30 чалавек загінулі ў выніку расейскай атакі па Украіне 29 снежня


У выніку атакі, якую здзейснілі расейскія войскі па тэрыторыі Украіны 29 снежня, загінула 30 чалавек, больш за 160 – параненыя. Такія звесткі прывёў кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка.

Супрацоўнік Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацыяў падчас выратавальнай аперацыі.
Фота: Ігор Клименко | МВС / Telegram

Пры гэтым супрацоўнікам службы надзвычайных сітуацыяў удалося выратаваць 53 чалавек.

«53 чалавекі сёння выратавалі нашы тытаны з ДСНС [Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацый. – заўв. Белсат]. 8 з выратаваных дасталі з-пад завалаў», – адзначыў Кліменка ў сваім допісе ў Telegram увечары 29 снежня.

Як паведамляе мэр Кіева Віталь Клічко, станам на 18:00 па ўкраінскім часе вядома пра 9 загінулых.

Супрацоўнік Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацыяў падчас выратавальнай аперацыі.
Фота: Ігор Клименко | МВС / Telegram

У сувязі з людскімі ахвярамі ў Адэсе будзе абвешчаная жалоба. У горадзе падчас абстрэлу загінула 4 чалавекі.

Таксама чалавечыя ахвяры ёсць у Дняпры, Запарожжы.

Уладзімір Зяленскі ў сваім традыцыйным вечаровым звароце адзначыў, што ў выніку атакі таксама разбураныя больш за 100 прыватных будынкаў, 45 шматпавярховых дамоў, школы, дзве царквы, лякарні, шмат гандлёвых і складскіх памяшканняў.

У сувязі з расейскім нападам на Украіну прэзідэнт ЗША Джо Байдэн звярнуўся да Кангрэсу з заклікам як найхутчэй падтрымаць вылучэнне дапамогі для Украіны.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў