Беларусаў працягвалі пераследваць нават ў гадавіну «ночы растраляных паэтаў». Хроніка рэпрэсій


85 гадоў таму ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску савецкія карнікі расстралялі больш за 100 беларускіх дзеячаў навукі, культуры, мастацтва і літаратуры. Нават у такі жалобны дзень палітычны рэжым у Беларусі працягваў усяляк пераследаваць і рэпрэсаваць жыхароў краіны.

Афіша гурта «Tor Band», удзельнікаў якога затрымалі разам з жонкамі

Сёння стала вядома, што 28 кастрычніка ў Рагачове затрымалі ўдзельнікаў гурта «Tor band» разам з жонкамі музыкаў. Затрымана 6 чалавек, ім «выпісалі» па 15 сутак арышту за падпіску на «экстрэмісцкія каналы».

У затрыманай праваабаронцы Насты Лойкі 29 кастрычніка дома адбыўся ператрус. Нагадаем, Насту затрымалі 28 кастрычніка. Паводле інфармацыі праўладных тэлеграм-каналаў, яе абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Актывістку Валерыю Чарнаморцаву перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія: НЕ ВАЙНЕ!». Валерыю затрымалі 18 кастрычніка пасля ператрусу. Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманне звязанае з падзеямі 2020 году – меркавана, Валерыя праходзіць па «народным» арт. 342 КК. 6 лістапада актывістка будзе за кратамі святкаваць свой Дзень народзінаў.

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні вынесены прысуд чарговаму ўдзельніку Марша пратэсту, які адбыўся 6 верасня 2020 года. Як паведамляе «Вясна». Гарадзенца Юрыя Курчэўскага абвінавацілі ў арганізацыі ў падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўным удзеле ў такіх дзеяннях (ч.1 арт. 342 КК).

У Беларусі знішчана ці апаганена 13 месцаў памяці палякаў. Пра гэта паведаміла намесніца дырэктара Усходняга дэпартаменту МЗС Польшчы Ганна Кастшэва-Мішталь.

Аляксандр Лукашэнка 27 кастрычніка падпісаў закон «Аб дэнансацыі Рэспублікай Беларусь Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах». 29 кастрычніка дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Паводле гэтага закону, беларусам цяпер забаронена падаваць скаргі ў ААН на парушэнне правоў чалавека.

Ад свайго хаўрусніка не адстае і расейскі рэжым. Міністэрства ўнутраных справаў Расеі абвясціла ў вышук палітыка і блогера Максіма Каца. Максім Кац паведаміў, што ўжо некалькі месяцаў ведае пра сваю крымінальную справу – артыкул 207.3 КК.

З Расеі ў Беларусь вывезлі Аляксея Коршуна, які быў асуджаны за каментар па каронавірусе і затым уцёк у Расею з месца пазбаўлення волі. Яму пагражае дадатковы тэрмін. Памылкова лічылася, што ён хаваецца ў Польшчы.

Анонс
Чытанне вершаў, выставы, шэсці, малітвы: як у розных месцах свету пройдзе «Ноч расстраляных паэтаў»
2022.10.29 11:20

Антон Тачняк belsat.eu

 

Стужка навінаў