывесці да дэфіцыту і складанасцямі з пастаўкамі тавараў.

Hавiны
«Еўраопт» спыняе дастаўку ў рэгіёнах «на нявызначаны тэрмін»
2022.10.31 13:01

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў