«Не памятаю, калі бачыла столькі расейцаў на вуліцах». Што цяпер адбываецца ў Казахстане?


Казахстан стаў самым масавым кірункам уцёкаў расейцаў ад частковай мабілізацыі, абвешчанай 21 верасня. Паколькі краіна мае каля трыццаці прапускных пунктаў на мяжы з Расеяй, такіх затораў, як на расейска-грузінскай мяжы, тут няма. Аднак у Казахстан за тыдзень заехала нашмат большая колькасць людзей, у выніку чаго рынак жытла блізкі да калапсу. Пра тое, што цяпер адбываецца ў Казахстане, «Белсат» паразмаўляў з мясцовай незалежнай журналісткай, аўтаркай уласнага тэлеграм-каналу «QOS Live» Айнур Коскінай.

Грамадзяне Расеі наведваюць цэнтр дзяржаўных паслугаў для атрымання індывідуальнага ідэнтыфікацыйнага нумару для замежнікаў у горадзе Алматы, Казахстан. 28 верасня 2022 года.
Фота: Pavel Mikheyev / Reuters / Forum

Людзі начавалі ў гандлёвых цэнтрах, кінатэатрах

Як паведаміла Міграцыйная служба МУС Казахстану, станам на 27 верасня ў краіну ад пачатку мабілізацыі ў Расеі заехалі 98 тысяч расейскіх грамадзянаў. Спрыяюць гэтаму і вялікая колькасць прапускных пунктаў на мяжы, і той факт, што Казахстан – адзіная краіна, якая мяжуе з Расейскай Федэрацыяй, куды расейцы могуць трапіць без замежных пашпартоў. Толькі з унутраным пашпартам можна заехаць яшчэ ў Арменію і Кыргызстан, але яны не маюць сухапутных межаў з Расеяй. Для тых, хто ўцякае ад мабілізацыі, гэта важны чыннік, бо, як піша ТАСС, толькі 29 % жыхароў Расеі ўвогуле маюць замежны пашпарт.

«Я не памятаю, калі бачыла столькі расейцаў на вуліцах, у Астане, – кажа журналістка Айнур Коскіна. – Хоць я прызвычаеная да іхнай вялікай колькасці, мой родны горад – Паўладар, там традыцыйна было шмат расейцаў заўсёды. Але цяпер у мяне адчуванне, нібы я вярнулася ў савецкае мінулае. Я цяпер жыву на левым беразе ў Астане. Што расейцы прыязджаюць, стала відаць яшчэ ў сакавіку, але такога наплыву не было. На мяжы цяпер жах што робіцца, заторы ёсць, але з боку Расеі».

Айнур Коскіна, журналістка з Казахстану, аўтарка тэлеграм-каналу «QOS Live».
Фота: Айнур Коскина / Facebook

Паводле Айнур, прыязджаюць пераважна мужчыны прызыўнога веку. У першы дзень мабілізацыі асноўная колькасць расейцаў паехала праз заходнія вобласці Казахстану, праз горад Уральск, што мяжуе з Самараю на расейскім баку.

«Праз Самару паехала ўся сярэдняя паласа Расеі, у тым ліку Масква, – кажа журналістка. – Уральск – маленькі горад, там мала гатэляў. У выніку людзі там проста сядзелі ў гандлёвых цэнтрах, там і начавалі, бо ўласнікі дазволілі. Але Уральск – гэта транзітны горад. Расейцы там пераважна не застаюцца, а едуць далей».

«Голас Амерыкі» распавядаў, што ва Уральску кіраўніцтва мясцовага кінатэатру «Cinema Park» дазволіла расейцам пераначаваць наўпрост у адной з кіназалаў.

«Мы бачым у горадзе такую карціну: вельмі шмат тых, хто прыехалі з Расейскай Федэрацыі і шукаюць начлег. Як я разумею, кошты вар’яцкія на кватэры. Таму мы кінатэатр хочам даць як пляцоўку для начлегу. Просім усіх прыходзіць, не саромецца», – прапанавала дырэктарка кінатэатру Дылара Мухамбетава.

Казахстан хоча зрабіць больш жорсткімі правілы атрымання ВНЖ

Паўночныя рэгіёны Казахстану адчулі прыцёк расейцаў дні праз два пасля абвяшчэння мабілізацыі.

«На поўначы месціцца горад Петрапаўлаўск. Ён невялікі, і там таксама кепска з гатэлямі, – распавядае Айнур. – Расейцы там проста на вакзале начавалі. Кватэраў свабодных няма. Прапрацоўваецца пытанне, каб размяшчаць тых, хто прыязджае, у прафілакторыі. З Омскай вобласцю на поўначы, з Барнаулам мяжуе Паўладар. Там 4 аўтамабільныя пераходы, і яны ўсе забітыя. У Паўладар заехалі 8 тысяч расейцаў, аднак, паводле мясцовых уладаў, з іх часова зарэгістраваліся толькі 437».

Грамадзяне Расеі ля цэнтру дзяржаўных паслугаў. Алматы, Казахстан. 28 верасня 2022 года.
Фота: Pavel Mikheyev / Reuters / Forum

Без рэгістрацыі ў Казахстане грамадзянам ЕАЭС можна заставацца 90 дзён. Потым трэба або выехаць і заехаць назад, або рэгістравацца. Зрабіць гэта можна ў так званых ЦАН – цэнтрах абслугоўвання насельніцтва. Айнур кажа, іх у Казахстане ўжо паступова сталі закрываць, большасць людзей усе пытанні з дакументамі ўладкоўвае онлайн, бо ў краіне высокі ўзровень лічбавізацыі. Аднак цяпер, у сувязі з наплывам расейцаў, раней закрытыя пункты ЦАН ізноў адкрываюцца.

«Але і онлайн усе базы віснуць цяпер, бо вельмі шмат запытаў на рэгістрацыю», – кажа журналістка.

Пытанне пра колькасць расейцаў, якія легалізуюцца ў Казахстане, Айнур задала падчас прэс-канферэнцыі міністру МУС Марату Ахметжанаву. Адказаў ёй старшыня міграцыйнай паліцыі.

«Паводле яго, з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, а менавіта з 1 красавіка 2022 года, ідэнтыфікацыйны нумар падаткаплатніка ў Казахстане атрымалі 93 тысячы расейцаў. У той час як ВНЖ – толькі 4271, з іх 116 – гэта этнічныя казахі, – распавядае нашая суразмоўца. – На атрыманне грамадзянства падаўся 441 расеец, з іх 117 – этнічныя казахі, якія раней жылі ў Расеі».

Цяпер мясцовы МУС выносіць на абмеркаванне праект змяненняў у пералік дакументаў, што трэба падаць для атрымання ВНЖ у Казахстане. Змяненні будуць у больш жорсткі бок, зазначае Айнур.

«Выганяюць сваіх землякоў, каб даражэй пераздаць кватэру замежнікам»

Сур’ёзная сітуацыя праз наплыў расейцаў склалася на рынку жытла ў Казахстане. Нашая суразмоўца зазначае, што цэны на арэнду раптоўна выраслі ў некалькі разоў.

«У Алматы, напрыклад, аднапакаёвая кватэра каштавала $ 500, а цяпер – $ 1800! І ёсць выпадкі, калі нашыя «прадпрымальныя» казахі выганяюць сваіх землякоў, каб даражэй пераздаць кватэру замежнікам. Вольных кватэраў цяпер няма. У тым ліку ў вялікіх гарадах – Алматы, Астане, куды едуць у асноўным забяспечаныя людзі. Мясцовыя вельмі абураныя. Урад таксама баіцца, што цяпер павялічыцца ціск на сацыяльную інфраструктуру», – кажа Айнур.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грамадзяне Расеі стаяць у чарзе ля цэнтру дзяржаўных паслугаў. Уральск, Казахстан. 27 верасня 2022 года.
Фота: Raul Upokov / Reuters / Forum

Што датычыць стаўлення да расейцаў, яно рознае, зазначае журналістка.

«У рэгіёнах, дзе і раней традыцыйна было шмат расейцаў, стаўленне добрае, людзі стараюцца дапамагчы. А Астана, Алматы, паўднёвыя рэгіёны вельмі негатыўна настроеныя, – кажа Айнур. – Адчуваецца напружанасць, і калі ўрад не возьме на сябе смеласць, каб абараніць казахаў, у тым ліку не зробіць нешта ў сувязі з ростам цэнаў на жытло, дык, баюся, могуць узнікнуць складанасці. Урад пакуль што нас запэўнівае, што гэтая сітуацыя часовая, што расейцы тут транзітам і паедуць далей, але гэта сумнеўна».

Міграцыйная служба Казахстану паведамляе, што цягам апошняга тыдня з Казахстану выехалі больш за 64 тысячы расейцаў. Старшыня Камітэту міграцыйнай службы МУС Казахстану Аслан Аталыкаў заявіў, што шмат расейцаў выкарыстоўваюць Казахстан для транзіту ў іншыя краіны – Кыргызстан і Узбекістан.

«Паважай ці з’язджай»

Напружанасць у расейцаў надоечы выклікала навіна, што Казахстан нібыта будзе выдаваць Расеі тых, каго ваенкаматы будуць шукаць за ўхіленне ад мабілізацыі. Айнур кажа, што гэта няпраўда, экстрадыцыя будзе датычыць толькі сцісла акрэсленай катэгорыі грамадзянаў.

«Калі гэта проста ваенкамат будзе шукаць, то ніхто нікога не выдасць, – кажа журналістка. – Калі ж расеец быў асуджаны і ў дачыненні яго вядзецца крымінальная справа, а злачынства, здзейсненае ім, прызнаецца злачынствам і ў Казахстане і гэты чалавек у міжнародным вышуку, тады так – яго выдадуць. Так патлумачыў міністр МУС».

Расейцы ў Казахстан прыязджаюць розныя, кажа Аўнур. У сталіцу едуць людзі больш «прасунутыя», з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія выходзілі раней на акцыі пратэсту. У Паўночныя рэгіёны прыязджаюць асобы з іншымі поглядамі, пад большым уплывам прапаганды.

Акцыя студэнтаў «Паважай ці з’язджай» каля аэрапорту ў Алматы.
Фота: ulysmedia.kz

Нядаўна ролік у TikTok, у якім дзяўчына з Расеі пасмяялася з таго, як на казахскай мове гучыць слова «аэрапорт» (әуежай) стаў нагодай для акцыі пратэсту казахскіх студэнтаў каля аэрапорту ў Алматы, кажа Айнур. Акцыя атрымала назву «Паважай ці з’язджай». На плакатах былі надпісы: «Уважай или әуежай», «Чё, поняли, что вы – мясо?». Маладзёны, якія выйшлі на акцыю, казалі, што яны супраць таго, што расейцы масава едуць у Казахстан.

Акцыя студэнтаў «Паважай ці з’язджай» каля аэрапорту ў Алматы.
Фота: ulysmedia.kz

Такаеў даручыў паклапаціцца пра расейцаў, якія бягуць ад мабілізацыі

Казахстан, аднак, застаецца самым масавым кірункам для ўцёкаў з Расеі. У іншыя краіны з пачатку мабілізацыі, паводле статыстыкі, якую прыводзіць «Голас Амерыкі» са спасылкаю на мясцовыя МУС станам на 26 верасня, заехалі нашмат менш: у Грузію – 53 тысячы, у Фінляндыю – 43 тысячы, у Манголію – 3,8 тысяч, у краіны Еўразвязу – 66 тысяч расейцаў.

Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што расейцам, якія бягуць ад мабілізацыі, трэба даць падтрыманне і запэўніць бяспеку.

«Апошнімі днямі да нас прыязджае шмат людзей з Расеі. Большасць з іх вымушаныя з’язджаць праз складзеную безвыходную сітуацыю. Мы мусім праявіць клопат пра іх і даць ім бяспеку. Гэта палітычнае і гуманітарнае пытанне. Я даручыў ураду прыняць адпаведныя захады», – сказаў кіраўнік Казахстану і заклікаў казахаў праявіць «гуманнасць, цярплівасць і арганізаванасць».

У той жа час Такаеў запэўніў, што хоць расейцы і атрымаюць дапамогу, аднак прэферэнцыяў для іх не будзе. Таксама прэзідэнт Казахстану плануе абмеркаваць цяперашнюю сітуацыю з Пуціным.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў