Фільм «ЧынЧыны праляцелі зязюляй» ужо на YouTube


Стваральнікі сатырычнага YouTube-шоу «ЧынЧынЧэнэл» знялі кароткаметражны фільм «ЧынЧыны праляцелі зязюляй», прэм’ера якога адбылася 31 жніўня на YouTube.

«Паводле сюжэту, які не саступае па інтрызе замежным аналагам, ганаровыя чальцы ЧынЧынЧэнэл Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч прыбываюць у Лядскую псіхіятрычную лякарню № 1, каб наведаць таямнічую пацыентку Алену ЖалудOk. І нішто не прадвяшчала нічога нечаканага, аднак далейшыя падзеі прымушаюць здзіўлена ўскінуць бровы нават дасведчанага кінамана», – гаворыцца ў апісанні фільму.

Рэжысёр-пастаноўшчык карціны – Андрэй Кашперскі, аўтарамі сцэнара выступілі Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй.

Акторскі склад: Міхаіл Зуй, Дзмітрый Есяневіч, Алена Зуй-Вайцяхоўская, Андрэй Каралевіч, Марыя Савушкіна, Андрэй Кашперскі і, як адзначаецца, упершыню на экранах – Алена ЖалудOk.

У фільме прэзентаваны новы кліп Алены ЖалудOk на песню «Лядская псіхіятрычная».

Скрыншот з фільму «ЧынЧыны праляцелі зязюляй». Крыніца: ЧинЧинЧенэл / YouTube

Паглядзець «ЧынЧыны праляцелі зязюляй» можна праз спасылку.

Акрамя таго, Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй сталі аўтарамі праектугалоўнай прэм’еры гэтага года – серыялу «Працэсы» вытворчасці тэлеканала «Белсат».

Падрабязнасці аб гэтым праекце з’явяцца ў панядзелак, 4 верасня. Сачыце за навінамі на сайце, у сацыяльных сетках і эфіры «Белсату».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў