Анджэліцы Борыс патрэбная медычная дапамога ў турме. У яе пагаршаецца здароўе


У старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анджэлікі Борыс у жодзінскім СІЗА пагаршаецца стан здароўя.

Анджэліка Борыс.
Фота: Andżelika Borys / Facebook

Саюз палякаў у Беларусі паведамляе, што Анджэліка Борыс выглядае вельмі нездарова і мае патрэбу ў тэрміновым аглядзе лекара з выкарыстаннем ультрагукавога абсталявання. Таксама ёй трэба правесці шэраг іншых абследаванняў.

Вядома, што Борыс пакутуе на цяжкую хваробу страўнікава-кішачнага тракту і пячонкі.

«З апісанняў аблічнасці Анджэлікі Борыс відаць, што яна выглядае вельмі змучанай, у яе зямліста-жоўты колер скуры, што можа казаць пра хваробу пячонкі. Таксама ў яе інтэнсіўна выпадаюць валасы», – паведамляюць у Саюзе палякаў у Беларусі.

Інэса Тодрык-Пісальнік, блізкая знаёмая Анджэлікі, якую таксама затрымлівалі ў красавіку, успамінае, што яшчэ да арышту ў Борыс былі частыя галаўныя болі і болі ў жываце, а ў стрэсавых сітуацыях у яе выпадалі валасы.

Без медычных абследаванняў нельга сказаць, ці абвастрыліся наяўныя хваробы, ці гэта сімптомы новай хваробы.

З прычыны санітарных умоваў у камерах аслаблены арганізм Анджэлікі Борыс мог падхапіць новую хваробу.

Найбліжэйшыя паплечнікі Анджэлікі Борыс, якіх непакоіць пагаршэнне здароўя калегі, просяць палітыкаў і бізнесоўцаў, якія маюць сувязі з уладамі Беларусі, выкарыстаць свае кантакты, каб надаць Анджэліцы Борыс прафесійную медычную дапамогу.

Артыкулы
Беларускія ўлады адмаўляюць польскім дыпламатам у сустрэчы з Анджэлікай Борыс і Анджэем Пачобутам
2021.09.28 13:52

Старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліку Борыс і сябра арганізацыі Анджэя Пачобута затрымалі ў межах «справы палякаў» на Дзень волі – 25 сакавіка. Іх абвінавацілі ў распальванні варожасці (арт. 130 КК РБ) за публікацыі і папулярызацыю ведаў пра польскае антыкамуністычнае падполле на Гарадзеншчыне.

На мінулым тыдні, 25 лістапада, ім працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы, да 25 лютага 2022 года. Абодвум пагражае да 12 гадоў турмы. Беларускія праваабаронцы прызналі Борыс і Пачобута палітвязнямі.

Артыкулы
Яна кіруецца прынцыпам «калі не я, то хто». Хто такая Анджэліка Борыс – старшыня Саюзу палякаў у Беларусі
2021.04.09 09:15

АД, belsat.eu

Стужка навінаў