«З'явіліся расколіны ў верхніх швах корпуса рэактара». Літва патрабуе тэрмінова спыніць БелАЭС


Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс перадаў у беларускі МЗС ноту пратэсту ў сувязі з планамі Беларусі запускаць другі блок БелАЭС. Літва патрабуе вырашыць усе пытанні датычна станцыі, якія ўзніклі падчас міжнародных праверак і місіяў па ядравай бяспецы.

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі раён, Беларусь.
Фота: ВК / Белсат

Беларусь рыхтуецца да пуску другога энергаблоку АЭС і пры гэтым хавае ад грамадскасці інцыдэнты на АЭС і яе дэфекты, сцвярджае кіраўнік літоўскага МЗС.

«Таксама пагрозы прэзідэнта Расеі размясціць ядравую зброю ў Беларусі сведчаць аб безадказных паводзінах дыктатарскіх рэжымаў у дачыненні да ядравай энергіі і прадстаўляюць ядравую пагрозу для ўсяго рэгіёну», – кажа Габрыелюс Ландсбергіс.

МЗС Літвы падкрэслівае, што рашэнне Беларусі аб будаўніцтве АЭС усяго ў 40 кіламетрах ад сталіцы Літвы ад самага пачатку парушала міжнародныя патрабаванні ядравай і радыяцыйнай бяспекі і аховы наваколля і адначасова з’яўляецца несумяшчальным з прынцыпамі адкрытасці і празрыстасці.

Дыпламатычная ведамства суседняй краіны нагадвае пра справаздачу літоўскіх спецслужбаў, у якіх атрымалася даведацца пра тое, як Беларусь хавала інцыдэнты на БелАЭС у 2022 годзе і дэфекты ў сістэмах рэактараў.

«У траўні 2022 года сістэмы кантролю БелАЭС устанавілі, што з’явіліся расколіны ў верхніх швах корпусу рэактару першага блоку. Паводле ацэнкі спецыялістаў, якасна ліквідаваць дэфекты можна толькі зняўшы рэактар, але ў сілу палітычных прычынаў такі варыянт нават не разглядалі», – гаварылася ў дакладзе літоўскай выведкі.

Каментар
Расейскі фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі: БелАЭС найлепш было б закансерваваць
2023.03.20 07:00

Літва лічыць, што запуск другога энергаблоку давялося адкласці па тэхнічных прычынах, а верагоднасць выяўлення новых тэхнічных дэфектаў на станцыі застаецца высокай.

«Беларуская АЭС – гэта праект расейскай дзяржкампаніі «Росатам», які суправаджаецца неаднаразовымі здарэннямі, адключэннямі, адмовамі абсталявання і атмасферай непразрыстасці. Таму Літва працягне падымаць пытанне аб прымяненні санкцыяў да расейскай атамнай энергетыкі і дзяржаўнай манаполіі «Росатам», – заявіў міністр замежных справаў Літвы.

У красавіку 2023 года запланавана першае пробнае ўключэнне ў сетку другога энергаблоку БелАЭС. Цалкам другі энергаблок плануюць увесці ў прамысловую эксплуатацыю ў кастрычніку 2023 года.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў