Пуцін прапанаваў байцам ПВК Вагнэра новага кіраўніка


Уладзімір Пуцін 28 верасня сустрэўся з былым начальнікам штабу ПВК Вагнэра, палкоўнікам у адстаўцы Андрэем Трошавым з пазыўным Сівы і загадаў яму заняцца фармаваннем добраахвотніцкіх падраздзяленняў для ўдзелу ў вайне супраць Украіны, паведамляе прэс-служба Крамлю. На сустрэчы таксама прысутнічаў намеснік міністра абароны Расеі Юнус-Бек Яўкураў. 

Юнус-Бек Яўкураў і Андрэй Трошаў.
Фота: kremlin.ru

Байцам ПВК Вагнэра Пуцін прапанаваў працягнуць службу пад кіраўніцтвам Трошава.

«На апошняй сустрэчы мы размаўлялі пра тое, што вы зоймецеся фармаваннем добраахвотніцкіх падраздзяленняў, якія змогуць выконваць розныя баявыя задачы, найперш, канечне, у зоне спецыяльнай ваеннай аперацыі. Вы самі больш за год ваявалі ў такім падраздзяленні», – звярнуўся Пуцін да Трошава.

Пра тое, каб перайсці пад кіраўніцтва Трошава, Пуцін казаў вагнэраўцам яшчэ 29 чэрвеня, праз некалькі дзён пасля мяцяжу Прыгожына. Ад гэтай прапановы тады адмовіўся сам Прыгожын.

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Трошаў ужо працуе ў Міністэрстве абароны РФ.

Аб’ектыў
Найміты Вагнэра вяртаюцца з Беларусі ва Украіну
2023.09.27 22:31

Тэлеграм-канал «Рыбарь» у аўторак 26 верасня пісаў, што падраздзяленні вагнэраўцаў пад камандаваннем Трошава ўжо з’явіліся пад Бахмутам. Для аперацыяў ва Украіне Трошаў нібыта набірае байцоў, якія застаюцца ў Беларусі і краінах Афрыкі. Канал Grey Zone зазначае, што бяруць тых, якія адмовіліся ўдзельнічаць у мяцяжы Прыгожына.

Андрэй Трошаў – адзін з ключавых камандзіраў ПВК Вагнэра. Ён – палкоўнік у адстаўцы, былы супрацоўнік САХРу (некаторы час камандаваў падраздзяленнем у Санкт-Пецярбургу) і АМАПу МУС Расеі ў Паўночна-Заходняй федэральнай акрузе, ветэран афганскай і чачэнскай войнаў.

Пасля выхаду на пенсію перайшоў у ПВК Вагнэра, дзе займаў пасаду выканаўчага дырэктара. У Сірыі быў начальнікам штабу ПВК. Трошаў мае зорку «Героя Расеі», якую Пуцін уручыў яму закрытым загадам у 2016 годзе.

Самалёт з кіраўніцтвам ПВК Вагнэра разбіўся ў Цвярской вобласці Расеі 23 жніўня, праз два месяцы пасля спробы вайсковага мяцяжу. 27 жніўня Следчы камітэт РФ пацвердзіў асобы загінулых. Паводле неафіцыйных версіяў, або бізнес-джэт Прыгожына быў збіты СПА, або на борце выбухнула бомба. У выніку загінулі сем пасажыраў, сярод іх і стваральнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын, і трое чальцоў экіпажу.

Каментар
Пятрас Аўштравічус: ПВК Вагнэра – доўгатэрміновая пагроза для Еўропы
2023.09.28 13:14

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў