Вучэнні АДКБ у Беларусі: што трэба ведаць і ці варта хвалявацца?


З 1 да 6 верасня ў Беларусі пройдуць вучэнні «Баявое братэрства – 2023». Гэта першыя вайсковы манеўры краінаў АДКБ на беларускай тэрыторыі пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Belsat.eu апавядае пра маштабы, кантэкст і значэнне гэтых вучэнняў, а таксама тлумачыць, ці могуць яны быць прадвеснікам эскалацыі.

У Берасці сустракаюць эшалон з вайсковым кантынгентам з Расеі.
Фота: Зміцер Бялецкі. Крыніца: modmilby / Telegram

«Баявое братэрства»: лакацыі, колькасць, легенда

У вучэннях «Баявое братэрства» возьмуць удзел вайскоўцы з пяці краінаў АДКБ: Беларусі, Расеі, Казахстану, Кыргызстану і Таджыкістану. Афіцыйна заявілі, што ў манеўрах будуць задзеяныя больш з 2500 жаўнераў і больш за 500 адзінак узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі. Яны будуць разгорнутыя на шасці палігонах: Абуз-Лясноўскі, Берасцейскі, Даманаўскі (Берасцейская вобласць), Гожскі, Чапялева (Гарадзенская вобласць) і Лясішча (Менская вобласць).

«Баявое братэрства – 2023» дзеліцца на шэраг спецыялізаваных вучэнняў. Галоўныя з іх – гэта вучэнні калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання АДКБ «Узаемадзеянне-2023», падчас якіх адпрацуюць супольныя дзеянні «дзеля ўрэгулявання крызіснай сітуацыі ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне». Паводле легенды, КСАР мусяць уступіць у бой з незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі, знішчыць іх і аднавіць памежны кантроль.

Акрамя таго, ладзяцца вучэнні «Пошук-2023» з сіламі выведкі, «Эшалон-2023» з удзелам сілаў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, а таксама «Бар’ер-2023» з падраздзяленнямі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны (яны будуць трэнавацца супольна супрацьстаяць біялагічным пагрозам).

Цікава, што «Бар’ер-2023» ініцыявала менавіта Беларусь – раней гэты кампанент у вучэннях АДКБ адсутнічаў. Чаму раптам беларускі бок зацікавіўся біялагічнаю пагрозаю, не тлумачыцца.

Hавiны
У Беларусь прыбыў першы эшалон расейскіх войскаў для ўдзелу ў вучэннях АДКБ
2023.08.19 16:01

У дадатак да гэтага ў Астравецкім раёне адбудуцца вучэнні ратавальных падраздзяленняў «Скала-2023». Іх тэмаю станецца ліквідацыя наступстваў магчымай аварыі на АЭС. Паводле легенды, «на першым блоку АЭС здарылася запраектаваная аварыя, у выніку чаго атрыманыя пашкоджанні шэрагу тэхналагічных сістэмаў і камунікацыяў ды адбылося забруджванне часткі тэрыторыі Астравецкага раёну».

Украіна не выключае правакацыяў

Вайсковыя вучэнні з удзелам Расеі заўсёды выклікаюць павышаную ўвагу, бо ўжо неаднойчы Крэмль выкарыстоўваў іх у якасці прыкрыцця для рыхтавання ўзброенай агрэсіі супраць суседзяў. Гэтак было і перад вайной у Грузіі ў 2008-м, і перад анексіяй Крыму ў 2014-м, і перад поўнамаштабным уварваннем ва Украіну ў 2022-м.

Ва Украіне і цяпер будуць сачыць за гэтымі манеўрамі з падазрэннем. Камандуючы Аб’яднаных сілаў ЗСУ Сяргей Наеў заявіў, што вучэнні АДКБ могуць быць выкарыстаныя Расеяй для «легітымізацыі вайсковай прысутнасці» ў Беларусі:

«Улічваючы, што Расея так і не дасягнула сваіх стратэгічных мэтаў, у будучыні не выключаны пошук новых нагодаў для аднаўлення актыўных дзеянняў з паўночнага кірунку. Таму арганізацыя правакацыяў і дыверсіяў на ўкраінска-беларускай мяжы не выключаецца».

Чаму эскалацыя малаімаверная

Аднак ёсць як мінімум некалькі прычынаў, якія ўказваюць на тое, што эскалацыі пад прыкрыццём вучэнняў АДКБ чакаць не варта.

Па-першае, акрамя Беларусі, ніводная з краінаў АДКБ не ёсць хаўруснікам Расеі ў вайне супраць Украіны і не падтрымлівае Масквы ў гэтым пытанні на міжнароднай арэне (трэнні з Расеі і Казахстану тут былі найбольш заўважныя). Таму вучэнні АДКБ апрыёры кепскае прыкрыццё для агрэсіўных дзеянняў Расеі – зашмат лішніх сведкаў.

Па-другое, няясна, навошта Расеі выдумляць нейкую «легітымізацыю вайсковай прысутнасці» ў Беларусі. Увосень 2022 года абвесцілі пра разгортванне ў Беларусі Рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ) Саюзнай дзяржавы, і гэтага рашэння ніхто дасюль не скасаваў. Дадатковых абгрунтаванняў Маскве не трэба. Ужо не кажучы пра тое, што тысячы вагнэраўцаў застаюцца ў Беларусі ўвогуле без якіх-небудзь зразумелых падставаў.

Па-трэцяе, паўстае галоўнае пытанне: ці ёсць у Расеі тыя сілы, якія можна перакінуць у Беларусь? Наеў сам кажа, што раней Расея вывела з Беларусі ўсе войскі, каб кінуць іх на купянскі кірунак. На фронце, на ўсходзе і поўдні Украіны, трываюць цяжкія баі, і блізкім часам наўрад ці з’явіцца магчымасць зняць адтуль нейкія фармаванні, каб ізноў скіраваць у Беларусь.

Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч наведаў штаб кіраўніцтва супольнага аператыўна-стратэгічнага вучэння «Баявое братэрства – 2023» і лагер, у якім базуецца кантынгент.
Фота: Аляксандр Палітаеў / «Ваяр». Крыніца: modmilby / Telegram

«Беларускі Гаюн» мяркуе, што Наеў памыляецца наконт вываду з Беларусі расейскіх войскаў: аўтары праекту сцвярджаюць, што прыблізна 2 тысячы расейскіх вайскоўцаў усё-ткі застаюцца ў нашай краіне і яшчэ каля 300 жаўнераў прыбудуць у межах вучэнняў АДКБ. Аднак гэтага ў любым выпадку не хопіць, каб стварыць Украіне праблемы на беларускай мяжы.

Ніякіх сведчанняў (ні беспасярэдніх, ні ўскосных) таго, што маштабнае перакідванне расейскіх войскаў у Беларусь можа неўзабаве адбыцца, проста не існуе.

Скасаванне «Захаду-2023» як сімптом

Верагодна, калі б Маскве было патрэбнае прыкрыццё для маштабнага перакідвання ў Беларусь сваіх падраздзяленняў, то значна больш зручна было б выкарыстаць для гэтага стратэгічныя беларуска-расейскія вучэнні «Захад-2023».

Манеўры «Захад» ладзяцца кожныя чатыры гады на тэрыторыі Беларусі і заходніх рэгіёнаў РФ. Традыцыйна яны больш масавыя, чымся любыя з супольных вучэнняў АДКБ. Пра намер правесці пазапланавыя манеўры «Захад-2023» міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў у снежні 2022 года. Меркавалася, што яны маюць адбыцца ў верасні. Аднак з мінулага года пра вучэнні «Захад-2023» у публічнай прасторы не было ніякай інфармацыі. Улічваючы, што да верасня засталося колькі дзён, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ніякага «Захаду-2023» у Беларусі, хутчэй за ўсё, не адбудзецца – інакш пра адпаведныя рыхтаванні ўжо было б вядома.

У Міністэрстве абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што Масква пастанавіла не праводзіць стратэгічных манеўраў якраз праз нястачу войскаў і тэхнікі.

АДКБ у крызісе, а Маскве патрэбная ілюзія адзінства

Выглядае на тое, што галоўная мэта «Баявога братэрства» і ўвогуле блоку АДКБ у цяперашняй сітуацыі – стварыць ілюзію, што ў Расеі ёсць верныя саюзнікі. Менавіта дзеля падтрымання гэтага прапагандысцкага наратыву Маскве трэба, каб вучэнні прайшлі спакойна і без скандалаў.

Вайсковы блок перажывае цяпер не найлепшы час, што відаць нават з складу ўдзельнікаў вучэнняў: у Беларусь не прыедуць вайскоўцы з Арменіі. Пасля таго як саюзнікі з АДКБ не падтрымалі Арменіі ў канфлікце з Азербайджанам у Нагорным Карабаху, афіцыйны Ерэван перастаў браць удзел у супольных манеўрах.

Hавiны
Сакратарыят АДКБ «з разуменнем» паставіўся да адмены Арменіяй супольных вучэнняў
2023.01.11 13:54

У траўні 2023 года прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян дапусціў, што краіна можа ўвогуле выйсці з АДКБ. Паказальна, што нават невайсковую частку вучэнняў («Скала-2023») армяне пастанавілі дэманстратыўна праігнараваць, фармальна – у звязку з «прафесійнаю загружанасцю работнікаў ратавальнай службы».

Летась у кастрычніку Кыргызстан скасаваў вучэнні міратворчых сілаў на сваёй тэрыторыі, бо незадоўга да гэтага ў краіны разгарэўся ўзброены памежны канфлікт з іншым чальцом АДКБ – Таджыкістанам. Канфлікт на мяжы быў прыпынены, цяпер вайскоўцы з Таджыкістану і Кыргызстану разам будуць браць удзел у вучэннях «Баявое братэрства». Але тая сітуацыя чарговы раз прадэманстравала, што арганізацыя – у перманентным крызісе. Нават Аляксандр Лукашэнка адкрыта крытыкуе цяперашні стан АДКБ.

Вайна Расеі супраць Украіны толькі паглыбляе крызіс, бо акрамя рэжыму Лукашэнкі ніхто з чальцоў арганізацыі не мае намеру канфліктаваць з усім светам дзеля імперскіх інтарэсаў Масквы. Калі Расея без узгаднення з астатнімі чальцамі АДКБ паспрабуе выкарыстаць «Баявое братэрства» ў якасці шырмы для новых агрэсіўных дзеянняў супраць Украіны, то гэта толькі паскорыць распад арганізацыі, якою Масква вельмі даражыць.

Hавiны
Лукашэнка раскрытыкаваў АДКБ. Чаго ён ад яе хоча
2023.06.20 15:26

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў