МУС Расеі 30 жніўня абвесціў, што перабыванне на тэрыторыі краіны коміка Ідрака Мірзалізадэ, грамадзяніна Беларусі, пажыццёва непажаданае.
Расейская паліцыя патлумачыла забарону тым, што Мірзалізадэ нібыта пагражае правам і законным інтарэсам іншых асобаў.
«Міністэрства ўнутраных справаў Расейскай Федэрацыі, згодна з часткаю 4 артыкулу 25.10 Федэральнага Закону аб парадку выезду ў Расейскую Федэрацыю і ўезду ў Расейскую Федэрацыю, прыняло пастанову аб непажаданасці перабывання (пражывання) ў Расейскай Федэрацыі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Ідрака Кахын аглы Мірзалізадэ», – гаворыцца на сайце ведамства.
У паведамленні тлумачыцца, што «ў сваім публічным выступе Ідрак Мірзалізадэ дапусціў выразы, якія ўзбуджаюць нянавісць і варожасць у дачыненні асобаў расейскай нацыянальнасці, прыніжаюць іхную чалавечую годнасць. У сувязі з гэтым ягонае перабыванне на тэрыторыі РФ пагражае грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам іншых асобаў».
Стэндап-комік Ідрак Мірзалізадэ 19 жніўня выйшаў на волю пасля 10 дзён арышту за «распальванне міжнацыянальнай варожасці». Ягонае зняволенне выклікала хвалю абурэння сярод расейскіх комікаў.
Грамадзянін Беларусі Ідрак Мірзалізадэ нарадзіўся ў Азербайджане ў сям’і з народу талышаў, але, калі яму было два гады, сям’я перабралася ў Менск. Пасля ўдзелу ў Клубе вясёлых і знаходлівых стаў выступаць на расейскім тэлебачанні, потым далучыўся да групы расейскіх комікаў. У 2021 годзе атрымаў від на жыхарства ў Расеі.
У сакавіку 2021 года ў гумарыстычнай праграме «Разгоны» ён пажартаваў пра расейцаў: расказваў, як цяжка «нерасейцу» знайсці кватэру ў Маскве, між тым згадаў гідкую неахайнасць расейцаў, якія здымалі кватэру да яго.
На жарт звярнулі ўвагу расейскі ультраправы тэлеканал «Царьград» і тэлепрапагандыст Уладзімір Салаўёў. Пасля гэтага на Мірзалізадэ на вуліцы напалі невядомыя. Комік казаў, што за жарт, вырваны з кантэксту, яму сталі пагражаць радыкальныя супольнасці.
9 жніўня Мірзалізадэ арыштавалі на 10 дзён за «распальванне міжнацыянальнай варожасці» – за той жарт, за які яго ўжо пабілі. Комік не прызнаў сваёй віны і казаў, што выступ быў якраз супраць ксенафобіі.
Расейскія і беларускія комікі выказаліся супраць такога пакарання, якое назвалі страшным прэцэдэнтам. Яны заявілі, што за жарт нельга пазбаўляць волі.
ГГ belsat.eu