Кіраўнік індустрыйнага парку «Вялікі камень» расказаў, ці акупіліся выдаткі на стварэнне


У кітайска-беларускі індустрыйны парк «Вялікі камень» ўклалі 800 мільёнаў долараў, паведаміў кіраўнік адміністрацыі парку Аляксандр Ярашэнка. Сродкі на пабудову пакуль не акупіліся.

Індустрыйны парк «Вялікі камень». Крыніца: greenbelarus.info

«Калі казаць увогуле ў сукупнасці выдаткаў, пакуль яны не акупіліся, бо ў гэты праект уклалі больш за 800 мільёнаў долараў. Гэта вельмі вялікія грошы. Але калі казаць пра бюджэт Рэспублікі Беларусь, то мы свае выдаткі ўжо акупілі, бо мы затрацілі больш за 37,5 мільёна долараў з моманту яго асваення. І цяпер каля 60 мільёнаў долараў мы ўжо ў бюджэт вярнулі. Нягледзячы на тое, што мы валодаем сур’ёзнымі ільготнымі палітыкамі», – сказаў Ярашэнка.

Паводле кіраўніка адміністрацыі, гэта звязана з тым, што індустрыйнага парку не абышлі ўзрушэнні, што адбываюцца ў тым ліку ў свеце. Аднак ён заявіў, што цяпер рэзідэнты вядуць экспарт у 20 краінаў свету. Ярашэнка чакае, што па выніках 2022 года абʼём экспарту перавысіць 100 мільёнаў долараў.

Аляксандр Ярашэнка адзначыў, што ў плане экспарту праца збольшага вядзецца на еўразійскім кантыненце, але пастаўкі ажыццяўляюцца і ў іншыя краіны свету, у тым ліку ЗША ды Еўропу.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў