СССР – 100 гадоў. Чаму яго распад быў прадвызначаны і што канчаткова даб’е постсавецкую прастору?


30 снежня спаўняецца роўна 100 гадоў з моманту, калі ўтварыўся Савецкі Саюз. І хоць ён даўно перастаў існаваць, да сёння існуюць асобы, якія сумуюць па ім, і нават тыя, хто развязвае дзеля яго аднаўлення сапраўдныя войны. Што ўяўляў з сябе СССР і чаму яму быў накаваны развал? Карэспандэнты «Белсату» разбіраліся разам з гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына надзявае мужчыне нарукаўную павязку з надпісам «СССР» падчас святкавання Дня Перамогі ў Сафіі, Балгарыя. 9 траўня 2022 года.
Фота: Spasiyana Sergieva / Reuters / Forum

Дамову пра ўтварэнне Савецкага Саюзу падпісалі 30 снежня 1922 года кіраўнікі Беларускай, Закаўказскай, Расейскай і Украінскай Савецкіх Рэспублік. Але ў снежні 1991-га СССР спыніў сваё існаванне, што, на думку дзейнага прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, было «найбуйнейшаю геапалітычнаю катастрофаю».

Тым не менш, гісторык Аляксандр Пашкевіч мяркуе, што геапалітычная катастрофа – гэта «ўсталяванне на большай частцы тэрыторыі былой Расейскай імперыі савецкай улады і пачатак, як аказалася, вельмі крывавага і бязлітаснага сацыяльнага эксперыменту, які ўрэшце прывёў у тупік».

Але, дадае гісторык, у сітуацыі, калі бальшавікі ўжо перамаглі ў грамадзянскай вайне, а свет змірыўся з гэтым, федэратыўная форма, у якой ствараўся СССР і дзе Расея «была толькі адной з рэспублік, фармальна роўнаю з іншымі», была «зусім някепская, ледзь не ідэальная, якая магла быць з пункту гледжання нашых нацыянальных інтарэсаў у тых умовах». У выніку Беларусь набыла «квазідзяржаўнае ўладкаванне», якое, нягледзячы на сваю бутафорыю, у 1990-ыя гады «напоўнілася рэальным зместам».

«Альтэрнатывы гэтаму – рэальныя, а не ілюзорныя – былі горшыя», – падкрэсліў Аляксандр Пашкевіч.

Пры гэтым адмысловец адпрэчыў пашыранае ў Расеі меркаванне пра тое, што менавіта СССР з Леніным на чале стварыў Беларусь, Украіну ды іншыя рэспублікі. Бальшавікі разумелі, што здушыць нацыянальныя рухі «з ходу не ўдасца, а таму прагматычна вырашылі паставіць іх сабе на службу». У выніку «нацыянальныя пачуцці прадстаўнікам нярускіх народаў дазвалялася захоўваць, падтрымліваць і ўзмацняць, але толькі скіроўваючы іх у пэўнае, цалкам лаяльнае і пажаданае бальшавікам рэчышча». І гэта, асабліва на раннім этапе, стрымлівала цэнтрабежныя сілы.

Развіццё завялікім коштам

СССР на сваёй тэрыторыі актыўна развіваў прамысловасць, праводзіў электрыфікацыю і нават першым запусціў у космас чалавека. Але, падкрэсліў Аляксандр Пашкевіч, цана, якая была за гэта заплачаная, «непамерна высокая».

«За тое, каб камуністычная партыя і савецкая дзяржава мелі гэтыя дасягненні, былі літаральна зламаныя жыцці сотняў мільёнаў людзей. Каб мець грошы на рэкордную па тэмпах індустрыялізацыю, бальшавікі правялі калектывізацыю, фактычна абрабаваўшы вёску і вярнуўшы ў яе адмененае ў ХІХ стагоддзі прыгоннае права. Мільёны людзей прайшлі праз ГУЛАГ, многія загінулі», – адзначыў гісторык.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: JB Russell / Panos Pictures / Panos Pictures / Forum

І нават пасля смерці Сталіна, «калі найбольш цёмныя і нялюдскія часы скончыліся, народ да канца савецкай улады заставаўся ў жабрацтве», бо «ўсё адно большая частка немалога ВУП ішла не на карысць людзям, а на падтрыманне ненажэрнай, жудасна неэфектыўнай сістэмы і задавальненне яе непамерных геапалітычных амбіцыяў».

«Урэшце яна гэтай напругі і не вытрымала», – дадаў суразмоўца.

Пры гэтым гісторык падкрэсліў, што «заходні свет ва ўмовах капіталізму і рынкавай эканомікі развіваўся куды больш дынамічна, чым СССР, і людзям там было жыць відавочна куды больш заможна, камфортна і бяспечна, чым пры камунізме з яго планавай эканомікай». І хоць «СССР мог пры вялікім напружанні сіл часам нязначна апярэдзіць Захад у развіцці нейкіх тэхналогіяў накшталт асваення космасу, але звычайным людзям ад гэтага мала што перападала».

«Спробы савецкай і постсавецкай прапаганды давесці, што тагачаснае савецкае існаванне нібыта мела нейкія перавагі калі не ў агульным узроўні жыцця, то ў асаблівай «маральнасці» і «духоўнасці», аналагічныя таму, як сёння пуцінскі і лукашэнкаўскі рэжымы спрабуюць цынічна і крывадушна прадставіць сябе як адзіныя выспы «нармальнасці» ў «звар’яцелым» свеце», – сказаў Аляксандр Пашкевіч, дадаўшы, што ва ўмовах большай закрытасці і цэнзуры «ў людзей было куды менш магчымасцяў праверыць хлуслівасць гэтых сцвярджэнняў на ўласным досведзе».

Адначасова з гэтым СССР даваў «асноўнай масе насельніцтва, не вельмі патрабавальнай у побытавым сэнсе і стомленай ад пастаянных узрушэнняў з рэвалюцыямі, войнамі, сацыяльнымі катаклізмамі», стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Жыццё чалавека была распісанае ад нараджэння да смерці: «усё спланавана, праца гарантаваная і нават абавязковая, заробкі і цэны стабільныя ды не мяняюцца гадамі, ёсць нейкія сацыяльныя гарантыі». Былі і сацыяльныя ліфты для тых, хто меў «пэўныя здольнасці ды амбіцыі», «пры адной, аднак, абавязковай умове – вернасць і лаяльнасць сістэме, прыняцце наяўных правілаў гульні».

Але адначасова СССР забіраў у людзей свабоду. І не толькі ў выглядзе палітычнага плюралізму: «чалавек фактычна не меў магчымасці пайсці ў вольнае плаванне, пачаць свой бізнес, тварыць па-за межамі дзяржаўных творчых саюзаў, выдаваць нешта не ў дзяржаўных выдавецтвах».

Хто вінаваты ў развале

Прыхільнікі СССР часта вінавацяць у яго развале «падступны» Захад, але, як адзначыў Аляксандр Пашкевіч, «крах камуністычнай сістэмы быў прадвызначаны яе відавочнаю неэфектыўнасцю і неадпаведнасцю перадусім эканамічнага, як тады следам за Марксам казалі, базісу натуральным законам рынку». Паводле яго, «камандна-адміністрацыйная сістэма, як і аўтарытарная мадэль кіравання могуць прыносіць некаторыя дасягненні на пэўных кароткачасовых этапах, але ў доўгатэрміновай перспектыве канкурэнцыю яны прайграюць». Дадаткова па СССР ударылі падзенне сусветных коштаў на нафту, «непамерна высокія выдаткі на вайскова-прамысловы комплекс і забеспячэнне экспарту сацыялізму ўва ўсім свеце» дый падзенне папулярнасці самой камуністычнай ідэі.

«Захад, вядома, нямала паспрыяў таму, што ў 1980-ыя савецкая эканоміка перастала атрымліваць звышдаходы ад экспарту сыравінных рэсурсаў і адпаведна трапіла ў смяротны крызіс. Але тое, што сістэма была так збудаваная, вінаваты не Захад, а самі савецкія кіраўнікі», – падкрэсліў гісторык.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: JB Russell / Panos Pictures / Panos Pictures / Forum

А вось пераважна мірны сцэнар распаду Саюзу ўдалося зрэалізаваць дзякуючы асобам, «якія ў той час трымалі ўладу ў Крамлі: яны аказаліся асабіста не крыважэрнымі, а неабмежаваная ўлада любою цаною не была ўсім сэнсам іхнага існавання».

Але дасюль, нават праз 31 год пасля распаду ідэя СССР працягвае заставацца прывабнаю для вялікай колькасці людзей. Аляксандр Пашкевіч бачыць прычыны гэтага ў тым, што людзям, з аднаго боку, «уласціва настальгаваць па сваёй маладосці, ідэалізаваць яе», а з другога – у недасканаласці сучаснай сістэмы і несправядлівасці, з якою могуць сутыкацца цяпер. Аднак, падкрэсліў гісторык, ёсць і больш сур’ёзная прычына: у СССР людзі прызвычаіліся жыць «небагата, але стабільна і гарантавана, жыццё зразумелае і распісанае на дзесяцігоддзі». А калі гэта ўсё неспадзявана рухнула, «многія былі проста не прыстасаваныя да новых рэаліяў».

«Крах камуністычнай сістэмы даў людзям свабоду і магчымасці, але многія да свабоды былі маральна не гатовыя, а магчымасці скарыстаць няздольныя. Постсавецкая рэчаіснасць сталася для такіх літаральна барацьбою за існаванне. У савецкай сістэме ім было куды прасцей, таму яны яе дасюль і аплакваюць», – адзначыў суразмоўца.

Менавіта на савецкай практыцы, «калі ўсё за цябе вырашае дзяржава», да 2020 года трымаўся рэжым Лукашэнкі. У Расеі ж да ўсяго гэтага дадаецца яшчэ і «ўласцівая мясцовым людзям імперская свядомасць» і жаданне вярнуць «страчаныя» тэрыторыі, дадаў гісторык.

Беларусь як Чарнагорыя

Тым не менш, спробы Пуціна аднавіць Савецкі Саюз «непазбежна скончацца яго канчатковым распадам», упэўнены Аляксандр Пашкевіч. Гісторык нагадаў, што нават пасля развалу СССР Масква заставалася цэнтрам шмат якіх інтэграцыйных аб’яднанняў на постсавецкай прасторы, тут працягвала дамінаваць расейская мова, культура, асабліва ў сферы так званага маскульту:

«І на гэтым можна было б ехаць яшчэ вельмі доўга, як мінімум дзясяткі гадоў. Але Пуцін сваімі ваеннымі авантурамі спачатку нанёс па гэтым постсавецкім адзінстве магутныя ўдары, а развязаная поўнамаштабная вайна ва Украіне, найверагодней, нанясе і смяротны».

На думку адмыслоўца, і Беларусь, якая «была і самая саветызаваная рэспубліка, і найбольш русіфікаваная постсавецкая дзяржава», далучыцца да агульнага працэсу распаду постсавецкай прасторы і «русского мира», «і, можа, нават не будзе ў яго ар’егардзе».

«Прычына гэтага будзе ў зробленай Масквою стаўцы на надзвычай непапулярнага ў грамадстве Лукашэнку і праз гэта ўцягванне Беларусі ў расейскія авантуры. Што змушае апанентаў усяго гэтага да пераходу на антырасейскія пазіцыі – паступовага, не заўсёды заўважнага няўзброеным вокам, але няўхільнага. І працэс гэты яўна будзе пашырацца і паглыбляцца», – адзначыў Аляксандр Пашкевіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Jonas Bendiksen / Magnum Photos / Forum

Пры гэтым гісторык параўнаў Беларусь з Чарнагорыяй, якая была найбольш прасербскаю рэспублікай у складзе былой Югаславіі ды прайшла «з ёю бок пры боку ўсе крывавыя 1990-ыя»:

«Але калі выявілася, што ўсяму гэтаму няма канца-краю і ад саюзу з Сербіяй адныя толькі праблемы, то яе эліты ўрэшце таксама ўзялі курс на незалежнасць і паспяхова яго рэалізавалі, здабыўшы падтрымку народу. Прытым гэта зрабілі фактычна тыя самыя людзі, якія дагэтуль мелі з Бялградам і Слабоданам Мілошэвічам цесныя стасункі. Вось нешта і ў нас адбываецца цяпер падобнае, хоць і паводле ўласных схемаў ды з нацыянальнымі нюансамі».

Паводле Аляксандра Пашкевіча, адкол Беларусі ад Расеі ў выніку можа канчаткова спыніць існаванне постсавецкай прасторы. Як аддзяленне Чарнагорыі паклала канец Югаславіі.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў