«Калі прыйдзе дзень пераменаў, скокнем у машыну і паляцім ракетай». Бчб-нявеста пра свой першы год не ў Беларусі


Іна Зайцава з сям’ёй цяпер жыве ва Украіне. Яна была вымушаная бегчы з радзімы праз пераслед з боку ўладаў. Мы пагутарылі з Інай пра яе славуты вобраз і распыталі аб планах на будучыню.

Марш герояў
Іна Зайцава.
Фота: Белсат

Тое, як з’явіўся вядомы вобраз Іны, гучыць, нібыта казка:

«Жыла сабе хатняя гаспадыня, пілавала сабе дошкі, сядзела дома, і ўсё ў яе было добра: муж, дзеці. І тут муж мне пачаў казаць, што да выбараў нешта плануецца, і ёсць такі цікавы кандыдат – Віктар Бабарыка. Я паглядзела фота, нейкі такі нязграбны. Думаю: што тут цікавага. А муж мне кажа: Іна, паслухай хоць адно ягонае інтэрв’ю, нават якому два гады. Я прасавала бясконцую купу адзення і ўключыла інтэрв’ю Бабарыкі, дзе ён разважаў пра любоў і механізмы пабудовы сістэмы кіравання, пра планы і сваю дабрачынную ды культурніцкую дзейнасць. Я на сярэдзіне інтэрв’ю зразумела, што ў мяне ў галаве пульсуе толькі адна думка: о, богі, няўжо нашай краінай можа кіраваць нехта разумны, нехта прыстойны! Нават не верыцца».

З таго часу Іна пачала цікавіцца перадвыбарчай кампаніяй і фактычна прайшла шлях шмат каго з беларусаў: ад абыякавасці да актыўных дзеянняў.

«Я стала абурацца затрыманням, ператрусам, як Ціханоўскага бралі з гэтай правакацыяй. Мне вельмі імпанавала пазіцыя Бабарыкі: узяць адказнасць на сябе за сваю краіну, і што ніхто нікому не вінны. Я пайшла назіральніцай на выбары. У нас Ціханоўская перамагла, дарэчы. Калі пачаліся падзеі 9–10 жніўня, я была ў горадзе, бачыла ўсё на свае вочы. Я назбірала гэтую энергію абурэння і змагла сабе дазволіць, як маці дваіх дзяцей, такую мірную форму пратэсту», – згадвае наша суразмоўца.

Фільмы
Колеры нацыі
2021.03.25 19:45

Узяць і пафарбаваць сваю вясельную сукенку Іна вырашыла ў верасні. Да таго часу спадарыня ўжо зразумела, як ёй блізкая нацыянальная сімволіка.

«Для мяне надзець сваю вясельную сукенку з намаляванай чырвонай паласой было настолькі відавочна, што я была ўпэўненая: такіх, як я, будуць тысячы. Асабліва пасля таго, як я першы раз выйшла. Думала, што будзе яшчэ тысяча нявест. Я думала, што калі мы ўсё адно ходзім, то чаму б не рабіць гэта гучна. А калі ўсё адно садзяць, то хай гэта будзе нешта такое, што пакінула б пасля сябе адбітак. Крыўдна сядзець, калі ты проста міма праходзіў», – перакананая Іна.

Іна назірае за выбарамі ў 2020 годзе. Фота прадстаўленае «Белсату»

Затрыманне гераіні пратэсту ў Горадні стала гучнай гісторыяй. Туды яна выправілася, каб падтрымаць працоўных з «Горадня-Азоту»:

«Людзі ўжо з сабой баяліся сцягі насіць. Бо калі ў цябе знаходзілі сцяг у сумцы, то гэта таксама лічылі пікетаваннем і адпраўлялі людзей на содні. І ў той перыяд быў покліч аб падтрыманні «Горадні-Азоту», усе вельмі разлічвалі на яго тады. Гэта быў заклік Ціханоўскай аб забастоўцы, і працоўных пачалі збіваць, затрымліваць. І мы, менчукі, вырашылі ехаць іх падтрымаць».

Іна Зайцава каля будынку «Горадня-Азоту». Фота instagram.com/zaitsevaina/

Іна зрабіла фота каля заводу, даслала ў медыі, яго адразу апублікавалі і ўсе даведаліся, дзе цяпер бчб-нявеста. Спадарыня ўжо збіралася вяртацца з Горадні ў Менск, калі ёй патэлефанавалі нібыта фанаты і папрасілі сустрэцца.

«Мая пільнасць прыгасла, і я запрасіла іх на сустрэчу, хаця я ўжо была ў машыне і трэба было ехаць з гораду. Яны пад’ехалі і ўзялі мяне, запісалі яшчэ відэаінтэрв’ю, якое потым на БТ паказвалі, намагаліся мяне на нейкія заявы раскруціць, але ў іх нічога не атрымалася. І адправілі мяне ў ІЧУ, забралі сукенку і пакаралі штрафам. Так скончылася маё рандэву ў Горадні», – распавядае Іна.

Дом Зайцавых у Беларусі. Фота прадстаўленае «Белсату»

Аднак пасля таго выпадку спадарыня яшчэ не была гатовая з’ехаць з краіны. На момант, калі яна пакідала Беларусь, у яе было 9 пратаколаў.

«Кожная мая фатаграфія ў СМІ прыводзіла да запрашэння ў РУУС. Я прыязджала, мы міла гутарылі ў кабінеце, пілі каву. То бок следчыя нібыта таксама хацелі пераменаў, але каб гэта нехта іншы зрабіў. Потым мне патэлефанавалі і сказалі, што ў іх быў нейкі сход, прысвечаны нашай сям’і, і мяне па-добраму, далікатна папрасілі, каб мы заціхлі і супакоіліся, сказалі, што няма такога варыянту, каб нас пакінулі ў спакоі. Тады мы пачалі з мужам абмяркоўваць, што надыдзе такі момант, калі давядзецца з’ехаць», – згадвае суразмоўца.

Іна Зайцава.
Фота: Белсат

Муж Іны доўга не мог паверыць, што ягоную жонку могуць пасадзіць проста за тое, што яна надзявае вясельную сукенку:

«Ён казаў, што гэта ўжо будзе суперрэпрэсіўная дзяржава, і мы да такога не дайшлі. А потым нас двох выклікалі за сцяг на нашым доме. Я запытала, ці будуць каго з нас саджаць, яны сказалі, што не, але мы сабралі мужавы рэчы. І проста зайшоў у кабінет кіраўнік РУУСу і сказаў, што Зайцаў паедзе на Акрэсціна. Следчы сам быў разгублены, мне падалося. І ён мне кажа: калі ласка, супакойцеся. А як ты супакоішся, калі ты бчб-нявеста?»

У Іны і мужа быў план на такі выпадак: калі яго садзяць у турму, яна з дзецьмі з’яджае за мяжу. На той час малодшаму дзіцяці не было яшчэ трох гадоў, і спадарыня баялася, што дзетак накіруюць у прытулак. А пакуль дзядуля і бабуля будуць даказваць свае правы на догляд за малымі, тыя атрымаюць моцную траўму.

Артыкулы
«Я думаў пра будучыню сваіх дзяцей». Гісторыя чыгуначніка з Ваўкавыску, якога судзілі паводле пяці артыкулаў
2021.11.24 13:29

«Мы вельмі добра ўзважвалі, што можа быць з дзецьмі, і вырашылі, што не можам рызыкаваць. Таму пастанавілі, што я з дзецьмі з’еду, каб Андрэй ведаў, што мы ў бяспецы. І 17 снежня мінулага года мы напхалі ў аўтамабіль рэчы, усё, што маглі звезці, і паехалі ва Украіну. Быў моцны стрэс і пастаяннае чаканне затрымання. Муж адседзеў 13 содняў за пікет, і потым праз месяц ён да нас прыехаў», – прызнаецца Іна.

Новы дом ва Украіне. Фота прадстаўленае «Белсату»

Зайцавы спачатку здымалі жытло ў Кіеве і спадзяваліся, што ўвесну адновяцца пратэсты, нешта зменіцца, яны вернуцца дадому. Але потым яны зразумелі, што аднавіць пратэсты ў леташнім фармаце ўжо немагчыма. Тады яны набылі дом пад Кіевам, цяпер робяць там рамонт, а Іна вядзе блог пра сваё жыццё:

«Мае падпісанты нават мне пішуць: Іна, ты б не паведамляла дзе ты. А чаго саромецца? Калі гэбэшнікі мяне захочуць знайсці, яны мяне ўсё адно знойдуць. Таму хопіць баяцца, я ў Беларусі набаялася. Колькі можна?»

Іна прызнаецца, што ў сям’і няма планаў на эміграцыю, яны чакаюць, калі дома нешта зменіцца:

«Мы вырашылі далёка не з’яджаць ад мяжы. Набылі старэнькую хатку і дзёрнулі туды. Мы ў захапленні ад вясковага жыцця ва Украіне. Тут вёскі насамрэч зручныя для жыцця, няма патрэбы ездзіць у горад. Адзінае – пытанне з працай, але мы з мужам працуем дыстанцыйна, і не прывязаныя да гораду».

Спадарыня прызнаецца, што ўласная нерухомасць не стане для Зайцавых прычынаю застацца ва Украіне.

«У нас тут стары сад, вельмі тэрапеўтычнае месца. Калі ў цябе двое дзяцей, то складана арандаваць жытло і быць у падвешаным стане. Хацелася зазямліцца. Але калі прыйдзе дзень пераменаў, мы збіраемся і едзем дадому. Скокнем у машыну і паляцім ракетай. Буду ў бчб-сукенцы на капоце сядзець», – кажа Іна.

Артыкулы
«Мама прасіла – хлопцы, не лезьце ў палітыку, пазабіваюць. Як у ваду глядзела». Размова з братам Вітольда Ашурка
2021.12.26 07:35

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў