«Вы што там, ачумелі?» Што трэба ведаць пра выбуховы рост незаконнай міграцыі з Беларусі


Літва фіксуе найбуйнейшую ў гісторыі плынь нелегальнай міграцыі з Беларусі ў Еўразвяз, у арганізацыі якой літоўскі бок падазрае рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Сам Лукашэнка раней даў зразумець, што штучна створаныя праблемы з нелегальнай міграцыяй стануць адказам Захаду на санкцыйны ціск.

Анамальны рост нелегальнай міграцыі

Мяжа з Літвой.
Фота: grodnonews.by

Рост нелегальнай міграцыі праз мяжу з Беларуссю Літва пачала фіксаваць яшчэ восенню 2020 года, аднак упершыню публічна пра гэтую праблему было заяўлена ў пачатку траўня. Літоўскія ўлады адзначалі што ў першым квартале 2021 года было затрымана 90 нелегальных мігрантаў, хаця за той жа перыяд 2020 года іх было ўсяго пяць. Пры гэтым часцей за ўсё канчатковай мэтай мігрантаў былі іншыя краіны Еўразвязу.

У Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы адзначалі, што праца беларускай памежнай служба пры расследаванні памежных інцыдэнтаў стала больш млявай. Калі літоўскія памежнікі фіксуюць парушэнні і затрымліваюць мігрантаў, беларускія службовыя асобы або не прызнаюць гэтыя факты, або проста ігнаруюць звароты літоўскага боку.

Цягам траўня-чэрвеня сітуацыя толькі пагоршылася: колькасць нелегальных мігрантаў, затрыманых літоўскімі памежнікамі, па выніках шасці месяцаў 2021 года дасягнула 636 чалавек (па стане на 30 чэрвеня). Гэта амаль у 8 разоў больш, чым за ўвесь 2020 года, і амаль удвая больш, чым за папярэднія чатыры гады (2017-2020 гг.) Для параўнання: у 2017 годзе літоўцы злавілі на мяжы 72 нелегальных мігранта, у 2018-м – 104, у 2019-м – 46, у 2020-м – 81.

Нелегальныя мігранты на літоўскай мяжы.
Фота: pasienis.lt

Прычым тэмпы незаконнай міграцыі працягваюць расці. Напрыклад, па стане на 25 чэрвеня Літва затрымала на мяжы 508 мігрантаў, а праз пяць содняў агульная колькасці дарасла да 636 чалавек (+128). Атрымліваецца, што ўсяго за пяць дзён літоўска-беларускую мяжу незаконна перасекла больш людзей, чым за любы з чатырох папярэдніх гадоў.

Такая сітуацыя прымусіла літоўскія ўлады пайсці на надзвычайныя захады па абароне мяжы. Паводле МУС Літвы, да аховы мяжы прыцягнулі Службу грамадскай бяспекі і Саюз стралкоў Літвы.

Незаконная міграцыя праз Беларусь пачала пераўтварацца ў выклік для ўсяго Еўразвязу. Праблемай занялося агенцтва ЕЗ па бяспецы вонкавых межаў (Frontex), дырэктар якога мае намер у ліпені наведаць Літву, каб вывучыць сітуацыю на месцы. Каля 30 працаўнікоў Frontex неўзабаве прыбудуць у Літву, каб дапамагчы літоўскім памежнікам у ахове мяжы з Беларуссю.

Мяжа Літвы і Беларусі.
Фота: Васілій Малчанаў / Белсат

Кантроль на літоўскай мяжы ўскладняецца тым, што на некаторых участках няма камераў: сістэма відэаназірання ахоплівае менш за 40 % мяжы з Беларуссю. Каб узмацніць абарону, літоўскія ўлады разглядаюць магчымасць узвядзенне на памежжы агароджы. Цывільная ўлада яшчэ не падтрымала такую прапанову Міністэрства ўнутраных справаў, але дыскусія распачалася. МУС Літвы назвала прыблізны кошт праекту: 15 мільёнаў еўра. Да таго ж вядзецца будаўніцтва жытла для затрыманых мігрантаў каля Цэнтру рэгістрацыі замежнікаў.

Hавiны
Польскія памежнікі затрымалі дзве групы нелегальных мігрантаў з Афганістана
2021.06.19 20:09

Адначасова пагоршылася сітуацыя з нелегальнай міграцыяй і на польска-беларускай мяжы, хаця там праблема пакуль не дасягнула такіх масштабаў, як у Літве.

Аб’ектыў
Нелегалы на экспарт
2021.06.09 22:43

Літва кажа пра гібрыдную вайну

Улады Літвы абвінавачваюць афіцыйны Менск у тым, што ён спрыяе нелегальнай міграцыі ў ЕЗ. Кіраўніцтва Літвы называе дзеянні рэжыму Лукашэнкі «гібрыднай вайной».

Агне Білатайце.
Фота: Facebook / Agnė Bilotaitė

«Відавочна, што супраць Літвы вядзецца гібрыдная вайна, а нелегальная міграцыя – адзін са сродкаў», – заявіла міністарка ўнутраных справаў Агне Білатайце.

«Па ўсіх знаках бачна, што гэта мэтанакіраваная палітычная акцыя, калі Беларусь адмежавалася ад развязання ўсіх пытанняў, каб нешта дрэннае зрабіць суседзям ды іншым краінам Еўропы», – кажа дэпутат літоўскага Сейму Томас Тамілінас.

У Камітэце нацыянальнай бяспекі і абароны Літвы заявілі, што ў іх дастаткова фактаў, каб даказаць дачыненне рэжыму Лукашэнкі да павелічэння міграцыйных хваляў. Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас у сваю чаргу заявіў, што ў літоўскага боку няма прамых доказаў таго, што прадстаўнікі памежнай службы Беларусі датычныя да арганізацыі нелегальнай міграцыі, аднак «ёсць падставы меркаваць, што прадстаўнікі іншых ведамстваў могуць быць датычныя».

У сярэдзіне чэрвеня міністарка Агне Білатайце звярнулася ў Генеральную пракуратуру Літвы з просьбай распачаць расследаванне з нагоды арганізацыі незаконнага перамяшчэння людзей праз мяжу.

Аб’ектыў
Паміж Беларуссю і Літвой можа паўстаць сцяна
2021.06.17 22:45

Арганізацыя міграцыйнага каналу

Плынь нелегальных мігрантаў амаль цалкам складаецца з грамадзянаў краінаў Блізкага Усходу і Афрыкі. Пры гэтым абсалютная большасць з іх – гэта іракцы або тыя, хто прадстаўляецца грамадзянамі гэтай краіны (часта мігранты не маюць з сабой ніякіх дакументаў). Менавіта такая дзіўная структура міграцыйнай плыні дае падставы меркаваць, што рэжым Лукашэнкі не проста патурае незаконнай міграцыі, але і сам яе арганізоўвае.

Справа ў тым, што міграцыйны крызіс супаў з рэзкім павелічэннем колькасці прамых авіярэйсаў з Багдада ў Менск. Раней у Беларусь з Іраку двойчы на тыдзень ляталі самалёты авіякампаніі Iraqi Airways. Але ў пачатку траўня 2021 году да яе дадалася яшчэ адна кампанія – Fly Baghdad. Яе летакі таксама робяць па два рэйсы на тыдзень.

Абодва перавозчыкі выкарыстоўваюць вялікія авіялайнеры: Boeing 777 і Boeing 737-800, якія могуць змяшчаць па 200-300 пасажыраў. Такім чынам, тэарэтычна за тыдзень з Іраку ў Менск можа прылятаць да тысячы чалавек.

Журналісты «Радыё Свабода», якія назіралі за рэйсам з Багдаду 16 чэрвеня, звярнулі ўвагу на тое, што пасажыраў з Іраку (выключна мужчыны ва ўзросце 30-50 гадоў) у менскім аэрапорце сустракалі арганізавана і адзначалі ў адмысловых спісах. Пасля адзначэння пасажыраў з Багдаду накіроўваюць іх у абменны пункт на другім паверсе аэрапорту, а адтуль арганізавана вывозяць аўтобусамі ў Менск. 16 чэрвеня два з такіх аўтобусаў адвезлі каля сотні мужчын у менскі гатэль «Рэнэсанс» (гатэлем валодае сябра Лукашэнкі, расейскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў). Усе яны выходзілі з аўтобусаў са сваім багажом каля чорнага ўваходу ў гатэль, адзначае «РС».

Габрыэлюс Ландсбергіс.
Фота: REUTERS

Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў у інтэрвʼю Financial Times, што да арганізацыі каналу нелегальнай міграцыі мае дачыненне дзяржаўная турфірма «Цэнтркурорт» (яна ўваходзіць у структуру Упраўлення справамі Лукашэнкі). Паводле словаў міністра, беларускія ўлады мэтанакіравана перакідваюць мігрантаў да мяжы. За магчымасць апынуцца ў краіне ЕЗ выхадцы з Блізкага Ўсходу плацяць да $ 15 тысяч.

«З таго, што нам вядома, іх правозяць на машынах лясамі на мяжу і проста паказваюць: «Вунь там Еўропа, ідзіце туды». Кажуць, што на тым баку іх сустрэнуць калегі, якія ўсё задаволяць, але ў выніку гэтых людзей, якія непасрэдна плацяць праваднікам, ніхто не сустракае, і яны трапляюць да літоўскіх памежнікаў. З іх аповедаў, якія ўдалося здабыць, самая хадавая сума – 1400 еўраў з чалавека. Калі гэта сям’я, выходзіць крыху танней», – распавяла ў інтэрв’ю РС журналістка delfi.lt Ангеліна Гудкова.

Паводле СМІ, таксама да перакідвання мігрантаў маюць дачыненні турыстычныя кампаніі Oscartur i JoodLand. Хто валодае гэтымі фірмамі – невядома.

Афіцыйны Менск не хавае, што гэта адказ на пазіцыю ЕЗ

Беларускія памежнікі, ілюстратыўнае фота. Крыніца – gpk.gov.by

Прадстаўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэту абвяргаюць абвінавачванні ў наўмысным садзейнічанні нелегальнай міграцыі. У астатнім беларускі бок дае супярэчлівыя звесткі.

Напрыклад, 11 чэрвеня ў Дзяржаўным памежным камітэце сцвярджалі, што назіраецца істотны рост колькасці нелегальных мігрантаў. У прыватнасці, на мяжы з Літвой колькасць затрыманых мігрантаў вырасла ў 20 разоў. Але на гэтым тыдні ў эфіры «Беларусь 1» начальнік Смаргонскай памежнай групы Максім Бутранец адзначыў, што колькасць нелегальных мігрантаў на беларуска-літоўскай мяжы нібыта застаецца на звычайным узроўні. «Колькасныя паказнікі выяўленых і затрыманых памежнікамі Смаргоні грамадзянаў трэціх краінаў – Афганістану, Іраку, Турцыі, Шры-Ланкі – супастаўныя з лічбамі папярэдніх 5–7 гадоў і не выходзяць за межы прагнозу, характэрнага для вяснова-летняга перыяду», – заявіў Бутранец.

Аднак на найвышэйшым узроўні рэжым Лукашэнкі дэ-факта прызнае, што разглядае міграцыйнае пытанне ў якасці механізму шантажу Еўразвязу і помсты за санкцыі.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

26 траўня, праз тры дні пасля скандалу з прымусовай пасадкай самалёта «Ryanair», Лукашэнка заявіў, што заходнія краіны цяпер будуць вымушаныя самастойна змагацца з наркатрафікам і незаконнай міграцыяй.

«Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў – цяпер будзеце самі іх есці і лавіць», – заявіў ён.

Уладзімір Макей таксама заявіў 26 траўня, што Беларусь плануе скасаваць супрацу з ЕЗ па пытаннях нелегальнай міграцыі, «калі на Захадзе на адумаюцца».

Плынь незаконнай міграцыі пасля гэтых заяваў значна павялічылася.

Hавiны
Наўседа: «Дыктатары, наглядзеўшыся баевікоў, ужываюцца ў ролю тэрарыстаў і захопліваюць самалёты»
2021.06.08 19:51

22 чэрвеня падчас прамовы ў Берасці Лукашэнка зноў пачаў пагражаць Захаду кантрабандай і нелегальнай міграцыяй:

«Сёння яны завылі: ах, беларусы іх не абараняюць. Яны патрабуюць ад нас абараніць іх ад кантрабанды, ад наркотыкаў. Аж з-за Атлантыкі чутны сігнал: дапамажыце, як гэта было раней, затрымайце ядравыя матэрыялы, каб яны не патрапілі ў Еўропу. Так і хочацца спытаць: вы што там, ачумелі наогул?

Вы супраць нас развязалі гібрыдную вайну і патрабуеце ад нас, каб мы вас абаранялі, як і раней? Вы нас інфармацыйна душыце, метадычна і калектыўна, бурыце, спрабуеце забіць нашу эканоміку і чакаеце, што мы будзем марнаваць сотні мільёнаў долараў, як і раней, на абарону вашых геапалітычных інтарэсаў? Толькі варʼяты могуць так думаць і разлічваць на нашу падтрымку».

Пры гэтым Лукашэнка забыўся дадаць, што ў ахову беларускай мяжы ўкладаўся і Захад таксама. Еўразвяз дзесяцігоддзямі дапамагаў Беларусь умацоўваць памежную бяспеку. Яшчэ ў 2009 годзе Лукашэнка прызнаваў, што ўжо на той час у рамках праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі на беларускай мяжы было асвоена амаль $ 30 млн.

Аб’ектыў
Мігранты з Блізкага Усходу бягуць праз Беларусь у Літву
2021.06.29 22:39

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў