Мінула два гады ад затрымання журналісткі Ірыны Слаўнікавай


Палітзняволеная журналістка польскай тэлекампаніі TVP Ірына Слаўнікава ўжо два гады знаходзіцца ў зняволенні. Яе затрымалі 30 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце адразу пасля адпачынку. Разам з ёй быў затрыманы муж Аляксандр Лойка, які цяпер знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Ён распавёў радыё «Свабодзе» апошнія звесткі пра знаходжанне Ірыны ў калоніі.

Ірына Слаўнікава.
Фота: асабісты архіў

«Працуе на «швейцы», а гэта даволі цяжкая, напружаная праца. Стамляецца. У дзве змены працуе. Бывае, што і па суботах. У дадатак да гэтага яе рэгулярна ставяць на дзяжурствы: то «кубрык» [жылы пакой у калоніі] даводзіцца прыбіраць, то адпраўляюць працаваць на кухню і ад гэтага вольнага часу бракуе. Нават, каб напісаць ліст, не хапае часу. Бывае, што пачынае ліст у адзін дзень, а дапісвае ў іншы і выбачаецца, што не ўдалося закончыць адразу», – расказаў муж зняволенай журналісткі.

Паводле яго, здароўе журналісткі ў зняволенні пагоршылася.

«Акрамя таго, што пагоршыўся зрок і мусіла заказаць новыя акуляры, дык адбіваецца ранейшая хвароба. Ёй патрэбна добрая тэрапія. Сваякі, што могуць, робяць, перадаюць ёй лекі. Добра, што лекі прымаюць. А пра астатняе… Будзем спадзявацца на лепшае. Яна мае магчымасць купляць прадукты ў краме, перадачы атрымлівае. З гэтым усё добра, не скардзіцца», – кажа Аляксандр.

На волі падчас адпачынку Ірына Слаўнікава займалася дайвінгам. Аднак ці атрымліваецца ў палітзняволенай займацца спортам у калоніі – муж не ведае. «Паведамляла, што спрабавала там займацца ёгай, але не пайшла справа. Магчыма, няма ўмоваў», – мяркуе ён.

Таксама Аляксандр Лойка падзяліўся думкамі жонкі пра будучае жыццё на волі:

«Вядома, як усе зняволеныя, яна марыць пра тое, каб вызваліцца раней. А чым непасрэдна будзе займацца на волі, мы пакуль не абмяркоўвалі: спаткання ж не было. За два гады ў нас было толькі тры відэазванкі, і тыя кароткія. Апошні званок быў усяго цягам хвіліны. Ведаю, што яна вельмі разгубілася з гэтай прычыны. Затое за два гады маем ад яе каля 300 лістоў! Дакладна ведаю, што марыць падарожнічаць, як выйдзе на волю. Яна ж вельмі любіць вандраваць. Дзякуючы ёй мы пабывалі ў шмат якіх краінах, у далёкіх кутках свету. Ірына выдатна ўмее арганізаваць такія падарожжы – яна калісьці працавала і бухгалтарам, можа наперад добра пралічыць выдаткі, усё прадугледзіць. Але галоўная мэта ў яе цяпер нават не гэта, а каб захаваць у сабе чалавека. Марыць выйсці на волю нармальнай жанчынай, чалавечнай, добрай. Не стаць ад гэтых выпрабаванняў, якія зведала, іншай, жорсткай».

Нагадаем: два гады таму, 30 кастрычніка 2021 года, у менскім аэрапорце затрымалі былую журналістку польскай тэлекампаніі TVP Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку, якія вярталіся з адпачынку ў Егіпце. Праз 9 месяцаў Гомельскі абласны суд асудзіў Ірыну на 5 гадоў зняволення, прызнаўшы яе вінаватай ва ўдзеле ў масавых пратэстах паводле 342-га артыкулу КК («Дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання (361-ы артыкул КК). Суд над журналісткай праходзіў у закрытым рэжыме. На судзе Ірына не прызнала віны і ў калоніі не пісала прашэння аб памілаванні.

Адбывае пакаранне Ірына Слаўнікава ў жаночай калоніі №4 у Гомлі.  Яе тэрмін заканчваецца ўвесну 2026 году.

Hавiны
Муж асуджанай журналісткі Ірыны Слаўнікавай звярнуўся да дэмакратычных сілаў
2022.12.07 14:26

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў