У Варшаве з'явіцца Музей Вольнай Беларусі


Экспазіцыю, прысвечаную беларускім пратэстам пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў, стварае Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.

У музеі плануецца сабраць, захаваць і паказаць дакументы, звязаныя з выбарамі-2020, лісты і малюнкі палітвязняў, улёткі, плакаты, сцягі ды іншую пратэставую атрыбутыку, кіна- і фотадакументы.

Здымак мае тлюстрацыйны характар. Варшава, Польшча. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

На старце праекту НАУ абвяшчае збор прадметаў музейнага значэння, звязаных з пратэстамі ў Беларусі ў 2020–2021 гадах для запуску часовай экспазіцыі, а таксама стварэння лічбавых копіяў гэтых прадметаў для сайту музею.

Стваральнікі музею падкрэсліваюць, што разумеюць, як небяспечна сёння збіраць і захоўваць такія прадметы ў Беларусі, таму абяцаюць, што ўсе звесткі пра людзей, якія перадалі інфармацыю аб прадметах ці самі прадметы, застануцца пры жаданні гэтых людзей ананімнымі. НАУ абяцае гарантаваць бяспечны збор і захоўванне прадметаў і іх копіяў.

Тых, хто хоча перадаць нешта ў Музей Вольнай Беларусі, НАУ заклікае звяртацца праз чат-бот @NAUsupport.

Часовая экспазіцыя Музею Вольнай Беларусі будзе арганізаваная ў Варшаве. У планах – абавязковае перамяшчэнне экспанатаў у Беларусь, але ўжо пры іншых палітычных умовах. Таксама будзе працаваць сайт «Музей Вольнай Беларусі».

Адказныя за стварэнне Музею – кіраўнік НАУ Павел Латушка і Наталля Задзяркоўская, якая займаецца ў НАУ пытаннямі захавання культуры і нацыянальнай спадчыны.

«Можа, хтосьці з вас спытае: ці надышоў час ствараць музей? – разважае Павел Латушка ў відэаанонсе музею на сайце НАУ. – Я запытаюся ў вас: ці верым мы ў перамогу? Я – веру. А вы?»

«Верым, – кажа Наталля Задзяркоўская. – Мы верым у дзень, калі ўсе разам мы пераможам рэжым. Верым у перамогу святла над цемраю. Год таму беларусы выйшлі на першыя масавыя акцыі пратэсту падчас выбарчай кампаніі 2020 года. За гэты час супраць рэжыму выступілі сотні тысяч, мільёны людзей. Кожны з іх ужо зрабіў і працягвае рабіць унёсак у агульную гісторыю нашай перамогі. У гэтай гісторыі ўжо тысяча старонак. І мы абавязаныя іх захаваць для сябе і сваіх нашчадкаў».

Павел Латушка прапанаваў абмеркаваць пляцоўку для размяшчэння музею ў будучыні ў Беларусі. Сярод варыянтаў – Палац Незалежнасці, ЦІП на Акрэсціна.

Цяпер ідуць перамовы аб прадстаўленні памяшкання для часовага размяшчэння экспазіцыі на адной з музейных пляцовак Польшчы.

Здымак мае тлюстрацыйны характар. Кіеў, Украіна. 5 красавіка 2021 года.
Фота: ЛП / Белсат

Павел Латушка запрашае прыйсці на сімвалічнае адкрыццё Музею 9 жніўня, у гадавіну пачатку паслявыбарчых пратэстаў, па адрасе: г. Менск, пр. Пераможцаў, 12 (Палац Незалежнасці).

НАУ накіравала запыт аб падтрыманні свайго праекту ў Міжнародны камітэт мемарыяльных музеяў памяці ахвяраў публічных злачынстваў (International Committee of Memorial Museums in Remembrance of the Victims of Public Crimes (ICMEMO) Міжнароднай рады музеяў (International Council of Museums (ICOM).

Стварэнне Музею Вольнай Беларусі ўжо падтрымалі Беларуская Рада культуры і Беларускі фонд спартовай салідарнасці.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў