«Шмат хто папросту закрыецца». Да якога негатыву можа прывесці падатковая рэформа ў Беларусі

Апублікаваны Міністэрствам фінансаў праект змяненняў у Падатковы кодэкс Беларусі пацвердзіў змрочныя асцярогі індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП). Разбіраемся з эканамістам Кацярынаю Барнуковай у прычынах і наступствах змяненняў.

Згодна з законапраектам, у прыватнасці плануюць адмяніць для прадпрымальнікаў, адвакатаў і натарыусаў спачатку спрошчаную сістэму падаткаабкладання, а затым і адзіны падатак. Гэта пацягне не толькі рост падатковых адлічэнняў з 5 % да 16 %, але і ўскладніць дакументаабарот.

Павялічваюцца таксама зборы ў аграэкатурызме, стаўкі падаходнага падатку з фізічных асобаў, якія здаюць у арэнду жытло, гаражы ды машынамесцы, стаўкі зямельнага падатку і падатку на нерухомасць. Павышаюцца акцызы на алкаголь і цыгарэты.

Падаткі вырастуць: Мінфін апублікаваў праект новага Падатковага кодэксу

Як адзначыла ў каментары «Белсату» акадэмічная дырэктарка цэнтру BEROC Кацярына Барнукова, «не вельмі зразумелая мэта» такіх дзеянняў уладаў адносна ІП.

«Калі павелічэнне падаткаў, то можна было б падняць, напрыклад, стаўку. Тут жа зрабілі кардынальна іншае. Іпэшнікам перакрываюць доступ да спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. І гэта крыху ўскладняе сітуацыю», – адзначыла эканамістка.

На думку адмыслоўцы, з такімі зменамі, магчыма, «у цэлым і атрымаецца нешта выйграць на падатках». У прыватнасці таму, што для кагосьці, хто не вядзе дзейнасці з выдаткамі, гэтыя змены стануць проста павелічэннем падаткаў з 5 % да 16 %, бо «гэта ўсё роўна значна менш, чым 35 % адлічэнняў у ФСАН». Але хтосьці сыдзе ў цень і скарыстаецца магчымасцямі ўхіліцца ад падаткаў: будзе разлічвацца наяўнымі, прымаць аплату ў іншыя краіны, дзе заканадаўства дазваляе плаціць меншыя падаткі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ІА / Белсат

«У тых жа ІП, якія ўсё ж такі працуюць з нейкімі выдаткамі, будзе дзве опцыі: або плаціць 16 % з даходу, што можа з’есці ўсю іхную маржу, альбо пераходзіць на поўны ўлік, што азначае выдаткі на бухгалтара. І шмат для каго з іх гэта будзе нерэальна. І многія проста закрыюцца ды згорнуць сваю дзейнасць, што будзе негатыўна ўплываць на эканоміку ў цэлым», – мяркуе Кацярына Барнукова.

За падаткі заплацяць спажыўцы?

Пры гэтым павышэнне падаткаў збольшага перанясецца на спажыўцоў, гэтак сама, як адмена ільготаў у ПДВ, нягледзячы на запэўніванні ўладаў, адбілася на цэнах на лекі.

«Калі ты фрылансер-айцішнік, які працуе на міжнародных біржах працы, ты асабліва на кошты не паўплываеш. Перанесці выдаткі не атрымаецца, прыйдзецца іх несці самому. А калі ты ледзь не адзіны аказваеш паслугі ў сваім невялікім мястэчку, то выдаткі можна і перанесці», – мяркуе акадэмічная дырэктарка BEROC.

Не выключае Кацярына Барнукова і росту напружання на рынку працы, калі ІП «праз тое, што ў яго ўскладніўся працэс уліку і падачы падаткаў, ён вырашыў, што гэтым займацца не будзе».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ТК / Белсат

«Трэба ўлічваць, што ІП – гэта ўваход у бізнес. Хтосьці ўвойдзе і будзе ўсё жыццё ІП, а хтосьці ўвойдзе і вырасце ў вялікую кампанію. І калі мы такі рост вельмі моцна ўскладняем, гэта дзейнічае прыгнятальна для ўсёй эканомікі. Не будзе адразу трагедыі на рынку працы, але ў доўгатэрміновым перыядзе гэта негатыўна адаб’ецца на эканоміцы», – мяркуе эканамістка.

Не выплюхнуць дзіцяці разам з вадою

Кацярына Барнукова лічыць, што такія змены падатковага заканадаўства звязаныя з успрыманнем уладамі прадпрымальнікаў як тых, хто проста ўхіляецца ад падаткаў. Такія сітуацыі, дзе ІП выкарыстоўваецца як схема ўхілення ад падаткаў, у прыватнасці ад ФСАН, сапраўды здараюцца, заявіла эканамістка.

Аднак у барацьбе з гэтым важна не выплюхнуць дзіцяці разам з вадою:

«Разам з тымі адзінкамі, хто выкарыстоўвае схемы ІП для ўхілення, мы караем і тых, хто сумленна працаваў. І, па-другое, трэба глядзець, чаму ўсё-ткі людзі спрабуюць ухіляцца праз ІП».

Эканамістка падкрэсліла, што дзейны ў Беларусі ўзровень падаткаў і сацыяльных узносаў у ФСАН – магутны стымул, каб людзі ўхіляліся ад падаткаў, і «лепш гэтую праблему вырашаць, чым спрабаваць перакрыць усім кісларод».

У Беларусі больш няма «Перспектывы». Яе зліквідаваў Вярхоўны Суд

МГ/АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны