Самы маштабны за 8 гадоў: Пуцін падпісаў указ аб вясновым прызыве для 150 тысяч чалавек


Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб вясновым прызыве расейцаў на тэрміновую службу. Адпаведны дакумент апублікаваны на афіцыйным інтэрнет-партале прававой інфармацыі ў нядзелю, 31 сакавіка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dmitry Feoktistov / TASS / Forum

Згодна з указам, па прызыве ў армію адправяцца маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў. Выключэнні складуць тыя, каму споўнілася 27 гадоў да канца 2023 года, а таксама грамадзяне ва ўзросце 28 і 29 гадоў, якія ўжо знаходзяцца ў запасе.

Усяго на тэрміновую службу плануецца прызваць 150 тысяч чалавек. Гэта найбольшая колькасць людзей за апошнія 8 гадоў. Падчас мінулай прызыўной кампаніі восенню 2023 года расейскія ўлады планавалі набраць 130 тысяч салдат для праходжання службы ў шэрагах ВС РФ.

Раней расейскія ўлады пастанавілі, што па новых правілах тэрміновую службу павінны праходзіць мужчыны ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, а не да 27, як гэта было раней. Першапачаткова планавалася падняць абедзве ўзроставыя планкі і пачаць прызываць у войска грамадзян не з 18 да 27 гадоў, а з 21 да 30. У выніку было прынята рашэнне падняць толькі верхнюю мяжу прызыўнога ўзросту.

У пятніцу, 29 сакавіка, Генштаб РФ паабяцаў, што салдат, якія праходзяць службу па прызыве, не будуць накіроўваць на акупаваныя тэрыторыі Украіны ці ў зону баявых дзеянняў. А тэрмін службы па-ранейшаму складзе 12 месяцаў.

Тым не менш, вядомыя факты, калі «тэрмінавікоў» накіроўвалі служыць у анэксаваны Крым, а таксама прымежныя з Украінай рэгіёны, у тым ліку Белгарадскую вобласць. Акрамя таго, расейскія СМІ шматкроць пісалі аб выпадках, калі салдат тэрміновай службы спрабавалі прымусіць падпісаць кантракт з Мінабароны РФ.

Па інфармацыі расейскага выдання «Вёрстка», у найбліжэйшай будучыні мінабароны Расеі збіраецца мабілізаваць 300 тысяч чалавек. Крыніцы выдання з Адміністрацыі расейскага прэзідэнта сцвярджаюць, што Пуцін рыхтуе новы наступ на Харкаў.

Hавiны
На вайне ва Украіне загінулі больш за 49 тысяч расейскіх вайскоўцаў
2024.03.29 20:02

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў