Лукашэнка памілаваў братоў Косцевых, асуджаных да расстрэлу. Раней называў іх падонкамі


Ілля і Станіслаў Косцевы. Фота belsat.eu

Каардынатару кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэю Палудзе стала вядома пра памілаванне братоў Косцевых. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

30 красавіка сваякі асуджаных да смяротнага пакарання Іллі і Станіслава Косцевых спрабавалі перадаць ім перадачу ў СІЗА-1. Але дзяжурны перадачу не прыняў і сказаў, што наконт асуджаных прыйшла папера аб памілаванні з адміністрацыі Лукашэнкі. Цяпер хлопцы знаходзяцца ўжо не пад юрысдыкцыяй СІЗА-1, а адбываюць каранцін для этапавання ў жодзінскую турму.

Ніякай паперы родным Косцевых не далі, але яны спадзяюцца, што атрымаюць афіцыйнае пацверджанне інфармацыі на пачатку наступнага тыдня.

Праваабаронцам вядомы толькі адзіны ранейшы выпадак памілавання асуджанага да смяротнага пакарання за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.

Hавiны
Сястра прысуджаных да расстрэлу Іллі і Станіслава Косцевых звярнулася да Лукашэнкі
2020.03.11 08:57

47-гадовая настаўніца з Чэрыкава Наталля Кастрыца была забітая 10 красавіка 2019 года ва ўласным доме. Па версіі дзяржабвінавачання, паміж братамі і іх былой настаўніцай быў канфлікт. У свой час жанчына распавяла праваахоўнікам, што сястра братоў не выконвае належным чынам свае бацькоўскія абавязкі – маладая жанчына знаходзілася ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. Праз гэта сям’ю паставілі на прафілактычны ўлік як якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Падчас застолля дома п’яныя браты ўспомнілі пра сваю непрыязнасць да суседкі – і пайшлі да яе разабрацца. Калі жанчына ўпусціла маладых людзей у дом, яны сталі збіваць яе, а потым пачалі біць нажом.

Браты забілі жанчыну, скралі ў яе кампʼютар і прадукты харчавання, а затым падпалілі дом ахвяры, каб схаваць сляды злачынства. Паводле следства, Косцевы нанеслі настаўніцы больш за 100 нажавых раненняў.

Справа аб забойстве ў Чэрыкаве знаходзілася на кантролі Аляксандра Лукашэнкі:

«У нас на кантролі прэзідэнта ёсць грамадсказначныя справы. Учора мне дакладваў старшыня Вярхоўнага суду аб разглядзе гэтых справаў. Вось адно з іх. Два падонка, інакш іх не назавеш – ужо і разбоі былі, і каралі іх – забілі сваю настаўніцу. За тое, што яна абараніла дваіх дзетак іх сястры. Сястра ніякая, асацыяльны элемент. А [настаўніца] абараніла іх і запатрабавала забраць з сямʼі. Яны яе рэзалі ўсю ноч. Яны забівалі яе ўсю ноч. Яна ўмольвала, прасіла, і ў рэшце рэшт яны яе да раніцы дабілі».

У выніку 10 студзеня 2020 года Магілёўскі абласны суд на выязным паседжанні ў Чэрыкаве вынес смяротны вырак Іллі і Станіславу Косцевым за жорсткае забойства настаўніцы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў