На беларуска-ўкраінскай мяжы Расея і Украіна правялі абмен палоннымі


Расея і Украіна правялі чарговы абмен палоннымі, паведаміў кіраўнік офісу ўкраінскага прэзідэнта Андрэй Ярмак. Ва Украіну вярнулі шасцярых чалавек: двое афіцэраў, двое салдат і двое цывільных жанчын.

Фота: Андрій Єрмак/Facebook

«Такім чынам, яшчэ больш нашых – дома. Адбыўся чарговы абмен палоннымі. Мы вярнулі 6 нашых людзей – чатырох марпехаў і двух грамадзянскіх. Афіцэры – Булахаў Аляксей і Кастэнка Мікалай. Салдаты – Герасіменка Людміла і Іван Земляны. Грамадзянскія – Андруша Вікторыя і Майбарада Яна. У кожнага з іх свая гісторыя», – напісаў Ярмак.

Андрэй Ярмак таксама распавёў, што Андрушу Вікторыю 27 сакавіка расейскія салдаты забралі з дому, таму што ў тэлефоне дзяўчыны знайшлі дадзеныя аб варожай тэхніцы, якія яна перадавала ЗСУ. Пасля яе адвезлі ў РФ і ўтрымлівалі ў курскам СІЗА. Іншая дзяўчына, Майбарада Яна, таксама апынулася ў палоне з-за таго, што ў яе тэлефоне знайшлі фатаграфіі тэхнікі расейцаў на тэрыторыі Чарнобыльскай зоны.

Ваенныя ўдзельнічалі ў баях за Марыупаль.

Мяркуючы па кадрах, якія публікуе кіраўнік офісу ўкраінскага прэзідэнта, абмен адбываўся на мяжы Гомельскай і Чарнігаўскай абласцей, у пункце пропуску «Новыя Ярылавічы».

Раней упаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека Дзмітрый Лубінец вызнаў, што і папярэдні маштабны абмен украінскіх ды расейскіх палонных таксама адбываўся на мяжы Беларусі і Украіны.

Па інфармацыі Ярмака, толькі ў гэтым месяцы дадому з палону вярнуліся 235 украінцаў. Апошні і найбуйнейшы абмен вайскоўцамі адбыўся на мінулым тыдні, 21 верасня. Расеяй былі вызваленыя 205 грамадзян Украіны, з іх 108 байцоў «Азова», у тым ліку пяць камандзіраў, і 10 замежнікаў, паведамілі ў СБУ. У РФ афіцыйна не называюць колькасць атрыманых у абмен палонных. Па некаторых звестках – гэта 55 палонных і Віктар Мядзведчук.

Hавiны
Украіна абмяняла больш за 200 палонных на аднаго Віктара Медведчука
2022.09.22 09:56

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў