Вярхоўны Суд не задаволіў скаргі Валерыі Касцюговай і пакінуў у сіле вырак 10 гадоў зняволення, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Неўзабаве экспертку этапуюць у гомельскую калонію.
Суддзя Вярхоўнага Суда Уладзімір Чаравач адхіліў скаргу Валерыі Касцюговай і пакінуў прысуд у сіле – 10 гадоў калоніі агульнага рэжыму. У пачатку жніўня яе этапуюць у Гомель.
Як кажуць родныя і сваякі спадарыні Валерыі, яна не спадзявалася на станоўчае рашэнне Вярхоўнага Суда, а скаргу падавала дзеля таго, каб прадэманстраваць сваю нязгоду з прысудам.
Пасля разгляду апеляцыі палітзняволеная мела кароткае спатканне з мужам.
Сёлета ў сакавіку суддзя Менскага гарадскога суда Дзіна Кучук прызначыла Касцюговай, а таксама Таццяне Кузінай па 10 гадоў калоніі. Іх абвінавацілі паводле некалькіх артыкулаў, у тым ліку заклікі да дзеянняў, што шкодзяць нацыянальнай бяспецы, і спрыянне захопу ўлады.
За што менавіта судзілі экспертак, невядома: працэс адбыўся ў закрытым рэжыме, а адвакаты абмежаваныя падпіскамі аб нераскрыцці.
Валерыя Касцюгова – заснавальніца і рэдактарка сайту экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка «Белорусского ежегодника» і кіраўніца групы экспертаў у справе маніторынгу «Беларусь у фокусе».
Таццяна Кузіна – сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання «Sympa», экспертка даследчага праекту БІПАРТ, магістарка паліталогіі.
Сяргей Крот belsat.eu