Ізраіль адмовіў у абслугоўванні самалётаў – «Белавія» скасавала рэйсы ў Тэль-Авіў да канца кастрычніка


Авіяцыйныя ўлады Ізраілю адмовілі «Белавіі» у абслугоўванні самалётаў у аэрапорце «Бэн-Гур’ён», у сувязі з чым беларуская авіякампанія мусіла скасаваць раней запланаваныя рэйсы ў Тэль-Авіў. Ізраіль паведаміў пра сваю пастанову, нягледзячы на тое, што першапачаткова, 15 траўня, быў выдадзены афіцыйны дазвол на палёты і зацверджаная праграма рэйсаў паводле новага раскладу з тэхнічнай пасадкай у Баку.

Самалёт «Embraer» авіякампаніі «Белавія».
Фота: belavia.by

«На падставе выдадзенага дазволу авіякампанія пачала продаж авіябілетаў на новыя рэйсы, першы з якіх быў запланаваны ўжо на 2 чэрвеня. Раптоўная пастанова ізраільскага боку аб скасаванні ранейшых дамоўленасцяў выклікае здзіўленне», – адзначыў генеральны дырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец.

У сувязі з адмовай Ізраілю авіякампанія мусіла скасаваць усе запланаваныя рэйсы аж да канца летняга сезону – 27 кастрычніка 2022 года.

Пасажырам, якія набылі авіябілеты на рэйсы Менск – Тэль-Авіў – Менск раней, а таксама на рэйсы новым маршрутам праз Баку, гарантуецца вяртанне кошту ў поўным аб’ёме.

Авіякампанія «Белавія» выконвала рэгулярныя палёты з Менску ў Тэль-Авіў з 1996 года.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў