Сітуацыя на мяжы. Польшча плануе паскорыць афармленне аўтобусаў з Беларусі


У Telegram-чатах, дзе абмяркоўваюць сітуацыю на межах Беларусі з краінамі ЕЗ, дзіву даюцца: а дзе чэргі? Паводле назіранняў тых, хто часта ездзіць да суседзяў, машынаў у пункце пропуску ў Берасці значна паменела. Пры гэтым з аўтобусамі не ўсё так добра. Што на гэта кажуць у Памежнай службе Польшчы і як на сітуацыю на мяжы ўплывае курс долара – у матэрыяле «Белсату».

Чарга на заезд у Польшчу на пункце пропуску «Варшаўскі мост». Берасце, Беларусь. 25 чэрвеня 2023 года.
Фота: «Граница Беларусь-ЕС» / Telegram

«Варшаўскі мост» у Берасці застаўся адзіным акенцам на мяжы Беларусі з Польшчаю. Гэты пункт пропуску заўсёды быў папулярны ў вандроўнікаў, а пасля закрыцця іншых тэрміналаў – пагатоў.

У чэрвені максімальную колькасць легкавікоў на выездзе з Беларусі зафіксавалі 15 чысла: 370. Тады ў чарзе даводзілася чакаць каля 36 гадзінаў.

Аўтобусны «рэкорд» адбыўся 12 чэрвеня. Тады ў чарзе іх налічылі 29.

Графікі чэргаў на мяжы нагадваюць кардыяграму хворага на арытмію. На пункце пропуску то густа, то пуста, і перад паездкаю прадказаць хуткасць мінання кантролю амаль немагчыма. Аднак заўважна, што з сярэдзіны чэрвеня колькасць легкавікоў у чарзе пачала скарачацца, і толькі апошнімі днямі зноў крыху падрасла. З аўтобусамі такіх значных скачкоў няма.

Паводле аналізу статысткі Дзяржаўнага памежнага камітэту, найменшыя чэргі легкавікоў у чэрвені адзначаліся а 8 гадзіне раніцы (у сярэднім 133 машыны), найбольшыя – а поўначы (203).

Самыя маленькія чэргі з аўтобусаў былі а поўначы (у сярэднім – 5), самыя вялікія – а 8:00 і 18:00 (у сярэднім 10).

«З такім курсам няма чаго рабіць у Польшчы»

У Telegram-чатах, дзе абмяркоўваюць мінанне мяжы, пішуць, што ад сярэдзіны чэрвеня чэргі легкавікоў на мяжы скараціліся праз змяншэнне колькасці дробных гандляроў і тых, хто ездзіць у Польшчу «на закупы».

«З такім курсам у Польшчы для ўсіх журба, без «TAX FREE» там наагул купляць сэнсу мала».

«З нашым курсам долара хутка ў Польшчы няма чаго рабіць будзе, а там і еўра, і долар, наадварот, падаюць».

Курс долара ў Беларусі ў чэрвені 2023 года. Графіка: Нацбанк Беларусі

Гандляры і закупнікі набываюць у Беларусі валюту, якую здаюць потым у Польшчы і ідуць у крамы са злотымі. Атрымліваецца, што на долары і еўра выдаткоўваюць больш беларускіх рублёў, а ў Польшчы пры абмене атрымліваюць менш злотых.

Калі 1 чэрвеня ў Беларусі долар каштаваў 2,92 рублі, то сёння – 3,03. У Польшчы напачатку месяца за адзін долар давалі 4,23 злотага, а ў сярэдзіне чэрвеня – ужо 4.

Курс долара, што вызначае Цэнтральны банк Польшчы. Графіка: money.pl

Да таго ж у чатах пішуць, што польскія памежныя службы ўзмацнілі кантроль, і пакуль у адпачынак пайшлі кантрабандысты. Акрамя таго, беларускія мытнікі таксама сталі больш уважліва сачыць за тым, што вязуць праз мяжу, узважваюць багаж і прымушаюць плаціць мыта за пераважку або за дарагі тавар.

«Плануецца адаптаваць інфраструктуру»

У Памежнай службе Польшчы не пацвердзілі інфармацыю пра ўзмацненне кантролю, кажуць, усё як звычайна. Як заявіў «Белсату» афіцыйны прадстаўнік Надбужанскага аддзелу, што кіруе пунктам пропуску ў Тэрэспалі, Дар’юш Сеніцкі, цяпер з Беларусі едуць у асноўным не турысты, а закупнікі. Таму чэргі звязаныя з доўгім афармленнем вяртання падатку праз сістэму «TAX FREE»:

«Цяпер характар паездак большасці беларускіх грамадзянаў, якія перасякаюць мяжу з Польшчаю, звязаны з пакупкамі ў Польшчы і атрыманнем кампенсацыі ПДВ на экспартаваныя тавары, што значна павялічвае час знаходжання на пунктах пропуску».

Памежны пераход «Тэрэспаль» на польска-беларускай мяжы. 13 чэрвеня 2023 года.
Фота: Алесь Ляўчук / Белсат

Сеніцкі прызнаў, што аўтобусаў на мяжы паболела, ён мяркуе, што гэта звязана з унёскамі за выезд легкавікоў з Беларусі:

«У звязку з ухваленнем беларускім бокам электроннай рэгістрацыі ў сістэме чэргаў на мяжы і павелічэннем сумы ўнёскаў за кожны транспартавы сродак, што выязджае з Беларусі, некаторыя вандроўнікі адмовіліся ад паездак на аўтамабілях на карысць паездак на аўтобусах. Гэта прыводзіць да павелічэння колькасці аўтобусаў, што правяраюцца».

Каб паскорыць афармленне пасажыраў, плануецца «адаптаваць інфраструктуру», сказаў прадстаўнік Памежнай службы Польшчы. Праўда, не ўдакладніў, калі гэтая праца будзе зробленая:

«Плануецца адаптаваць дзейную інфраструктуру, каб забяспечыць адначасовую рэгістрацыю большай колькасці аўтобусаў. Рэканструкцыя і мадэрнізацыя – абавязак арганізацыі, што кіруе аўтамабільным пунктам пропуску».

Разбор
Разварочваюць пасля 36 гадзінаў чакання. Як не атрымаць забароны на ўезд у ЕЗ праз адсутнасць страхоўкі на аўта?
2023.06.16 09:05

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў