У Лондане здзейснены замах на вядоўцу незалежнага іранскага тэлеканалу


На 36-гадовага вядоўцу забароненага ў Іране незалежнага тэлеканалу «Iran International» Пурыю Зерааці напалі двое невядомых, калі ён выходзіў са свайго дому на поўдні Лондану. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

Вядоўца незалежнага тэлеканалу «Iran International» Пурыя Зерааці. Фота pouriazeraati / Instagram

Журналіст атрымаў шматлікія нажавыя раненні і быў шпіталізаваны. Яго стан ацэньваецца як стабільны.

Прадстаўнікі паліцыі Лондану паведамілі, што расследаванне гэтай справы вядуць спецыялісты па барацьбе з тэрарызмам. Пакуль ніхто не арыштаваны. Праваахоўныя органы заяўляюць, што не выключаюць ніякіх версіяў. У тым ліку ўлічваецца той факт, «што ў адрас гэтай групы журналістаў паступіў шэраг пагроз».

Незалежны тэлеканал «Iran International» базуецца ў Лондане. У 2022 годзе ён падрабязна асвятляў антыўрадавыя пратэсты ў Іране. Рэжым у Тэгеране абвесціў медыя тэрарыстычнай арганізацыяй.

Hавiны
У Іране прыняты закон, паводле якога жанчынам за непакрытую галаву пагражае 10 гадоў турмы
2023.09.21 15:17

Прадстаўнік тэлеканалу Адам Бэйлі паведаміў у інтэрв’ю Бі-Бі-Сі, што на адрас арганізацыі ўжо на працягу 18 месяцаў паступаюць сурʼёзныя пагрозы. Паводле яго, Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) пераследуе журналістаў, цісне на іх сем’і. Сваякоў выклікаюць на допыты і патрабуюць, каб журналісты спынілі супрацу з каналам. «У КВІР сказалі: «Мы прыйдзем за вамі», што яны ўвесь час паўтаралі», – растлумачыў Бэйлі.

Сіма Сабет, іншая вядоўца «Iran International» напісала ў сацсетцы X, што пасля нападу на Зерааці паліцыя рэкамендавала ёй часова пакінуць свой дом. Паводле яе слоў, летась КСІР спрабаваў забіць і яе, а таксама яе калегу.

У студзені МЗС Вялікай Брытаніі абвесціў пра санкцыі ў дачыненні да в/ч 840 КСІР, пасля таго як тэлеканал ITV паказаў расследаванне пра тое, што гэтае падраздзяленне рыхтавала замахі на двух вядоўцаў «Iran International».

У снежні 2023 года па іншай справе ў Брытаніі быў асуджаны на 3,5 гады Магамед-Хусэйн Даўтаеў, які сачыў за журналістамі «Iran International» у рамках падрыхтоўкі замаху на іх.

Агулам, паводле паліцыі Лондану, з пачатку 2022 года папярэджана 15 змоваў з мэтай выкрадання або забойства ў Вялікай Брытаніі асобаў, якіх іранскі рэжым успрымае як сваіх ворагаў.

Аб’ектыў
Лукашэнка зноў збліжаецца з Іранам
2023.10.17 21:41

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў