Сорак хвілін абсурду, кошт якога – 15 гадоў: што не так з фільмам ОНТ пра аналітыка Андрэя Паротнікава


Прапагандысцкі канал ОНТ сумесна з КДБ выдаў чарговы кінашэдэўр: увечары 29 жніўня паказалі фільм з гучнаю назваю «Гісторыя здрадніка. Паротнікаў», прысвечаны вайсковаму аналітыку Андрэю Паротнікаву. Мяркуючы з каментароў прапагандыстаў, гэта быў першы фільм з цэлага цыклу.

Вайсковы эксперт Андрэй Паротнікаў на кадрах з прапагандысцкага фільму ОНТ.
Фота: скрыншот з відэа ОНТ

Прапагандысты гучна заяўляюць: беларускімі спецслужбамі выкрытая схема дзейнасці замежнай контрвыведкі ў Беларусі. Фільм цалкам пабудаваны на маніпуляцыях, дзе чорнае называюць белым, а белае чорным. Так, прапагандысты называюць вярбоўкай «прапанову рабіць аналітыку за грошы», то бок за тое, што вядомы медыйны эксперт і палітолаг пісаў аналітычныя матэрыялы. У Беларусі гэта цяпер – форма супрацы з замежнымі спецслужбамі. І можна было б пасмяяцца з такога абсурду, калі б не яго кошт: Андрэя Паротнікава абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве», яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў раней працаваў у Міністэрстве ўнутраных справаў, звольніўшыся з якога, пачаў займацца вайсковай аналітыкай. У верасні 2021 года Аляксандр Лукашэнка сваім указам пазбавіў званняў былых вайскоўцаў і міліцыянтаў, сярод якіх было імя і Андрэя Паротнікава.

Інфармацыя пра тое, што яго затрымалі, з’явілася ў сакавіку. Але пацвярджэння знайсці не ўдавалася. Згодна з фільмам ОНТ, аналітыка затрымалі ў Смаленску пры спробе пакінуць тэрыторыю Беларусі.

У фільме гаворыцца пра тое, што агенцтва выведкі Польшчы некалькі гадоў вербавала грамадзянаўБеларусі, прымушаючы іх збіраць інфармацыю аб краіне, у тым ліку і звесткі закрытага характару. Контрвыведка Беларусі ўстанавіла, што для вербавання замежныя спецслужбы актыўна задзейнічалі свае дыпламатычныя прадстаўніцтвы за мяжой. А супрацоўнікі ў пасольствах і консульствах насамрэч былі не дыпламатамі, а кадравымі выведнікамі з Варшавы, якія збіралі звесткі і вербавалі людзей. Адзін з іх – Андрэй Паротнікаў.

Затрыманага эксперта прымусілі на камеру кантактаваць з польскімі дыпламатамі, замежнымі калегамі і партнёрамі, актывістамі за мяжой. Напрыклад, кіраўніком Беларускага дому ў Варшаве Алесем Зарэмбюком, прэс-сакратаром Святланы Ціханоўскай Ганнай Красулінай, кіраўніком фонду BYSOL Андрэем Стрыжаком і іншымі. Усіх іх называюць агентамі спецслужбаў Польшчы і Літвы. Пры гэтым не прыводзіцца ніводнага доказу «агентурнай дзейнасці», а толькі вытрымкі з размоваў пра тое, як Андрэю Паротнікаву можна бяспечна выехаць за мяжу. Дадаўшы драматычнай музыкі на фон, прапагандысты называюць гэта «ўнікальнаю бліскучай аперацыяй».

У фільме шпіёнскімі арганізацыямі названа ўсё што толькі можна: польскае пасольства (бо выдае візы), фонды (бо займаюцца праектнай дзейнасцю), экспертныя цэнтры (бо займаюцца аналітыкай). Пры гэтым не распавядаецца нічога новага: дзейнасць гэтых установаў, якая ніколі не была таямніцай, цяпер называецца шпіянажам на карысць замежных выведак. У фільме таксама згадваюцца «агенты», якіх паспелі вывезці замежныя спецслужбы: гэта аналітыкі Арцём Шрайбман, Валер Карбалевіч, Арсен Сівіцкі. Такім чынам, незалежная экспертная, журналісцкая праца ў Беларусі наўпрост называецца «здрадай дзяржаве».

Адразу пасля эфіру фільм пракаментаваў у сваім «Фэйсбуку» Андрэй Стрыжак:

«ФАКТ #1: Нам было вядома пра ягоны арышт ад самага пачатку. Усе перамовы са мной асабіста Андрэй вёў, калі ўжо быў затрыманы. Ад самага пачатку было вядома, што чалавека «вядуць». Вядома дзякуючы таму, што ўнутры спецслужбаў дагэтуль ёсць неабыякавыя да справы пераменаў людзі. Таму, кадэбэшнікі, думайце, пра што і з кім і дзе гутарыце.

ФАКТ #2: Мы разумелі пра тое, што эвакуацыя Андрэя, хутчэй за ўсё, скончыцца нічым. У нас было некалькі задач:

– паспрабаваць выцягнуць нашага калегу і сябра;

– адсачыць і даведацца, як працуюць і што робяць спецслужбы ў такіх аперацыях;

– у выпадку немагчымасці эвакуацыі забяспечыць магчымасць Андрэю паспаць «на белых прасцінях» замест гэбэшнай шконкі як мага даўжэй.

ФАКТ #3: Кожны, хто можа мець цікавасць для лукашысцкіх спецслужбаў, мае вельмі вялікі шанец апынуцца на месцы Андрэя, калі аказваць дапамогу будзе ўжо позна.

І самае галоўнае – спецслужбы не ўскрылі і не перарубілі аніводны з нашых каналаў, якія мы выкарыстоўваем для эвакуацыі. Яна па-ранейшаму магчымая – не зацягвайце з пытаннем ад’езду, калі адчуваеце небяспеку».

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў