FIE скасавала дыскфаліфікацыю ўкраінскай шаблісткі і дазволіла не паціскаць руку расейцам


Міжнародны алімпійскі камітэт аўтаматычна кваліфікаваў украінскую шаблістку Вольгу Харлан, якая адмовілася паціснуць руку расейцы, на Алімпіяду ў Парыжы ў 2024 годзе. Пра гэта паведаміў міністр моладзі і спорту Украіны Вадзім Гутцайт.

Вольга Харлан.
Фота: Olga Kharlan / Facebook

Паводле апублікаванага ім паведамлення МАК, Вольга Харлан атрымае дадатковую квоту на Алімпійскія гульні, калі не зможа адабрацца праз страчаныя балы ў выніку дыскваліфікацыі на чэмпіянаце свету ў фехтаванні.

«Я ведала чым рызыкую, але не чакала, што гэта скалыхне ўсё ўкраінскае грамадства і ўсе далучацца да змагання разам са мною! Тое, што адбываецца зараз, сапраўды ўвойдзе ў гісторыю. Гэта нешта неверагоднае», – адзначыла шаблістка.

Як піша La Repubblica, Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE) таксама прыпыніла дыскваліфікацыю Харлан. У выніку яна зможа выступіць у камандным турніры на чэмпіянаце свету ў Мілане, які неабходны для кваліфікацыі на Алімпіядзе 2024 года ў Парыжы.

Акрамя таго, FIE адмяніла абавязковы поціск рукі пасля бою. Яго можна замяніць прывітаннем на адлегласці, што «дазволіць украінцам не набліжацца да расейцаў, нават калі яны выступаюць у нейтральным статусе».

27 ліпеня Харлан на чэмпіянаце свету ў фехтаванні перамагла спартсменку з Расеі Ганну Смірнову. Пасля паядынку ўкраінская фехтавальшчыца адмовілася паціснуць руку суперніцы, як таго патрабуюць правілы турніру.

У выніку Міжнародная федэрацыя фехтавання дыскваліфікавала Харлан. Але Украінская федэрацыя фехтавання заявіла аб намеры абскардзіць гэтае рашэнне. А міністр Гутцайт распавёў, што Украіна загадзя папярэдзіла Міжнародную федэрацыю фехтавання, што ўкраінскія спартоўцы не будуць паціскаць руку расейскім атлетам пад нейтральным сцягам.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў