«Сёння я пабачыў пекла». Ад расейскай бомбы ў Дняпры загінула сям'я


У выніку расейскага абстрэлу Дняпра ў сераду ўначы загінула сям’я: жанчына, двое ейных дзяцей і іхная бабуля. Калі на месца прыехалі ратавальнікі, на развалінах дому сядзеў і скуголіў сабака. Гэтай гісторыяй у сваім Telegram-канале падзяліўся мэр Дняпра Барыс Філатаў.

Жанчына з дзецьмі пераехала ў гэты дом да сваёй маці, ратуючыся ад бомбаў. Яны лічылі, што там больш бяспечна.

«У іхны дом прыляцела расейская ракета. Людзі літаральна выпарыліся. Бабуля Ала, маці Наталля, дачка Васіліса і хлопчык Іван. І маленькі сабачка Джэк. Я буду сумленны да канца. Некаторыя не проста выпарыліся, іх знайшлі ў суседзяў на дахах. На суседніх вуліцах. Сёння я пабачыў пекла знутры», – напісаў Барыс Філатаў.

Калі прыехалі ратавальнікі, на развалінах сядзеў стары сабака Крым. Гадаванец уратаваўся цудам, пры гэтым сурʼёзна пацярпеў, цяпер ён у ветэрынараў.

Бацька дзяцей служыць у ЗСУ ля Ліману, дзе цяпер ідуць баі.

«Я хачу толькі аднаго: каб тыя жывёліны, якіх нашыя абступаюць пад Ліманам, адказалі за ўсё напоўніцу. Толькі моц нашай помсты мае значэнне», – падсумаваў мэр Дняпра.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў