Мінабароны Расеі апублікавала спіс загінулых у Аленаўцы ўкраінскіх ваеннапалонных


Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ў калоніі ў Аленаўцы на тэрыторыі так званай ДНР загінула 50 украінскіх ваеннапалонных, параненыя – 73. Апублікаваны спіс загінулых. Расея сцвярджае, што гэта – ахвяры ракетнага ўдару ўкраінскіх войскаў. Кіеў катэгарычна абвяргае факт абстрэлу.

«Парэшткі 48 ваеннапалонных украінцаў былі знойдзеныя і паднятыя з-пад завалаў памяшканняў ізалятару. Яшчэ двое ўкраінскіх ваеннапалонных ад цяжкіх раненняў памерлі ў дарозе пры транспартаванні ў медычную ўстанову», – гаворыцца ў паведамленні Мінабароны РФ.

Паводле заяваў расейскага боку, украінскае войска нанесла ўдар па бараку, у якім утрымліваліся палонныя, ракетамі HIMARS. Якіх-небудзь доказаў гэтых сцвярджэнняў Масква не прыводзіць.

У Кіеве катэгарычна абвяргаюць падобную версію, заяўляючы, што ў гэтым раёне з боку ЗСУ не вялося якіх-небудзь абстрэлаў. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў удар «спланаваным злачынствам» Расеі. Ён падтрымаў апублікаваную раней сумесную заяву ЗСУ, СБУ і ваеннай разведкі на адрас міжнародных арганізацый з патрабаваннем неадкладна накіраваць у Аленаўку прадстаўнікоў ААН, Чырвонага Крыжа, а таксама ўкраінскага амбудсмэна і супрацоўнікаў цэнтру дапамогі палонным для інспекцыйнай місіі.

У бараку, у якім загінулі ваеннапалонныя, утрымліваліся байцы палка «Азоў» – абаронцы Марыупалю. Раней экс-камандзір «Азову» Андрэй Білецкі пацвердзіў гібель часткі вайскоўцаў.

Шэраг экспертаў кажуць пра тое, што характар ​​пашкоджанняў целаў і разбурэнняў усярэдзіне бараку, дзе знаходзіліся палонныя, можа сведчыць хутчэй пра выбух знутры, чым аб траплянні ракеты.

З рэзкім асуджэннем забойства ваеннапалонных выступілі ААН, ЗША і Еўразвяз. Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль назваў гэта «зверствам, учыненым расейскімі ўзброенымі сіламі і іх марыянеткамі».

Баевікі самаабвешчанай «ДНР» заявілі 29 ліпеня аб абстрэле папраўчай калоніі ў Аленаўцы, якая знаходзіцца пад кантролем «ДНР». Расейскія медыі перадавалі раней аб 53 загінулых і 75 параненых. Агулам у калоніі, паводле так званай ДНР, утрымлівалі 193 ваеннапалонных.

Гісторыі
«50–100 мл пітной вады на дзень». Былыя зняволеныя валанцёры расказалі пра катаванні ў расейскай калоніі
2022.07.22 10:30

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў