Што значыць «Мэта» Цукербэрга і што будзе з Facebook


Сацсетку не пераймяноўваюць – мяняюць назву кампаніі, каб прасунуць ідэю новай віртуальнай прасторы.

Выява: pxfuel.com

Генеральны дырэктар «Facebook Inc.» Марк Цукербэрг 28 кастрычніка абвясціў аб змене назвы кампаніі: цяпер яна будзе звацца «Meta». Новая назва падкрэслівае амбіцыі пабудаваць з буйнейшай у свеце сацыяльнай сеткі «метасусвет».

А назвы ўжо існых прадуктаў (сацсеткі Facebook і Instagram, мэсэнджар WhatsApp…) застаюцца ранейшымі. Што мяняецца?

Ідэя «метасусвету»

Пад «метасусветам» Цукербэрг мае на ўвазе «больш імерсіўную» платформу, чым цяперашнія інтэрнэт-сэрвісы. Ён тлумачыць гэта так: інтэрнэт, у якім адчуваеш прысутнасць, а не проста глядзіш на яго. У ім можна будзе і збірацца з сябрамі і роднымі, і працаваць, і вучыцца, і гуляць, і гандляваць.

У будучыні, уяўляе ён, модна будзе ў момант «тэлепартавацца» ў офіс у выглядзе галаграмы, а не ехаць на працу, або хадзіць з сябрамі на віртуальныя канцэрты ці ў віртуальныя госці да бацькоў.

Гэтага можна дасягнуць з акулярамі дапоўненай рэальнасці (як «Google Glass») ці віртуальнай рэальнасці (як «Oculus» ад Facebook), а можна і скарыстаць тэлефоны і камп’ютары.

Ідэя не такая рэвалюцыйная, якой здаецца: нешта падобнае даўно можна зрабіць.

Памерлы рэпер 2pac «дае канцэрт» у выглядзе галаграмы, з ім – жывыя Snoop Dogg і Dr. Dre:

Напрыклад, працоўныя камунікацыі ўжо можна весці праз мэсэнджары, і калі праца звязаная з інфармацыяй, то працаваць дыстанцыйна. Онлайн-канэрты сталі асабліва папулярнымі з пачаткам пандэміі (у тым ліку сярод беларускіх музыкаў).

Для супольных забаваў ёсць онлайн-гульні. Напрыклад, «Second Life» яшчэ ў 2003 годзе прапанавала трохвымяровую віртуальную прастору з элементамі сацыяльнай сеткі, дзе не трэба ні з кім спаборнічаць, а можна проста знаёміцца і стасавацца.

Хіба што «Second Life» быў без галаграмаў і да нядаўняга часу – акуляраў віртуальнай рэальнасці. Але Facebook ужо выпусціў у бэта-версіі VR-гульню «Horizon» з той жа ідэяй, але адмыслова для акуляраў віртуальнай рэальнасці і з «мульцяшнай» графікай.

Акрамя таго, нішто не замінае мірна стасавацца ў тым да «Minecraft» або, калі не замінае страляніна вакол, у «Call of Duty». Больш за тое: у стралялцы «Fortnite» ужо ладзілі канцэрты.

Ідэя Цукербэрга ў тым, каб дапоўніць такія віртуальныя дзеянні, аб’яднаць у адной праграме і не падоўжыць час, а палепшыць прысутнасці ля экрану.

Пры тым да Цукербэрга такую ідэю ўжо выказвалі з тым адрозненнем, што «метасусветам» не мусіла б кіраваць адна кампанія. Цукербэрг з апошнім пагаджаўся, але з кім ягоная «Meta» будзе будаваць «метасусвет», пакуль невядома.

Што значыць слова «meta»

У ангельскай мове – зусім не тое, што «мэта» ў беларускай. Яно пайшло з грэчаскай мовы, дзе прыстаўка «μετά-» значыць абагуленасць, абстрагаванасць ці прамежкавасць. Напрыклад, звесткі пра чалавека – імя, узрост, вага і рост. Калі гэтыя звесткі запісаныя ў тэкставы файл на працоўным стале камп’ютара, то метазвесткі пра іх – адрас файла і яго памер.

Цяпер у ангельскай мове карыстаюцца гэтай прыстаўкай як асобным словам: назоўнікам ці прыметнікам са значэннем дэманстрацыі відавочнага ўсведамлення чагосьці як часткі катэгорыі (свядома рабіць стаўкі на тое, якая каманда пераможа ў тэлесерыяле пра футбол) або інфармацыі пра сваю ж катэгорыю (пісаць у газеце пра працу сродкаў масавай інфармацыі).

Артыкулы
Медыйныя эксперты: Спробы ўладаў знішчыць свабоду слова – марныя
2021.06.17 14:23

Геймеры маюць сваё значэнне слова: як скароту ад «Most Effective Tactic Available» (найбольш эфектыўная даступная тактыка). То значыць, калі гулец у гоначны сімулятар кажа, што нейкая мадэль машыны гэта «meta», то мае на ўвазе, што яна найлепшая.

Цікавы час для рэбрэндынгу

Некаторыя крытыкі выказваюць здагадку, што перайменаванне вырашылі анансаваць менавіта зараз, каб перабіць негатыўныя навіны пра Facebook і Instagram, а таксама «адасобіць» рэпутацыю ўсёй кампаніі ад праблемаў з асобнымі прадуктамі.

А праблемаў хапае. У пачатку кастрычніка былая работніца Facebook абвінаваціла сацсетку ў выкарыстанні мовы варожасці дзеля прыбытку. За два дні да таго карпарацыю абвінавацілі ў тым, што яна ведала аб кепскім уплыве Instagram на псіхічны стан дзяўчатак-падлеткаў, а нічога з тым не рабіла. У дзень анонсу рэбрэндынгу ўцяклі ўнутраныя дакументы карпарацыі, з якіх вынікае, што Facebook не падзяліўся з Белым домам ключавой інфармацыяй аб распаўсюдзе фэйкаў пра каронавірус у сацсетках. На фоне гэтага большасць ужо і забыла, што Facebook і Instagram «падалі» на шэсць гадзінаў.

Hавiны
Мае звесткі скралі? Вінаватыя ёсць? Як і чаму Facebook і Instagram «падалі»
2021.10.05 17:05

Скандалы вакол Facebook за амаль ужо месяц не сціхаюць: кампанію вінвацяць у тым, што карпарацыя больш клапоціцца пра рост, а не бяспеку карыстальнікаў, іх маральны стан ці свабоду слова.

Урэшце, абстрактных анонсаў нейкай праграмы як «новага спосабу стасункаў» было ўжо нямала, перайменаванні буйных карпарацыяў ужо бывалі («Google» пераназвалася ў «Alphabet» у 2015 годзе, а «Lucky-Goldstar» стала «LG» у 1995-м), а з такой хваляй крытыкі адначасова з розных бакоў, як цяпер, Facebook яшчэ не сутыкаўся. Рэбрэндынг прынамсі дасць перадышку ў кепскім піяры.

АА belsat.eu

Стужка навінаў