«Грузіны пішуць на ўсю сцяну, што гэта іхны рэстаран, а беларусы – не». У Варшаве адкрылі кавярню, дзе ганарацца Беларуссю


Паўгода таму нарадзінец Зэльвы Яўген Скрабутан адкрыў у Варшаве кавярню «Какава. Беларуская выпечка», дзе робіць какаву без цукру, прадае хатнія смятаннікі і знаёміць кліентаў паміж сабою. На просьбу Яна Лісіцкага прадпрымальнік распавёў пра бізнес у эміграцыі, беларускую мову за прылаўкам і тое, чым польскія кліенты адрозніваюцца ад іншых.

Яўген Скрабутан
Яўген Скрабутан на ганку сваёй кавярні ў Варшаве.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

У Беларусі я з сябрамі меў фірму: мы распавядалі палякам пра Беларусь, дапамагалі афармляць пропускі ў памежную зону, ладзілі роварныя падарожжы. Праз каронавірус і 2020-ы год гэты бізнес разваліўся, а ўсё, што было і мела быць створана беларускаю сфераю паслуг, – рэстараны, аграсядзібы, роварны пераход паміж Берасцем і Тэрэспалем – пайшло кату пад хвост.

Пасля выбараў мне трэба было недзе пераседзець, я прыехаў у Варшаву, але часовы выезд зацягнуўся на 2,5 года. Варшава – горад майго студэнцтва. Я давучваўся ў Варшаўскім універсітэце пасля акцыяў пратэсту 2006-га. Пасля вучобы вярнуўся ў Беларусь, але неаднаразова вяртаўся ў гэты горад з працоўнымі справамі або проста да сяброў. Тут шмат беларусаў і шмат магчымасцяў для беларусаў. Тут зразумелыя правілы гульні, мова, людзі.

Прадаваць булачкі я не планаваў – хутчэй мне марыўся бар, дзе можна прымаць сяброў: я з сігараю за барнаю стойкаю, мы выпіваем, размаўляем, згадваем маладосць. Аднак мае блізкія шмат пяклі. Жонка – кексы, булачкі, піражкі, тарты. Сястра – хлеб. І ўсё гэта даводзілася есці. І калі самі ўжо не давалі рады, прапаноўвалі нашым суседзям, прадавалі праз інтэрнэт. Неяк абсалютна спантанна падумалі, чаму не прадаваць гэта ў сваім пункце. Паразмаўлялі з уладальнікамі кавярняў – аказалася, гэта шмат не каштуе. Падлічылі рызыкі, наважыліся – і адкрыліся.

Нам пашанцавала: мы арандавалі памяшканне, у якім толькі зрабілі касметычны рамонт. Нам заставалася толькі набыць мэблю і зрабіць графіці.

Яўген Скрабутан
Яўген Скрабутан робіць каву ў сваёй кавярні ў Варшаве.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Кававая машына каштуе 35 тысячаў злотых [каля $ 8000. – Заўв. рэд.], але мы знайшлі добрыя ўмовы арэнды ў кампаніі, якая гандлюе каваю: за яе не плацім, але набываем кавы мінімум на 1000 злотых за месяц. Фактычна за тры гады мы сплацім цану апарата. Пасля можам выкупіць яго за невялікую суму. Натуральна, гэтая кава даражэйшая, чымся ў інтэрнэце, але ў гэтую суму ўваходзіць навучанне на курсах барысты, тэхнічнае абслугоўванне машыны і рэкламныя матэрыялы кшталту фірмовага посуду, падносаў і сурвэтак. Партнёры зацікаўленыя, каб смак нашае кавы быў такі ж, як у Італіі. Таму яны рэгулярна прыязджаюць, каштуюць, смакуюць, нешта настройваюць.

Калі наш хлеб здабыў папулярнасць, аказалася, што аматарскага падыходу недастаткова: мы разрэкламавалі прадукт, да нас пачалі прыходзіць людзі, а мы не давалі рады пячы столькі хлеба за даступную цану – удома яго шмат не зробіш. А плаціць высокую цану за хлеб людзі не гатовыя.

Пазней да нас сталі звяртацца кулінары – беларусы, украінцы – і прапаноўваюць свае паслугі. Гэта зняло з нас вялізарную нагрузку: мы ў адным месцы робім арэшкі, у другім – макароны, у трэцім – смятаннікі, удома пячом маркоўныя пірагі і какосавае печыва.

Слодычы
Макароны ды арэшкі з меню кавярні «Kakao».
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Цяпер мы разумеем, што нам трэба інвеставаць у вялікі пякарнік тут, каб за адным разам зрабіць шмат на месцы, ашчаджаючы на электраэнергіі і дастаўцы.

Пакуль я прынамсі не расчараваны: усё выходзіць больш-менш так, як мы пралічылі ў бізнес-плане. Вядома, немагчыма было прадугледзець росту цэнаў на электраэнергію ў пяць разоў або падаражэнне кавы, але намагаемся ашчаджаць у іншых месцах, каб не павышаць цаны на каву. Яе прадаем кожны месяц па-рознаму. У верасні згатавалі шэсць кілаграмаў, у снежні – толькі адзін. Шмат залежыць ад надвор’я: цёпла і свеціць сонца – кліентаў шмат, ідзе дождж – нікога няма. Цяпер больш набываюць булачкі, чымся п’юць каву. Чакаем вясны.

Пра назву

Нам важна было падкрэсліць, што мы – беларускае месца. У Варшаве шмат беларусаў адкрылі кавярні, але ў іхных назвах і лагатыпах няма ніякае сувязі з Беларуссю. Мы хацелі не проста зарабляць, а паказаць, што гэты мы. Грузіны пішуць на ўсю сцяну: «Грузінская кухня». Гэтак робяць армяне, кітайцы, а беларусы – не. Прыдумляюць назвы па-англійску, па-іспанску, нейкія новыя словы выдумляюць. У нас проста – «Какава. Беларуская выпечка». І гэта прыцягвае людзей, з якімі можна паразмаўляць і распавесці пра нашую краіну, што ў ёй ёсць добрага.

Сённяшняя кавярня – гэта амаль тое ж, што я рабіў у Беларусі. Кожны дзень распавядаю палякам пра Беларусь, толькі не онлайн, а асабіста.

Адна з мэтаў наўмыснага падкрэслівання беларускасці маёй кавярні цяпер – паказаць, што мы не прыхільнікі маскоўшчыны, пуцінізму і вайны.

Дарэчы, вельмі шмат украінцаў прыходзіць. Пытаюцца, ці не за Лукашэнку я. Вы што, кажу. Яны тады адразу набываюць булачкі. Большасць кажа, што я першы беларускамоўны беларус, якога яны бачыць і нармальна разумеюць. Я б хацеў паказаць, што мы нармальная сучасная еўрапейская нацыя. Мы маем сваю мову, культуры, традыцыі – і выпечку. Дарэчы, агульную для нас усіх.

Спачатку наагул хацеў назваць кавярню «Балтачарнаморская выпечка».

Літоўцы кажуць, што мы прадаем хлеб, як і ў іх. Палякі згадваюць, як іхныя бабулі пяклі такія ж арэшкі са згушчонкай. Украінцы кажуць, што піражкі з бульбай – іхнае вынаходства. У маёй кавярні людзі разумеюць, што мы вельмі блізкія, што варта не ваяваць і сварыцца, а будаваць нешта супольнае. Вораг у нас адзін, і трэба аб’ядноўвацца, а не наадварот.

Пра мову

Людзі, якія прыходзяць упершыню, не чакаюць пабачыць беларускамоўнага гаспадара. Многія ўпадаюць у ступар. Пасля пачынаюць пытацца, адкуль я. Я пытаюся, адкуль яны. Сустрэў вельмі шмат сваіх землякоў – са Слоніму, з Ваўкавыску, хаця з Зэльвы яшчэ нікога не было, дарэчы. Шмат хто не кажа пра сваю малую радзіму: гавораць, што з Горадні ці Менску, а потым аказваецца, што насамрэч з Дзятлава або Барысава. На развітанне нават расейскамоўныя кажуць: «дзякуй», «да пабачэння».

У доме, дзе месціцца гэтая кавярня, жывуць пяць беларускіх сем’яў. Раней яны бачыліся і не ведалі, што яны землякі, а пазней перазнаёміліся – у гэтай кавярні.

Былі дзве дзяўчыны, якія дамовіліся сустрэцца праз нейкую праграму для знаёмства беларускамоўных. Яно падобнае да Tinder, але не ведаеш, хто прыйдзе: дзяўчына, хлопец, бабуля ці дзядуля. Кожная ехала сюды 40 хвілінаў з розных канцоў Варшавы, потым сядзелі тут гадзіну, размаўлялі пра культуру і мастацтва.

Пра бізнес у Польшчы

Фірму ў Польшчы можна адкрыць праз інтэрнэт. Дзяржаўныя органы ў Польшчы зусім іншыя, чымся ў Беларусі: табе хочуць дапамагчы, каб ты не рабіў памылак, каб ім потым не даводзілася да цябе ехаць і даваць штраф. Паказваюць і падказваюць, як зрабіць адразу і правільна. У Беларусі чыноўнікі і бізнес – гэта людзі, якія жывуць у розных плоскасцях. Ты ім не патрэбны. Яны разважаюць так: рабі як хочаш, але заўтра я да цябе прыйду і дам абавязкова штраф. Тут стаўленне іншае. Ёсць сайт biznes.gov.pl з усімі кантактамі і гарачымі лініямі, куды можна пазваніць, задаць абсалютна любое пытанне – і табе патлумачаць.

Ёсць польскія і еўразвязаўскія праграмы падтрымання прадпрымальнікаў, але мы імі не карысталіся. Першыя два гады дзейнасці прадпрымальнікі маюць зніжкі ў сплаце адлічэнняў у мясцовы адпаведніка нашага ФСАН.

Яўген Скрабутан
Яўген Скрабутан.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Мы шукаем кантактаў з беларускім бізнесам. Шмат хто апынуўся тут у цяжкай сітуацыі, хочацца падтрымліваць сваіх. Цяпер усё, што мы прадаем, робіцца рукамі беларусаў, нешта дапамагаюць рабіць украінцы. Агулам гэта каля дзесяці чалавек. Вось камбучу гэтую робіць каля Варшавы мужык з Берасця. Мы калісьці супрацоўнічалі з ім у Беларусі, а тут выпадкова сустрэліся – і зноў пачалі.

Пра палякаў

Спачатку да нас прыходзіла шмат беларусаў, украінцаў і грузінаў, цяпер большасць – палякі.

У іх заўважна больш грошай, яны не звяртаюць увагі на цэны. Спачатку ў нас не было цэннікаў, а яны нават не пыталіся: адразу прасілі, напрыклад, слоічак веганскай карамелі. У той жа час палякі больш патрабавальныя: пытаюць пра суадносіны жыта і пшаніцы ў выпечцы або колькі грамаў цукру ў булачцы. Адная дзяўчына запыталася, якога памолу і які гатунак кмену мы ўжываем пры прадукцыі нашага хлеба. Людзі хочуць ведаць, з чаго зробленыя прадукты, якія яны набываюць, і гатовыя за гэта плаціць грошы. Вельмі шмат людзей просіць каву з раслінным малаком або малаком без лактозы.

Аднойчы да нас прыйшла бабулька, узяла эспрэса. А пасля палезла па таблетку. Я спалохаўся. А яна супакойвае: «Усё нармальна, дай мне вады». Кажа, павышаны ціск, але не можа адмовіцца ад кавы. Жыве ў суседнім доме. Раней двойчы на дзень хадзіла ў суседнюю кавярню побач, а цяпер раз ходзіць да іх, раз – да нас, і так штодня.

Запісаў Ян Лісіцкі belsat.eu

Стужка навінаў