news
Аналітыка
Папа паверыў у расейскі міф. Што стаіць за словамі Францішка пра «Матухну Расею»
Чаму пантыфік штораз выклікае крытыку з боку ўкраінскага грамадства?
29.08.202319:16

Украіна ў чарговы раз выказвае сваю нязгоду з заявамі Папы Рымскага Францішка адносна Расеі. На гэты раз гнеўную рэакцыю выклікалі словы кіраўніка Каталіцкай царквы, звернутыя да расейскай моладзі. Карэспандэнты «Белсату» разам з экспертамі разбіраліся, чаму пантыфік штораз выклікае крытыку з боку ўкраінскага грамадства. І не толькі яго.

Папа Рымскі Францішак.
Фота: Vatican Media / Reuters / Forum

25 жніўня Папа Францішак падчас тэлемосту звярнуўся да расейскай каталіцкай моладзі, што сабралася ў адным з касцёлаў Санкт-Пецярбургу:

«Вы спадкаемцы вялікай Расеі: вялікай Расеі святых, кіраўнікоў, вялікай Расеі Пятра I, Кацярыны II, той імперыі – вялікай, асвечанай, [краіны] вялікай культуры і вялікай чалавечнасці. Ніколі не адмаўляйцеся ад гэтай спадчыны, вы спадчыннікі вялікай Матухны Расеі, ідзіце наперад з гэтым».

Аднак гэтыя заявы са станоўчай згадкай Расейскай імперыі і ейных кіраўнікоў, даволі спрэчных для жыхароў Усходняй Еўропы, выклікалі крытыку ў бок Папы.

«Вельмі сумна, што расейскія вялікадзяржаўныя ідэі, якія ўласна і з’яўляюцца прычынай хранічнай агрэсіўнасці Расеі, свядома ці неўсвядомлена, зыходзяць з вуснаў Папы Рымскага, місія якога, у нашым разуменні, складаецца менавіта ў тым, каб расплюшчыць вочы расейскай моладзі на дэструктыўны курс цяперашняга кіраўніцтва РФ», – падкрэсліў прэс-сакратар украінскага МЗС Алег Ніколенка.

Як заявіў кіраўнік Украінскай грэка-каталіцкай царквы Святаслаў (Шаўчук), хоць словы Францішка і не ўтрымліваюць падтрымкі імперскіх амбіцыяў Расеі, аднак іх могуць скарыстаць прапагандысты, каб паказаць, што Ватыкан нібы сімпатызуе расейскаму імперыялізму.

«Мы перакананыя, што такія непаразуменні выкліканыя адсутнасцю адпаведнага дыялогу паміж Папам і Украінай, як на царкоўным, так і на дыпламатычным узроўні. Спадзяёмся, што рэакцыя ўкраінскага грамадства на згаданыя словы дапаможа выправіць сітуацыю цяпер і пазбегнуць непаразуменняў у будучыні», – адзначыў старшыня Канферэнцыі рыма-каталіцкіх Біскупаў Украіны Віталь Скамароўскі.

У выніку Ватыкан быў змушаны апраўдвацца за словы свайго кіраўніка. Гэтак, у Апостальскай нунцыятуры ва Украіне заявілі, што папу не так зразумелі, і дадалі: ён «зʼяўляецца рашучым супернікам і крытыкам любой формы імперыялізму ці каланіялізму ва ўсіх народах і сітуацыях».

«Папа меў намер заахвоціць моладзь захоўваць і развіваць тое добрае, што ёсць у вялікай культурнай і духоўнай расейскай спадчыне, і, вядома, не ўсхваляць імперыялістычную логіку і ўладароў, згаданых для акрэслення пэўных гістарычных перыядаў», – сказаў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду Матэа Бруні.

Папа не падтрымлівае Расею, але…

Пра тое, што папа Францішак цалкам ясна падзяляе ахвяру і агрэсара ў вайне Расеі супраць Украіны заявіў «Белсату» і беларускі каталіцкі вернік Арцём Ткачук.

«З вуснаў Папы гучалі адназначныя выказванні адносна таго, хто з’яўляецца агрэсарам, хто з’яўляецца ахвярай. Папа неаднаразова выказваўся, што нельга на адзін узровень ставіць ахвяру і агрэсара. Ён дзясяткі разоў выказваўся ў падтрыманне змучанага вайной украінскага народу. Рабіў здымкі з украінскім сцягам, сустракаўся з людзьмі з Украіны – ад іерархаў да сем’яў загінулых жаўнераў», – нагадаў ён.

Аналітыка
«Ватыкан ідзе на кампраміс з сіламі зла?», або Што стаіць за палітыкай Папы Францішка ў дачыненні Беларусі
2022.11.08 07:28

Паводле Ткачука, удзельнічаючы ў гэтым тэлемосце, пантыфік хацеў выкарыстаць адзін з каналаў камунікацыі з расейскім грамадствам. Але ўжыў «вельмі балючыя словы» для жыхароў Усходняй Еўропы.

Пры гэтым Ткачук адзначыў, што Папа не першы раз папа выказваецца падобным чынам, таму ўзнікае пытанне, чаму гэтыя выказванні працягваюць з’яўляцца.

«Ці адпаведныя асобы не робяць працы над памылкамі? Не тлумачаць папу пэўных рэчаў? І гэта, канечне, засмучае і дэматывуе», – падкрэсліў беларускі вернік.

Адкуль у папы такія погляды?

Увагу на кантэкст выказвання папы звярнуў у размове з «Белсатам» і ўкраінскі палітолаг-міжнароднік Андрэй Рудык.

«Ён жа не будзе ім [расейскай моладзі. – Рэд. Belsat.eu] казаць, што ваша дзяржава не мае гісторыі. Папа з уласцівай дыпламатычнасцю проста сказаў, што сярод славянскіх дзяржаў, што Расейская імперыя лічылася культурнай апорай славянскага свету. Таму ён апеляваў, напэўна, да пачуццяў каталіцкай моладзі сучаснай Расейскай Федэрацыі», – мяркуе палітолаг.

На яго думку, гэты скандал негатыўна паўплывае на далейшыя стасункі Украіны і Ватыкану, бо, паводле Рудыка, папа паслядоўна, хоць і не наўмысна, прасоўвае расейскія наратывы.

Украінскі палітолаг Алег Саакян бачыць прычыну такіх поглядаў Папы Францішка ў тым, што яго станаўленне як асобы адбывалася ў Лацінскай Амерыцы «ў дастаткова складаныя гістарычныя гады з кучай маральных выклікаў і складаным супрацьстаяннем геапалітычнага і светапогляднага характару». Паводле яго, у словах пантыфіка яскрава бачна, што ў Лацінскай Амерыцы Расею ўспрымаюць «на тых міфах, што Расея сама хацела пра сябе прадаць».

Hавiны
Папа Рымскі ў Велікодным пасланні звярнуўся да расейцаў
2023.04.09 17:51

«Тут вельмі цікава праяўляецца ўяўленне пра ідэальны свет, якое асацыюецца з лявацкай школай, што апелюе да камуністычных утопіяў XX стагоддзя. І цалкам верагодна, што для папы Францішка сённяшняя Расея – гэта нейкая мутаваная, дэградаваная, няправільная Расея адносна нейкай ілюзорнай, штучна створанай савецкай прапагандай. Бо ў адрозненне ад сённяшняй Расеі, якая не нясе нічога і абапіраецца цалкам на мінулае, савецкая прапаганда якраз апелявала да нейкіх камуністычных утопіяў ідэальнага свету, дзе чалавек чалавеку брат і якія вельмі блізкія да ідэяў хрысціянства вызвалення – лявацкай хрысціянскай школы Лацінскай Амерыкі», – заявіў Саакян «Белсату».

На яго думку, сваімі словамі Папа наадварот хацеў паказаць, што сучасная Расея сапсавалася. Аднак, адзначае палітолаг, «Украіне найперш хацелася б чуць словы міласэрнасці, словы справядлівасці і строгасці да злачынцы». Але Францішак не дацягвае да «вельмі высокай планкі», якую задаў папа Ян Павел ІІ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Antoine Mekary / Godong / Universal Images Group / Forum

Паводле Саакяна, у Лацінскай Амерыцы «міф пра Расею будуецца на вялікім тэатры, гуманістычнай літаратуры і агулам на калектыўных талстаеўскіх», а «рэальная нефасадная Расея абсалютна іншая».

«Тыя, хто адчулі яе на сабе, тыя, хто былі на заднім двары расейска-імперскага праекту – Украіна, балтыйскія краіны, беларусы, Казахстан – яны цудоўна разумеюць, што такое Расея. Тыя, хто знаходзіліся далёка, вельмі часта зачараваныя міфам пра Расею. На жаль, цяперашні Папа Рымскі не пазбаўлены гэтага зачаравання», – мяркуе палітолаг.

Чаго Украіна чакае ад Папы

Агулам, падкрэсліў Рудык, папу Рымскага трэба ўспрымаць не толькі як свецкага лідара.

«Гэта рэлігійны дзеяч, лідар Каталіцкай царквы. Гэта значыць, ягоная задача – паказаць, што ён супраць гвалту, што яго задача – мір ва ўсім свеце», – сказаў Рудык.

Аднак, паводле яго, Кіеву гэта не падабаецца, бо «мір ва ўсім свеце мае на ўвазе ледзь не капітуляцыю Украіны».

«Вельмі часта апеляванне да ўсёабдымнага, дыялогу, усёразумення, падстаўляння другой шчакі – гэта фактычна, раззбраенне ахвяры. Гэта супрацьпастаўленне яе праве на самаабарону, на тое, каб абараніць сябе, на тое, каб спыніць агрэсара, злачынцу, гвалтаўніка. Хацелася б ад Святога Пасаду некалькі іншай рыторыкі», – сказаў Саакян.

Рыторыкі не супраць гвалту, а супраць агрэсіі, а «Расейская федэрацыя – гэта дзяржава агрэсар», падкрэсліў Рудык.

Праўда, заключыў Саакян, на фоне «абсалютна чалавеканенавісніцкай рыторыкі» патрыярха Маскоўскага Кірыла цмянеюць любыя словы, якія б ні сказаў Папа Рымскі.

Hавiны
Папа Рымскі назваў пастаўкі зброі ва Украіну маральна прымальнымі для самаабароны
2022.09.16 09:17

Макар Мыш belsat.eu