КНДР запусціла «неапазнаны снарад» у бок Японіі


Паўночная Карэя 30 студзеня, магчыма, запусціла ў бок Японскага мора балістычную ракету. Пра гэта паведамляюць японскія і паўднёвакарэйскія ўлады.

Кім Чэн Ын скачыць на кані.
Фота: kcna.kp

Паводле прадстаўніка ўрада Японіі Хіракадзу Мацуны, «неапазнаны снарад» праляцеў каля 800 км, максімальная вышыня палёту склала каля 2 тыс. км. Звестак пра шкоду ад пуску пакуль няма.

Паўднёвакарэйскія вайскоўцы мяркуюць, што запуск ажыццявілі з правінцыі Чаганда. Ракета перавысіла хуткасць гуку ў 16 разоў, як мяркуецца, гэта была ракета сярэдняй далёкасці «Хвасон-12».

Гэта сёмы пуск, які Паўночная Карэя зрабіла з пачатку года.

У КНДР заяўляюць, што іх зброя не накіраваная на канкрэтную дзяржаву і не пагражае суседнім краінам, а толькі з’яўляецца часткай мадэрнізацыі арміі. А ў выпадку ўвядзення новых санкцыяў за ракетныя пускі абяцаюць даць «рашучы адказ».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў