Дэпутатка Дзярждумы намякнула, што абвінавачаных у тэракце ў «Крокусе» могуць расстраляць у Беларусі


Дэпутатка расейскай Дзярждумы Марыя Буціна заявіла, што Беларусь мае права судзіць фігурантаў справы аб тэракце ў «Crocus City Hall», паколькі ў выніку нападу загінулі беларускія грамадзяне.

Дэпутатка Дзярждумы РФ Марыя Буціна. Скрыншот з відэа АТН / YouTube

«Я дастаткова добра інфармаваная наконт вашага заканадаўства, у тым ліку аб смяротным пакаранні, якое прысутнічае. У дадзеным выпадку гэта – забойства двух і больш асобаў. Таму вы маеце роўна такое ж права на суд над гэтымі людзьмі, як і Расейская Федэрацыя. Я думаю, што па лініі кампетэнтных органаў ужо ідзе з гэтай нагоды абмеркаванне», – заявіла Марыя Буціна ў праграме «Клуб рэдактараў» на БТ.

Паводле дэпутаткі, калі тэрарысты разлічваюць на тое, што ў Расеі цяпер уведзены мараторый на смяротнае пакаранне, і таму яны змогуць гэтага пазбегнуць, «то давайце яшчэ пачакаем, паглядзім».

«Перамовы вядуцца», – дадала яна.

Нагадаем, увечары 22 сакавіка перад пачаткам канцэрту гурта «Пікнік» у падмаскоўную канцэртную залю «Crocus City Hall« уварвалася група мужчын у камуфляжы. Яны пачалі расстрэльваць людзей і падпалілі будынак. Паводле апошніх дадзеных, загінулі 144 чалавекі, у тым ліку трое грамадзянаў Беларусі.

Адказнасць за тэракт узяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».

У межах справы справы аб тэракце ў «Crocus City Hall» расейскі суд арыштаваў 9 чалавек.

Абноўлена
Памёр грамадзянін Беларусі, які быў паранены падчас тэракту ў Падмаскоўі
2024.03.29 10:47

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў