На фестывалі «Pradmova» назвалі лаўрэатаў прэміі Адамовіча і прэміі Багушэвіча


Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» ў 2023 годзе ездзіў па свеце: спачатку яго зладзілі ў Батумі, потым у Варшаве, затым у Вільні, а 28–29 кастрычніка правялі ў Беластоку, дзе ўручылі дзве літаратурныя прэміі.

Кнігі беларускіх аўтараў на фестывалі «Pradmova»
Кнігі беларускіх аўтараў на фестывалі «Pradmova». Беласток, Польшча. 28 кастрычніка 2023 года.
Фота: Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» / Facebook

Другі дзень фэсту ў Беластоку транслявалі на Youtube.

Прэмію імя Алеся Адамовіча далі Ганне Кандрацюк за кнігу «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы», таксама прэміяй уганаравалі Максіма Знака за кнігу турэмных расказаў «Зэкамерон». Прэмію Адамовіча Беларускі ПЭН дае штогод з 1995-га за найлепшую публіцыстычную кнігу.

Каментар
Суарганізатар фестывалю «Pradmova»: Можна ганарыцца, што тваіх аўтараў чытаюць ува ўсім свеце
2023.09.30 01:33

Кандрацюк атрымала прэмію «за актуалізацыю традыцый еўрапейскага рэпартажу» асабіста. Знака ж уганаравалі «за чалавечую годнасць, свабоду думкі і творчасці ў нечалавечых умовах» завочна – ён палітычны зняволены ў Беларусі, прэмію перадалі сястры Знака.

Прэмію імя Францішка Багушэвіча далі Таццяне Астроўскай за кнігу «Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у Савецкай Беларусі (1968–1988)». Прэмію Багушэвіча ПЭН уручае штогод з 1995-га за гістарычную прозу, якая «спрыяе абуджэнню гістарычнай свядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў».

Гісторыі
Як у паваеннай савецкай Беларусі чынілі культурны супраціў
2022.10.26 08:31

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў