Падаражэе адукацыя і патаннее стаматалогія. Што чакае беларусаў у снежні


«Белсат» падрыхтаваў спіс зменаў, якія чакаюць беларусаў у апошні месяц 2023 года. Тут і новыя кошты, і падаражэнне крэдытаў, і проста новыя змены ў заканадаўстве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Вакацыі і выходныя

24 снежня беларускія школьнікі пойдуць на вакацыі і вернуцца за парты толькі 8 студзеня. А ў дарослых вялікія выходныя будуць тры дні запар – з 23 да 25 снежня, а таксама чатыры – з 30 снежня да 2 студзеня.

Святочную атмасферу абяцаюць ужо з пачатку месяца. Прынамсі, галоўную ялінку ў Менску павінны ўпрыгожыць да 8 снежня. Агулам у сталіцы іх будзе 27.

Памяняць апоны

Кіроўцам да 1 снежня неабходна змяніць летнія аўтамабільныя апоны на зімовыя, калі яны гэтага яшчэ не зрабілі. Парушальнікам пагражае адміністратыўная адказнасць. Упершыню прадугледжанае пісьмовае папярэджанне ці штраф памерам да 37 рублёў, паўторнае парушэнне цягне ад 74 да 185 рублёў штрафу. Калі па віне такога кіроўцы адбудзецца аварыя, то штраф вырасце ад 185 да 740 рублёў, а ўладальнік транспартнага сродку рызыкуе страціць правы на тэрмін да 2 гадоў.

Таксама рэкамендуецца перайсці на зімовы, больш спакойны і акуратны стыль кіравання. Пешаходам раяць праяўляць максімум увагі пры пераходзе праезнай часткі.

Што падаражэе

У снежні зноў адбудзецца рост кошту навучання ў ВНУ. Павышэнне складзе ад 3 да 17 % у залежнасці ад спецыяльнасці – адпаведныя рашэнні кожная навучальная ўстанова будзе прымаць асобна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

З 1 снежня на 30 капеек падаражэюць цыгарэты «Pall Mall Superslims Azur», некалькі найменняў «Dunhill», «Kent», «Camel» і два «Vogue La Cigarette». На 20 капеек стануць даражэйшымі «Camel Original Blue Special» і «Camel Original Yellow Special».

У Берасці з 1 снежня праезд у гарадскіх маршрутных таксі падаражэе. Рост складзе 20 % – з 1,5 да 1,8 рубля.

Крэдыты стануць даражэйшымі

У снежні крыху павысяцца стаўкі крэдытаў камерцыйных банкаў, у тым ліку і на жытло. Гэта звязана з тым, што Нацбанк зацвердзіў новыя значэнні разліковых велічынь стандартнай рызыкі на снежань 2023 года. Для новых крэдытаў у рублях, выдадзеных фізічным асобам, разліковая велічыня на снежань складзе 15,25 % гадавых (у лістападзе паказнік быў 14,61 % гадавых). Прыблізна гэтак жа прапарцыйна могуць вырасці стаўкі крэдытаў.

Новая камісія ад банку

«Альфа-банк» з 1 снежня ўвядзе дадатковую камісію за СМС-паведамленні пра расходныя аперацыі з выкарыстаннем нумара мабільнага тэлефона замежнага аператара сувязі. Збор складзе 19,99 рубля на месяц.

А што патаннее

У снежні набудзе моц пастанова Міністэрства аховы здароўя пра «зніжэнне неабгрунтавана высокіх тарыфаў» на стаматалагічныя паслугі. Але датычыць яна толькі прыватных клінік. У ведамстве заяўляюць, што выдаленне малочнага зуба ў сярэднім будзе таннейшым на 33 % (каштавала 127 рублёў, будзе 85,6 рубля), складанае выдаленне – на 42 % (каштавала 479 рублёў, будзе 278), лячэнне сярэдняга карыесу – на 47 % (каштавала 163 рублі, будзе 86,40 рубля).

Каментар
Беларускім стаматолагам урэжуць цэны. Але яны звыклі «працаваць у стане катастрофы»
2023.11.21 17:27

Таксама пачнуць па-новаму разлічваць кошт лекаў. Да 1 снежня павінна завяршыцца рэгістрацыя гранічных адпускных цэнаў вытворцаў на лекавыя прэпараты, якія прадаюцца ў краіне. Згодна з новай методыкай, разлік будуць праводзіць, зыходзячы з сярэдняй цаны рэалізацыі лекаў за апошнія паўгода і кошту аналагічнага леку ў 13 рэферэнтных дзяржавах і краіне-вытворцы.

Абновяць «спісы дармаедаў»

З 1 снежня зноў адкарэктуюць спісы незанятых у эканоміцы. Каб не трапіць у гэты спіс, грамадзяне Беларусі павінны былі да 21 кастрычніка падаць у камісію для каардынацыі працы садзейнічання занятасці дакументы, якія пацвярджаюць занятасць. Тыя, хто трапіў у базу «дармаедаў», будуць цалкам пакрываць некаторыя віды жыллёва-камунальных паслугаў: газазабеспячэнне, падагрэў вады і ацяпленне.

Новаўвядзенні для дачнікаў

У снежні запрацуюць змены ў дзейнасці садоўніцкіх таварыстваў. Гэтак, змяняецца ўзаемадзеянне праўлення СТ з райвыканкамам пры запыце некаторых дакументаў. А чальцы таварыстваў, якія не зарэгістравалі сваіх правоў на зямельныя ўчасткі, абавязаныя цягам трох гадоў аформіць на іх дакументы. Таксама можна будзе перадаць трансфарматар і ЛЭП з уласнасці таварыства на баланс мясцовай энергазабеспячальнай арганізацыі ды прадугледжаная магчымасць змянення падыходаў да выплаты сяброўскіх унёскаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Новы кошык

З 1 снежня набудзе моц пастанова Савету Міністраў, якая карэктуе нормы мінімальнага прадуктовага набору. Гэты паказнік паўплывае потым на бюджэт пражыткавага мінімуму, што будзе перагледжаны 1 лютага. У прыватнасці, у новы пералік уключылі кандытарскія вырабы і дабавілі больш крупаў, садавіны, гародніны, а таксама цукру.

Можна плаціць валютай

Юрыдычным асобам і ІП, якія ажыццяўляюць міжнародныя аўтаперавозкі грузаў і ёсць рэзідэнтамі Беларусі, дазволілі да 31 снежня здымаць са сваіх рахункаў, адкрытых у беларускіх банках, і выкарыстоўваць на тэрыторыі краіны наяўныя долары і еўры для разлікаў з нерэзідэнтамі паводле валютных дамоваў імпарту паслугаў у міжнароднай аўтаперавозцы грузаў. Гэта не датычыць разлікаў з нерэзідэнтамі, зарэгістраванымі ў Беларусі і Расеі, а таксама з нерэзідэнтамі, што ажыццяўляюць міжнародную аўтаперавозку грузаў праз іх тэрыторыю.

Вырасце дапамога на пахаванне

Дапамога на пахаванне роўная сярэдняй зарплаце работнікаў па краіне за пазамінулы месяц адносна месяца наступлення смерці. Паколькі ў кастрычніку 2023 года гэты паказнік адносна верасня вырас, то ў снежні памер дапамогі на пахаванне складзе 1971,2 рубля.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

БЧ запускае новы графік

Беларуская чыгунка з 10 снежня ўводзіць графік руху цягнікоў на 2023/2024 гады. Усяго прадугледжанае курсаванне 383 параў пасажырскіх цягнікоў. З замежных дзяржаваў цягнікі будуць хадзіць толькі ў зносінах з Расеяй: з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Калінінградам, Адлерам, Анапай, Мінеральнымі Водамі, Самарай, Мурманскам і Архангельскам (праз Маскву, Яраслаўль і Волагду).

Гэтак, са снежня на маршруце Віцебск – Менск – Віцебск будзе назначаны новы цягнік міжрэгіянальных лініяў з перыядычнасцю курсавання ў пятніцы і нядзелі, а таксама ў перадсвяточныя і святочныя дні. А маршрут цягніка міжрэгіянальных лініяў № 635 Менск – Пінск будзе прадоўжаны да станцыі Берасце-Цэнтральнае.

Першы навагодні цягнік адправіцца з Менску ў маёнтак беларускага Дзеда Мароза 8 снежня. Цягнік з купэйных вагонаў будзе адпраўляцца са сталіцы ўвечары 8, 15, 22 і 24 снежня, а таксама 4, 6 і 12 студзеня, у Менск з Берасця адпраўленне ўвечары 9, 16, 23 і 25 снежня, 5, 7 і 13 студзеня.

А «Белавія» будзе часцей лятаць у Маскву з Гомля. Расклад папоўніцца яшчэ двума рэйсамі з 14 і 18 снежня і складзе ў выніку пяць рэйсаў на тыдзень.

Рамонт БелАЭС і адкрыццё даўгабуду

У другой палове снежня плануецца вярнуць у працу першы энергаблок БелАЭС, які цяпер зноў на планава-папераджальным рамонце. Рамонт пачаўся ў кастрычніку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У Менску 31 снежня ў даўгабудзе на праспекце Незалежнасці, 134 адкрыецца новы гандлёвы цэнтр. Там будзе больш за 130 беларускіх вытворцаў і, як кажуць, запоўненасць ужо каля 99 %. Таксама ў будынку размесціцца арэнднае жытло.

А ў Каменнай Горцы 31 снежня спыніць працу гіпермаркет «ProStore». На яго месцы пасля мадэрнізацыі адкрыецца «Карона».

Выбары

Да 11 снежня павінны быць утвораныя акруговыя і тэрытарыяльныя камісіі на мясцовых і парламенцкіх выбарах. Дакументы аб вылучэнні ў склад камісіяў неабходна падаць у органы, якія ўтвараюць іх, не пазней за 5 снежня 2023 года. Склад сябраў камісіяў засакрэчаны.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў