Ці лічыцца адміністратыўны арышт прагулам, і ці можна на працы размаўляць пра палітыку – каментуе юрыст


Звальненні з палітычных матываў працягваюцца і набіраюць абароты. Наколькі сітуацыя адпавядае беларускаму заканадаўству, як змагацца за свае правы «Белсату» адказаў Мікалай Шарах, прадстаўнік Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

Магілёўхімвалакно. Магілёў, Беларусь. 14 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Ці лічыцца арышт па адміністратыўным артыкуле прагулам на працы?

Гэта незаконна! Бо, гэта не ёсць свядомы ўчынак чалавека, які зрабіў гэта з уласнага жадання. Таму гэта нельга лічыць праступкам. А дысцыплінарнае пакаранне толькі за праступак, які чалавек свядома зрабіў у парушэнне працоўных нормаў.

Ці магчымае звальненне без папярэдніх вымоваў ды зафіксаваных парушэнняў з боку работніка?

Гэта парушэнне кантракту! Калі кантракт заканчваецца і наймальнік вырашае, што працягваць кантракт не будзе. Калі ў калектыўнай дамове няма канкрэтных пунктаў аб тым, што наймальнік абавязаны заключаць кантракт, напрыклад, з тым работнікам, які працуе 20 гадоў на прадпрыемстве, або які мае траіх дзяцей, то ён можа яго не перазаключаць.

Ці ёсць прафесіі, якім забаронены ўдзел у грамадскім ды палітычным жыцці краіны?

Канстытуцыя гарантуе, што кожны мае права ўдзельнічаць у палітычным жыцці. Тут абмежаванні могуць быць толькі кшталту, што ў працоўны час ты не маеш права гэтага рабіць, бо этычны кодэкс, або правілы ўнутранага распарадку – абмежаванні, якія не датычацца наагул усіх правоў чалавека.

Гісторыі
«Прыехаў куратар з КДБ і сказаў, каб мяне прыбралі». Гісторыі беларусаў, якіх звольнілі за палітычныя погляды
2021.04.06 14:47

Ці дазволена адкрытае выказванне палітычных поглядаў на працоўным месцы?

Калі забараніць палітычныя выказванні на прадпрыемстве, то трэба забараніць і вылучэнне кандыдатаў ад прадпрыемстваў. У тым ліку і арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у палітычным жыцці, тыя ж «Белая Русь», БРСМ, Саюз жанчын і г.д. То бок, усе тыя структуры, на якія сёння абапіраецца рэжым, і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) у першую чаргу.

Ці можа каментар у сацыяльных сетках стаць прычынаю звальнення?

Калі чалавек асуджаны за крымінальнае злачынства, вынесены судовы вырак, тады чалавек можа быць звольнены. Да гэтага моманту – не!

Як можна аспрэчыць вымовы ды звальненне?

Супрацьдзеянне працаўніка можа быць такое: звярнуцца ў камісію па працоўных спрэчках, якая ёсць на прадпрыемстве, абскардзіць гэта там. Звычайна гэта складана, бо камісіі гэтыя ствараюцца такім чынам, каб усе рашэнні наймальніка праходзілі. І наступны крок – гэта звяртацца ў суд.

Дзе аспрэчваць палітычна матываванае звальненне?

З прававога пункту гледжання гэта парушэнне. Асоба, якая звярнулася ў суд, мусіць праз суд быць адноўленая на працы. Толькі ці здольны гэты наш суд прыняць такое рашэнне – гэта іншае пытанне. Але ўсё ж такі звяртацца трэба, бо гэта доказ таго, што ёсць парушэнні, і што ты не прызнаеш сябе вінаватым.

Даведка

Паводле звестак Белстату, сёлета ў студзені са сферы аховы здароўя звольнілі на 754 асобы болей, чым прынялі на працу.

Агулам жа ў айчыннай медыцыне застаюцца вакантнымі каля шасці тысячаў працоўных месцаў:

медычная сястра – 2,4 тыс. месцаў;

доктар-спецыяліст – 2,3 тыс. месцаў;

санітар – 1,2 тыс. месцаў;

фельчар-лабарант – 364 месцы;

фельчар – 260 месцаў.

Такім чынам, падсумуем:

  • Адміністратыўны арышт не можа быць прычынаю вымовы на працы.
  • Канстытуцыя дазваляе браць удзел у палітычным жыцці ўсім грамадзянам.
  • Звольніць за каментар, пакінуты ў сацыяльных сетках, могуць толькі калі ён прызнаны крымінальным злачынствам.
  • Палітычныя вымовы і звальненні трэба аспрэчваць у судзе.

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

 

Стужка навінаў