«Бачныя намаганні вяртацца да нармальнасці». Дырэктарка «Белсату» – пра вынікі візіту ва Украіну


Кіраўніцтва «Белсату» перабывае з працоўным візітам ва Украіне. Найбольш важнаю падзеяй візіту стала адкрыццё офісу нашага тэлеканалу ў Кіеве, кажа дырэктарка Агнешка Рамашэўская-Гузы. Акрамя гэтага прадстаўнікі тэлеканалу сустрэліся з ваярамі палка Каліноўскага.

Сустрэча дырэктара «Белсату» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы з прадстаўнікамі палка Каліноўскага. 30 красавіка 2023 года.
Фота: полк Каліноўскага / Telegram

Дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы, каментуючы сустрэчу з прадстаўнікамі палка Каліноўскага, кажа, што адной з найважнейшых тэмаў стала інфармацыйнае ўзаемадзеянне тэлеканалу з палком Каліноўскага.

«Я заўважыла, што супраць палка ладзіцца інфармацыйная кампанія. Гэта значыць, кампанія дэзынфармацыі. І гэта прасочваецца ў сацыяльных сетках, дзе можна пабачыць розныя абвінавачанні, плёткі. Гэтага вельмі шмат. Я мяркую, што ў кожнай арганізацыі, у якой прымаюць удзел шмат асобаў, могуць быць нейкія канфлікты, нейкія непаразуменні. Але ў дачыненні палка мы бачым мэтанакіраваную інфармацыйную кампанію. У сувязі з гэтым мы вырашылі, якім чынам павінная агучвацца інфармацыі ад вайскоўцаў», – кажа кіраўніца «Белсату».

Агнешка Рамашэўская пералічвае, што журналісты не мусяць даваць непацверджаных звестак пра параненых, пра загінулых або пра перабыванне на пэўных пазіцыях. Усё гэта датычыць чалавечага жыцця, а гэта найважнейшая каштоўнасць. Таксама падчас сустрэчы пастанавілі, што ва ўмовах вайны мы не можам разглядаць баявую адзінку як грамадскую арганізацыю.

«Я перакананая, што яны робяць вельмі важную справу. Бачу адкрытасць людзей у справе супрацы з журналістамі. Бачу ангажаванасць ваяроў. Мы павінныя таксама больш даваць інфармацыі пра дзейнасць палка Каліноўскага», – кажа дырэктарка тэлеканалу.

Hавiны
«Мы разам працуем дзеля адной мэты». Полк Каліноўскага распавёў пра сустрэчу з дырэктаркай «Белсату»
2023.04.30 14:37

Найбольш важнай падзеяй падчас візіту стала адкрыццё офісу «Белсату» ва Украіне, лічыць Агнешка Рамашэўская-Гузы.

«Гэта вельмі важна, я маю надзею, што з часам у нас будзе яшчэ больш працаўнікоў ва Украіне. Мы лічым, што гэты офіс – адзін з найбольш важных нашых карэспандэнцкіх пунктаў, бо мы павінныя інфармаваць людзей пра найбольш важныя падзеі ў рэгіёне, у тым ліку і ва Украіне».

Кіраўніца «Белсату» таксама кажа, што бачыць даволі пазітыўнае стаўленне да тэлеканалу. Гэта прасочвалася і падчас сустрэчы з каліноўцамі. Таксама пазітыўнае стаўленне да «Белсату» і з боку адміністрацыі прэзідэнта Украіны.

«З таго, што зрабіла на мяне асабістае ўражанне, то гэта адчуванне такога дысанансу. Ідзе вайна, а з іншага боку, я бачу нармальнае жыццё, вось цяпер я ў Адэсе, напрыклад. І тут паўсюль бачу спробы аднавіць жыццё. Яго разбураюць, але яно прарываецца. Гэтая краіна, нацыя мае незвычайную сілу. Што б ні адбывалася, жыццё вяртаецца. І гэта робіць вельмі моцнае ўражанне. Вядома, калі цяпер глядзець на Адэсу, то ў чалавека проста баліць сэрца, паколькі вайна страшна ўдарыла па гэтым турыстычным горадзе. Але пры гэтым бачныя намаганні грамадства, каб вяртацца да нармальнасці. Я лічу, што мы таксама гэта павінныя паказваць нашаму гледачу», – падсумавала дырэктарка тэлеканалу.

Фота
У Кіеве афіцыйна адкрылася новае прадстаўніцтва «Белсату»
2023.04.27 19:12

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў