Адміністрацыя Баранавіцкага ўніверсітэту распрацавала алгарытм змагання з «экстрэмізмам»


Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт распачаў пільны маніторынг сацыяльных сетак не толькі студэнтаў, але і працаўнікоў гэтай ВНУ. «Белсат» атрымаў дакумент за подпісам рэктара і прарэктара ў выхаваўчай працы, дзе падрабязна распісаны алгарытм працы «дзеля выяўлення дэструктыўных з’яваў і супрацьпраўных паводзінаў сярод навучэнцаў і працаўнікоў» універсітэту.

Загад дзеля выяўлення «экстрэмізму» сярод студэнтаў і працаўнікоў БарДУ.
Фота: Белсат

Адміністрацыя Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэту пастанавіла далучыцца да пільнага выканання закону «аб супрацьдзеянні экстрэмізму». У сувязі з гэтым рэктар ВНУ падпісаў адпаведны загад, паводле якога працаўнікі ВНУ абавязаныя вывучыць рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх» каналаў і пасля гэтага манітараваць сацыяльныя сеткі, каб своечасова выяўляць «экстрэмізм».

Сярод студэнтаў 1–3 курсаў «экстрэмізм» будуць выяўляць куратары вучэбных групаў. Кожны месяц да 29-га чысла яны абавязаныя дасылаць справаздачу пра сваю «працу» выкладчыкам, якія адказваюць за выхаваўчую работу. Такія справаздачы будуць атрымліваць Наталля Апалосаўна Караёва, адказная за выхаваўчую працу факультэту педагогікі і псіхалогіі, Таццяна Сяргееўна Пятліцкая – прадстаўніца інжынернага факультэту, Вольга Іванаўна Кандраценя – лінгвістычны факультэт, Юлія Мікалаеўна Танана – факультэт эканомікі і права.

Куратары студэнтаў 4–5 курсаў ужо абавязаныя здаваць свае справаздачы ў аддзел выхаваўчай працы з моладдзю штотыдзень.

Загад дзеля выяўлення «экстрэмізму» сярод студэнтаў і працаўнікоў БарДУ.
Фота: Белсат
Загад дзеля выяўлення «экстрэмізму» сярод студэнтаў і працаўнікоў БарДУ.
Фота: Белсат

Прарэктар БарДУ – палкоўнік міліцыі?

Калі ж кантралёры заўважаць «экстрэмісцкую» інфармацыю, то яны абавязаныя неадкладна інфармаваць пра гэта прарэктара ўніверсітэту Уладзіміра Фёдаравіча Максімчыка. Цікава, што на старонцы БарДУ ў раздзеле інфармацыі пра прарэктараў самым таямнічым застаецца менавіта спадар Максімчык. На старонцы няма нават яго фотаздымка, кантактнага тэлефону, і не даецца абсалютна ніякай інфармацыі. Адметна, што ў афіцыйных мясцовых медыях фігуруе Уладзімір Фёдаравіч Максімчык, які займаў пасаду кіраўніка ГАУС Баранавічаў і ёсць палкоўнікам міліцыі. 

Прарэктар Уладзімір Максімчык, пра якога няма зусім ніякай інфармацыі. Фота: сайт БарДУ
Пра Уладзіміра Максімчыка няма ніякай інфармацыі.
Фота: сайт БарДУ

Менавіта гэты прарэктар таксама штомесяц абавязаны падаваць інфармацыю пра маніторынг адказнай асобе, якая замацаваная за ВНУ. У дакуменце не канкрэтызуюць, хто гэтая асоба. Галоўнай мэтай дзейнасці гэтай службовай асобы ёсць недапушчэнне несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

Таксама, паводле загаду рэктара, замацоўваецца і алгарытм працы кантралёраў дзеля выяўлення «дэструктыўных» з’яваў у сеціве сярод студэнтаў і працаўнікоў ВНУ.

Паводле гэтага дакументу, адказныя за маніторынг сацсетак студэнтаў і працаўнікоў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэту абавязаныя зарэгістравацца ў максімальнай колькасці сацыяльных сетак, у якіх бяруць удзел прадстаўнікі БарДУ, і выявіць сапраўдныя імёны карыстальнікаў, дзеля гэтага неабходна дадавацца да іх у сябры. Пасля гэтага кантралёры мусяць вывучыць, з кім студэнты маюць зносіны, у якія групы яны ўступілі. Маніторынг вядзецца не толькі каб выявіць прапаганду гвалту, наркатычнай тэматыкі, але і каб сачыць за «экстрэмісцкай інфармацыяй». І калі нехта з студэнтаў паставіць падабайкі на «дэструктыўных» форумах, то куратары абавязаныя інфармаваць пра тое адказных за выхаванне выкладчыкаў.

Адміністрацыя і студэнты БарДУ.
Фота: barsu.by

Новы рэктар БарДУ Аляксандр Унсовіч атрымаў пасаду ў 2021 годзе. На хвалі рэпрэсіяў супраць іншадумства Баранавіцкі ўніверсітэт часта згадваецца праваабаронцамі, якія паведамлялі пра арышты студэнтаў і выкладчыкаў проста пасярод заняткаў. Таксама новы рэктар пасля прызначэння заявіў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання, што ягоная задача – таксама вучыць моладзь збіраць інфармацыю ў інтэрнэце. І ягоныя словы не разыходзяцца з справамі.

Рэктар БарДУ Аляксандр Унсовіч.
Фота: barsu.by

На мінулым тыдні адміністрацыя БарДУ прымусіла студэнтаў навучальнай установы паглядзець дакументальны фільм «Забойная пасылка» і інтэрвʼю з Раманам Пратасевічам «На волю з чыстым сумленнем?». Пасля прагляду адбыўся «аналіз прагледжаных відэасюжэтаў». На размову з студэнтамі запрасілі міліцыянтаў, якія выступілі перад аўдыторыяй.

Hавiны
Студэнтаў БарДУ прымусілі глядзець фільм «Забойная пасылка» і інтэрв’ю з Пратасевічам
2023.05.25 14:51

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў