Як менскі рэстаранны бізнес звязаны са спортклубам, якім кіруе сярэдні сын Лукашэнкі


Беларускі расследавальніцкі цэнтр у сваім новым матэрыяле прыводзіць факты сувязяў сталічнага рэстараннага бізнесу і некаторых яго ўладальнікаў з так званым «Прэзідэнцкім спартовым клубам», якім кіруе сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі – Дзмітрый.

Рэстаран «Fabriq».
Фота: fabriq-restaurant.business.site

Журналісты-расследавальнікі звяртаюць увагу на знакавых персонаў гэтага бізнесу і прыводзяць факты таго, як блізкасць да Дзмітрыя Лукашэнкі дапамагае ім паспяхова развіваць сваю справу.

Усяго журналісты выявілі 16 установаў харчавання, так ці іначай звязаных з асобамі, прадстаўленымі ў расследаванні або іхнымі сваякамі.

Адным з галоўных герояў расследвання стала асоба мужа Таццяны Кулаковай – роднай сястры жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі. Так, Уладзімір Кулакоў з’яўляецца кіраўніком «Клубу тэніса», які ўваходзіць у структуру «Прэзідэнцкага спартовага клубу», ён жа пры гэтым з’яўляецца і саўладальнікам сталічнага рэстарана «Fabriq».

Яшчэ дзве асобы, непасрэдна звязаныя з «Клубам тэнісу», – гэта Іван Малько і Ілья Рыбакоў. Так, Малько быў кіраўніком клубу да моманту, калі яму на змену прыйшоў Уладзімір Кулакоў, а Ілья Рыбакоў валодаў доляй у клубе ў 49 %.

Малько і Рыбакоў пачыналі займацца бізнесам з 2000-х гадоў. А першы свой бізнес бізнес у галіне харчавання разам з Ігарам Лахвічам заснавалі яшчэ ў 2005 годзе.

Пачынаючы з 2010 года развіццё рэстараннага бізнесу Малько і Рыбакова паскорылася. Цягам 10 гадоў яны сталі саўладальнікамі часткова або адзінаасобна больш як дзясятка ўстановаў – сярод іх «Grand Cafe», «News Cafe«, эспрэса-бар «Россо», клуб «Blondes and Brunettes» (зараз зачынены).

Расследавальнікі сцвярджаюць, што паспрыяў развіццю справаў Малько і Рыбакова бізнесмен ліванскага паходжання Рамэа Абдо (некаторыя СМІ падазраюць яго ў сувязях з кашалькамі Лукашэнкі – Аляксандрам Шакуціным і Мікалаем Вараб’ём).

Як сцвярджаюць журналісты-расследавальнікі, зараз Малько разам з сям’ёй жыве ў Іспаніі, але працягвае весці справы ў Беларусі, аформіўшы найбуйнейшыя актывы на жонку і дачку.

Жонцы бізнэсмэна ў розных долях і праз розныя кампаніі належаць «Café de Paris», «Michel café», рэстаран «Балкон» і «Milano Café». Дачцэ – сетка французскіх кафэ-пякарняў «Paul». За самім Іванам Малько застаецца доля ў 3,1% у ТАА «Палівектар», якому раней належаў рэстаран «Рэнесанс» на вуліцы Інтэрнацыянальнай.

Таксама Беларускі расследавальніцкі цэнтр прыводзіць прыклад кампаніі «Подыум Стар», якая валодае рэстаранам «Fabriq», (знаходзіцца ў Менску па адрасе: пр. Пераможцаў, 1). Саўладальнікі рэстарана – сям’я бізнесмена Анатоля Садоўскага, якія не былі звязаныя з «Прэзідэнцкім спартовым клубам», але ў 2015 годзе ўладальнікам долі ў «Подыум Стар» стаў той самы Уладзімір Кулакоў, а праз чатыры гады ён прывёў у «Fabriq» сваю сястру Ганну Кулакову.

Таксама журналістам стала вядома, што Садоўскія плацілі за арэнду плошчаў для рэстарана нашмат меншую цану ў параўнанні з рынкавай (будынак, які займае «Fabriq», належыць ААТ «Цэнтр Моды»).

Пасля таго, як Садоўскія пачалі працаваць з Уладзімірам Кулаковым, новыя кампаніі і рэстараны адкрываліся амаль штогадова.

Журналісты адзначаюць, што, акрамя ўсяго іншага, сувязі з так званым «Прэзідэнцкім спартовым клубам» даюць такі прывілей, як стабільнасць. Бо, паводле словаў адной з крыніц, у цэнтры горада, дзе адкрывалі свае рэстараны набліжаныя да «Прэзідэнцкага спартовага клубу», дагавор арэнды, як правіла, заключаецца не больш чым на пяць гадоў. І праз пяць гадоў, «калі ў цябе няма нейкага добрага даху, цябе проста адтуль выганяюць».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў