Расейскія медыі паведамілі пра эміграцыю Алы Пугачовай


Спявачка Ала Пугачова разам з дзецьмі з’ехала з Расеі ў Ізраіль, перадае «Пятый канал». Выданне сцвярджае, што квітка на зваротную дарогу ў яе няма.

Тэлеканал апублікаваў відэа, на якім бачная машына, што рухаецца да маскоўскага аэрапорту «Унукава». Са звестак медыяў, аўтамабіль належыць Пугачовай, і праз нейкі час ён з’ехаў з тэрыторыі аэрапорту без пасажыраў.

Афіцыйнага пацверджання інфармацыі пра эміграцыю народнай артысткі СССР пакуль няма. Яе канцэртная дырэктарка Алена Чупракова сказала выданню «Подъём», што нічога пра гэта не ведае, у яе няма ніякіх звестак.

Пугачова ўжо з’язджала з Расеі ў Ізраіль, але тады яна запэўнівала, што гэта часова. І сапраўды: напрыканцы жніўня стала вядома, што артыстка вярнулася.

Апошнім часам Пугачову цкавалі расейскія прапагандысты за просьбу прызнаць яе замежнай агенткай разам з мужам – комікам Максімам Галкіным. У сваім Instagram спявачка напісала, што ейны сужэнец – «сумленны чалавек, сапраўдны патрыёт Расеі, які жадае радзіме мірнага жыцця, свабоды слова і спынення гібелі нашых хлопцаў за ілюзорныя мэты, што робяць нашую краіну ізгоем».

Мінюст Расеі залічыў Галкіна ў спіс замежных агентаў два тыдні таму з фармулёўкай «вядзе палітычную дзейнасць і атрымлівае дапамогу з Украіны». Артыст крытыкаваў развязаную Расеяй вайну і пералічваў грошы для ўкраінскіх уцекачоў. Галкін цяпер за мяжой.

Hавiны
Ала Пугачова папрасіла Міністэрства юстыцыі залічыць яе ў «замежныя агенты»
2022.09.18 18:53

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў