Пошту «жаўнераў ХАМАС» стварылі перад тым, як з Афінаў у Вільню мусіла ляцець Ціханоўская


Святлана Ціханоўская на Дэльфійскім эканамічным форуме ў Афінах 14 траўня.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

«Еўрарадыё» выявіла дату стварэння паштовай скрыні, звязанай з прымусовай пасадкай у Менску самалёту «Ryanair» і затрыманнем двух ягоных пасажарыў – блогера Рамана Пратасевіча ды ягонай дзяўчыны Сафіі Сапегі.

Паштовая скрыня на «Protonmail», з якой нібыта «жаўнеры ХАМАС» даслалі ў менскі аэрапорт ліст пра мінаванне самалёту «Ryanair» Афіны–Вільня, была створаная за 9 дзён да інцыдэнту – 14 траўня.

Дата стварэння ліста ад нібыта «ХАМАС».
Фота: Euroradio.pl

Менавіта 12–14 траўня ў Афінах знаходзілася лідарка беларускага пратэсту Святлана Ціханоўская. Яна выступіла на Дэльфійскіх эканамічным форуме ў Афінах і правяла сустрэчы з прэзідэнтам Грэцыі, міністрам замежных спраў Грэцыі, мэрам Афінаў, прэмʼер-міністрам Паўночнай Македоніі, былым прэзідэнтам Еўрапейскай рады Дональдам Тускам. Вярталася ў Вільню яна тым самым маршрутам, што і Раман Пратасевіч.

Аб’ектыў
Арышт Пратасевіча абышоўся як мінімум у дзясяткі мільёнаў долараў стратаў
2021.05.29 23:07

Адзначым, што яшчэ 23 траўня тэлеграм-канал «Ник и Майк» пісаў, што, паводле ягоных звестак, «сцэнар хацелі задзейнічаць для Ціханоўскай, але Масква сказала не».

Цікава, што ў лісце ад нібыта «ХАМАС», які зачыталі беларускія ўлады, казалася, што на самалёце «Ryanair» вярталіся ўдзельнікі Дэльфійскага эканамічнага форуму. Адной з яго ўдзельніц была Святлана Ціханоўская, а сама падзея завяршылася 15 траўня. Да 23 траўня асноўная частка ўдзельнікаў ужо мусіла пакінуць Афіны. Такім чынам, згадка пра форум была б больш лагічнай для, напрыклад, 14 траўня.

Дарэчы, у лісце ад нібыта «ХАМАС» згадваецца і канфлікт з Ізраілем, які быў актыўны 14 траўня і скончыўся замірэннем 20-га, то бок за тры дні да пасадкі самалёту з Раманам Пратасевічам.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў