Былога спецназаўца асудзілі да 15 гадоў калоніі за падрыў міліцэйскага аўтамабіля


45-гадовага менчука Максіма Селязнёва, які раней служыў у спецназе, суд прызнаў вінаватым у здзяйсненні акту тэрарызму, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна». Мужчыну пакаралі 15 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 200 базавых велічыняў.

Максім Селязнёў.
Фота: Новы Час

Падрыў машыны, за які судзілі Селязнёва, адбыўся ў ноч з 7 на 8 студзеня 2022 года недалёка ад Цэнтральнага РУУС г.Менску. Пра затрыманне 45-гадовага менчука, які акрамя падрыву аўтамабіля, нібыта меў дачыненне да пашкоджання «Табакеркі» і сметніцы на Старавіленскім тракце, паведамляў тады Следчы камітэт.

Гэтым менчуком аказаўся Максім Селязнёў. Суддзя суду Цэнтральнага раёну г.Менску Дзмітрый Карсюк прызнаў мужчыну вінаватым у здзяйсненні «акту тэрарызму ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва і дэстабілізацыі грамадскага парадку».

Таксама па гэтай справе да трох месяцаў арышту за «неданясенне аб злачынстве» асудзілі Дзмітрыя Марцінкевіча.

Максім Селязнёў, па словах ягоных знаёмых, праходзіў тэрміновую службу ў адной з менскіх частак спецназу. Працаваў ахоўнікам, пасля будаўніком, потым адкрыў ІП па ўсталяванні помнікаў на могілках.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў