Штраф да 1200 рублёў. Што трэба памятаць пры зборы бярозавага соку


З надыходам вясны беларусы пачалі збіраць у лесе бярозавы сок. Магілёўскае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне на сваім сайце нагадала, як зрабіць гэта правільна, каб не атрымаць штраф.

Збор бярозавіку.
Фота: https://be.wikipedia.org/

Як расказалі ў лясгасе, самы прыдатны час для збору соку – з 10 да 18 гадзін, таму што раніцай і ноччу яго рух запавольваецца. Больш за ўсё бярозавага соку можна сабраць у сонечнае надворʼе, а ў пахмурны ці дажджлівы дзень яго колькасць памяншаецца ў два разы.

Адтуліны для нарыхтоўкі драўняных сокаў, у тым ліку і бярозавага, трэба свідраваць свердзелам. Максімальная колькасць падсочных адтулін вызначаюць у залежнасці ад дыяметра дрэва на вышыні 35 – 50 сантыметраў ад узроўню зямлі:

  • пры дыяметры 20 – 26 см – адна адтуліна,
  • пры дыяметры 27 – 34 см – два,
  • пры 35 – 40 см – тры,
  • пры дыяметры больш за 40 см – чатыры адтуліны.

Для сцёку бярозавага соку варта выкарыстоўваць жолаб, выраблены з нержавеючага металу. Пасля канчатка нарыхтоўкі драўнянага соку жолаб трэба зняць, а адтуліны зачыніць драўляным коркам і замазаць садовым варам або сумессю гліны з вапнай або жывіцай. Усё гэта робіцца для абароны драўніны і папярэджанні захворванняў дрэў.

Якія забароны пры зборы бярозавага соку

У магілёўскім лясгасе расказалі, што беларусам забаронена збіраць драўняныя сокі:

  • у населеных пунктах,
  • у дэндралагічных парках і батанічных садах,
  • у перададзеных пад ахову месцах рассялення дзікіх жывёлаў і вырастання дзікарослых раслін, якія аднесены да відаў,
  • уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі,
  • у межах зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў,
  • на тэрыторыі курортаў і арганізацый аховы здароўя,
  • у месцах масавага адпачынку насельніцтва.

Акрамя таго, нарыхтоўваць драўняныя сокі, у тым ліку бярозавы, нельга ва ўзбярэжных палосах водных абʼектаў і каля палос адводу чыгунак і аўтамабільных дарог, а таксама іншых транспартных шляхоў.

На тэрыторыі лесфонду нарыхтоўка (збор) драўняных сокаў дазваляецца на ўчастках лесу, якія вызначаны для гэтых мэт.

За парушэнне правілаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па артыкуле 16.19 КаАП Беларусі. Гэта накладанне штрафу:

  • на грамадзян – да 30 базавых велічынь (1200 беларускіх рублёў),
  • на індывідуальнага прадпрымальніка – да 100 базавых (4 тыс. рублёў),
  • на юрыдычную асобу – да 500 базавых (20 тыс. рублёў).

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў